Колькі ў Вілейцы плацяць тым, хто грае спецназаўцаў у фантастычным расійскім серыяле?
Цяпер у Вілейцы здымаюць расійскі фантастычны серыял «Радар». Беларускія прапагандысты радасна называюць горад «міні-аналагам Галівуда». А мясцовыя задаволены магчымасцю трапіць у кадр. Паглядзелі, колькі плацяць акцёрам масоўкі.
Гісторыя серыяла «Радар» адбываецца ў 1988 годзе. Па сюжэце, у наваколлях невялікага савецкага горада, размешчанага ў раёне магутнага радара сістэмы супрацьракетнай абароны, упаў загадкавы аб'ект. Шасцікласнікі Лёха, Толя і Сёма адпраўляюцца на пошукі метэарыта — яны мараць пра славу і вядомасць. Падчас блуканняў па лесе Лёха губляецца. Яго пошукі сіламі міліцыі запускаюць ланцуг падзей, якія прыводзяць да кантакту аднаго з мясцовых жыхароў з нечым вельмі дзіўным.
Рэжысёрам серыяла стаў Канстанцін Смірноў. Найбольш вядомая яго праца — серыял ТНТ «Универ. Новая общага». Сярод акцёраў ёсць і беларусы — напрыклад, Анатоль Кот. А масоўку набіраюць з жыхароў Вілейкі і бліжэйшых гарадоў. Здаецца, недахопу ў ахвотных зняцца ў расійскім серыяле няма — у телеграм-канале праекта, дзе шукаюць непрафесійных акцёраў у Вілейцы, ужо больш за 900 удзельнікаў.
Якія ж ролі прапаноўваюць? Нядаўна, напрыклад, шукалі спецназаўцаў, міліцыянераў, афіцэраў, вайскоўцаў: «Шукаем хлопцаў 19—50 гадоў, рост 176—185. Памер адзення да 52 (уключна)». Таксама паведамлялася, што змена будзе 12 гадзін і за яе заплацяць 45 рублёў. Ахвотных знайшлі за дзве гадзіны. Але перыядычна бываюць прапановы нават для школьнікаў.
Плануецца, што серыял пакажуць у 2025 годзе.
Каментары