Грамадства11

«Польскі вазок у параўнанні з беларускім — касмічны карабель». Беларус, які не можа хадзіць, — пра ўмовы для інвалідаў у Польшчы і на радзіме

Павел перасоўваецца на інвалідным вазку. Пасля няшчаснага выпадку мужчына шэсць месяцаў правёў у Беларусі, але зараз жыве ў Польшчы. У гутарцы з MOST ён параўнаў умовы для інвалідаў у дзвюх краінах, а таксама адносіны да іх з боку дзяржавы і грамадства.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: vecteezy.com

Няшчасны выпадак з Паўлам адбыўся тры гады таму за мяжой. Мужчына не хоча называць краіну, а таксама расказваць пра тое, што здарылася, толькі адзначае, што пяць месяцаў «правёў у гіпсах». Зараз у яго сур’ёзна пашкоджаны пазваночнік, разбітыя ногі. Час ад часу можа распачынацца спастыка, то-бок спазмы цягліц, і тады беларус становіцца абезрухомленым.

Павел расказвае, што ў яго быў дазвол на экстранную дапамогу ў Польшчы, таму аперацыю яму зрабілі ў гэтай краіне, што дазволіла аднавіць некаторыя функцыі цела. Але пасля ён вымушаны быў паехаць у Беларусь, бо там было каму яго даглядаць.

«У Беларусі прыйшлося выбіваць рэабілітацыю — без блату не абышлося»

На радзіме мужчына прабыў шэсць месяцаў і зрабіў выснову, што адносіны беларускай дзяржавы да інвалідаў — «гэта паказуха».

— Я паехаў у Беларусь, бо мне казалі, што дадуць рэабілітацыю, на якую я маю права як грамадзянін. Але мне яе прыйшлося выбіваць — без блату не абышлося, — прызнаецца Павел.

Пры гэтым мужчына адзначае, што адносіны людзей, у тым ліку дактароў, былі людскія. Ён падкрэслівае, што стаўленне польскай і беларускай дзяржавы да інвалідаў моцна адрозніваецца, а вось «людзі ў абедзвюх краінах адны і тыя ж».

Пасля шасці месяцаў у Беларусі Павел вярнуўся Польшчу:

— Мы зрабілі так, што цяпер тут ёсць каму мяне даглядаць, — тлумачыць ён.

«Звычайная медсястра пад сваю адказнасць можа рабіць абязбольванне»

Адна з праблем, з якой сутыкнуўся Павел у Беларусі, — доступ да моцных абязбольвальных лекаў.

— У мяне дагэтуль здараюцца вельмі моцныя болі. І таму мне патрэбныя такія сродкі, — тлумачыць ён. — У Беларусі гэтых лекаў няма, па-першае, з-за адсутнасці фінансавання. А па-другое, у нашай краіне вельмі складаная бюракратычная працэдура прымянення такіх лекаў: акты, лекар, медсястра, старшая медсястра.

Яго некалькі разоў забірала хуткая дапамога з-за вострых боляў, і ніводнага разу ў машыне не было моцных абязбольвальных. Тое ж самае было і ў траўматалогіі — па словах Паўла, моцныя лекі ні разу не прымяняліся ў яго выпадку.

— Гэта было крытычна для мяне, бо болі былі вельмі моцныя, я мог з глузду з’ехаць. А мне казалі, што ў бюджэце няма грошаў, — успамінае ён.

У Польшчы з моцнымі абязбольвальнымі зусім іншая сітуацыя. Павел расказвае, што змог дамовіцца нават з сямейным доктарам, каб той на першы час выпісваў яму невялікія дозы. Далей гэтым ужо займаўся спецыялізаваны лекар.

Мужчына таксама адзначае, што ў Польшчы ёсць адмысловая медыцынская ўстанова — Poradnia leczenia bolu, якая спецыялізуецца на дапамозе пацыентам, якія пакутуюць ад болю.

— Атрымаць дозу моцнага абязбольвальнага ў Польшчы не складае праблемы, у тым ліку ў стацыянары, — працягвае Павел. — Звычайная медсястра, якая на дзяжурстве, калі бачыць, што ноччу пацыенту вельмі дрэнна, можа пад сваю адказнасць рабіць абязбольванне. Так што Польшча і Беларусь у гэтым плане проста неба і зямля.

«Баліць не баліць, а трэба рухацца»

Знаходзячыся ў Беларусі, Павел амаль увесь час праводзіў дома, бо не мог рухацца. Да таго ж у будынку, дзе ён жыў, адсутнічаў ліфт, таму выходзіць на вуліцу самастойна магчымасці не было. У медыцынскія ўстановы мужчыну адвозілі сябры, а ўжо ўнутры персанал даваў сродак перасоўвання.

З гэтай прычыны ў вазку не было патрэбы. Але пры жаданні Павел мог атрымаць яго бясплатна:

— Наколькі я ведаю, інвалідам выдаецца каляска беларускай вытворчасці, дапатопная, але яна трохі лепшая за расійскую, бо там, я глядзеў, зусім жах.

У Беларусі каля 10 тыс. чалавек перасоўваюцца з дапамогай інвалідных вазкоў, для іх такая якасць вазкоў стварае праблемы.

У Польшчы сродкі перасоўвання для інвалідаў часткова ці цалкам фінансуюцца з Нацыянальнага фонду здароўя (NFZ). Беларус успамінае, што, калі звярнуўся па вазок да доктара, той прапанаваў яму варыянт за 500 долараў, з якіх са сваёй кішэні трэба было даплаціць толькі 500 злотых. Ён спачатку пагадзіўся, а потым знайшоў яшчэ больш прывабны варыянт.

— Грошаў у мяне было няшмат, — расказвае мужчына, — таму мне было вельмі прыемна, калі ў медыцынскай краме дзяўчаты прапанавалі варыянт, за які зусім не трэба было даплачваць. Гэта шыкоўная бельгійская каляска, малагабарытная, яна складваецца, вельмі зручная. У параўнанні з тым, што ў Беларусі, — касмічны карабель.

Павел кажа, што калі ёсць грошы, то з вялікай даплатай ад NFZ можна набыць і больш дарагія вазкі, у тым ліку электрычныя. Мужчына дадае, што выбраў механічную не столькі з-за грашовага пытання, а таму, што яму патрэбная фізічная нагрузка.

— У мяне часткова паралізаваныя цягліцы, — тлумачыць ён, — таму трэба іх распрацоўваць, каб не было трамбозу вен. Так што, баліць не баліць, а трэба хоць неяк рухацца, нешта рабіць, поўзаць. Бо калі будзеш проста ляжаць у ложку, то два-тры гады — і ўсё, на гэтым ты і скончыўся.

«Кожны дзень прапануюць дапамогу, нават па некалькі разоў»

Павел не можа дакладна параўнаць безбар’ернае асяроддзе ў Беларусі і Польшчы, бо на радзіме асабліва не перасоўваўся па вуліцах. Але польскі горад, у якім ён зараз жыве, ацэньвае ў гэтым плане станоўча. У асноўным мужчына перасоўваецца на вазку па сцежках для ровараў — яны зручныя, з маленькімі бардзюрамі.

— Таксама няма праблем заехаць, напрыклад, у Biedronka (сетка крам. — Заўв. MOST), — працягвае ён, — бо там шырокія дзверы. Адзінае, што ў гэтых крамах застаўляюць праходы таварам, таму калі я там буду ехаць, то займу ўвесь праход.

Павел хваліць таксама гарадскія аўтобусы. Большасць з іх прыстасаваныя для інвалідаў, яны з нізкай пасадкай. Кіроўца на прыпынку можа апусціць аўтобус яшчэ ніжэй. Ёсць аўтобусы, дзе кіроўца выходзіць і адкідвае спецыяльныя пласціны, каб па іх можна было заехаць у салон.

— Але ў мяне з аўтобусамі праблема, — дзеліцца Павел, — ад траскі і вібрацыі становіцца вельмі балюча. Мне ў такіх сітуацыях трэба ляжаць, але ў аўтобусе асабліва не паляжыш. Таму часцей я выклікаю таксі ці мяне знаёмыя возяць.

Беларус называе сябе сціплым чалавекам, таму не любіць звяртацца да чужых людзей на вуліцы па дапамогу. Але гэтага і не патрабуецца: мясцовыя жыхары і прыезджыя беларусы вельмі часта самі яе прапануюць.

— Кожны дзень такое здараецца, нават і па некалькі разоў, — усміхаецца Павел.

«Доктар выслухала мяне — потым проста адкрывае сваю сумку і дае мне грошы»

Беларус атрымлівае грашовую дапамогу ад дзяржавы — самую вялікую, якая можа быць у такіх выпадках. Яна складае каля 2 тыс. злотых на месяц. Гэтыя грошы амаль цалкам ідуць на аплату арэнды і ежу. Павел кажа, што рашэння наконт грашовай дапамогі прыйшлося чакаць вельмі доўга — і гэта адна з праблем Польшчы.

— Тут паміж няшчасным выпадкам і момантам, калі пачнуць выплачваць дапамогу, можа прайсці шмат часу — і шэсць месяцаў, і 12, — тлумачыць ён. — У маім выпадку было два гады — адзін за другім ішлі бальнічныя, і толькі пасля іх праводзілася экспертыза — аналаг нашага МРЭК.

Такія доўгія тэрміны ствараюць нязручнасці для інвалідаў, якія праз няшчасны выпадак губляюць асноўную крыніцу даходу. Павел успамінае, як у чаканні рашэння аб дапамозе прыехаў да доктара па рэцэпт на лекі. Яму прапанавалі дарагія і эфектыўныя. Мужчына адмовіўся, растлумачыў сваю фінансавую сітуацыю і папрасіў рэцэпт на таннейшыя лекі.

— Доктар выслухала мяне, потым проста адкрывае сваю сумку і дае мне грошы — на лекі і таксі. Вось проста так, адразу. Я падзякаваў і адмовіўся, але было вельмі прыемна, — дзеліцца Павел.

Разам з тым мужчына адзначае, што калі ў Польшчы няшчасны выпадак здарыўся на працы і чалавек быў застрахаваны, то камісія, якая прымае рашэнне па выплаце, амаль заўсёды становіцца на бок працоўнага, каб ён атрымаў хоць нейкія грошы.

— У Беларусі ж не так, — працягвае Павел. — Я размаўляў з людзьмі, якія атрымалі траўмы на працы. І яны вельмі часта скардзіліся, што іх рабілі вінаватымі, каб нічога не плаціць па страхоўцы. Так, іх лечаць бясплатна, плацяць мінімальную пенсію, але выплат па страхоўцы няма.

«У Беларусі я б лёгка знайшоў работу»

Інваліды ў Польшчы могуць працаваць. Павел кажа, што калі чалавек з абмежаваннямі па здароўі захоча знайсці працу, то з гэтым не будзе праблем. Ёсць розныя фонды, якія гэтым займаюцца, праводзяцца кірмашы вакансій, а працадаўцы за працаўніка-інваліда атрымоўваць падатковыя ільготы.

Інвалідам прапануюць няпоўны працоўны дзень, водпускі, якія аплачваюцца, і выходныя для наведвання дактароў, а таксама заробак не ніжэйшы за мінімальны. Беларус кажа, што з задавальненнем пачаў бы працаваць, але ягоны стан здароўя не дазваляе. Да таго ж яму трэба фізічная нагрузка, каб трэніраваць цягліцы.

— У Польшчы ж такі падыход, што інвалідам прапаноўваюць фізічна лёгкую працу, — тлумачыць ён. — Вось у Беларусі я б лёгка знайшоў яе. Мяне б пасадзілі да станка нешта штампаваць за капейкі.

У Польшчы работа для людзей з інваліднасцю больш звязана з камунікацыяй, напрыклад іх могуць уладкаваць касірамі. Павел кажа, што, калі наведваў офіс Упраўлення сацыяльнага страхавання (ZUS), то дакументы ў яго прымаў паралізаваны з дзяцінства хлопец:

— І ён нармальна сабе працуе, а паколькі знаходзіцца ў такім стане, то добра разумее патрэбы інвалідаў.

Таксама для людзей з інваліднасцю ў Польшчы арганізуюцца розныя мерапрыемствы. Гэта не толькі кірмашы вакансій ці сустрэчы псіхалагічнай дапамогі, але і забаўляльныя імпрэзы. Павел пра іх ведае, аднак не наведвае, бо фізічны стан не дазваляе.

— Але я знаходжу сабе нейкія заняткі, — дадае ён, — мне ёсць дзеля каго і чаго жыць. На жаль, я не чытаю, бо пасля траўмы маю праблемы са зрокам, але шмат слухаю аўдыёкнігі. Трымаю руку на пульсе.

Каментары1

  • Я
    29.09.2024
    [Рэд. выдалена]

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Усе навіны →
Усе навіны

Вядомая спявачка выйграла права карыстацца сваім імем у Аўстраліі

Беларусы адкрылі ў Варшаве салон кухняў, але кліенты так і не дачакаліся сваіх заказаў

Вядомага трэнера па ўсходніх адзінаборствах судзяць за жаданне ваяваць за Украіну2

Канапацкая сцвярджае, што яе каманда збірае ў дзень мінімум па чатыры тысячы подпісаў8

Памятаеце міністра спорту Качана, які ўляпаўся ў туалетны скандал? Яго цяперашняя пасада не ўражвае3

Цягнік Мінск — Гомель прыбыў на канцавую станцыю са спазненнем на чатыры з паловай гадзіны

У Мінску з'явіліся дзве новыя вуліцы. Вось якія назвы1

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Галоўнае
Усе навіны →