На поўдні Бейрута прагрымелі магутныя выбухі. Цэллю мог быць брат забітага лідара «Хезбалы»
На паўднёвай ускраіне Бейрута ў раёне міжнароднага аэрапорта імя Рафіка Харыры ў ноч на пятніцу прагрымела серыя магутных выбухаў. Блізкія да «Хезбалы» крыніцы паведамілі, што ізраільская армія нанесла не менш за 11 удараў па аб'ектах групоўкі, піша Бі-бі-сі.
«Ізраіль нанёс удары па паўднёвых прыгарадах 11 разоў запар», — паведаміў суразмоўца агенцтва.
Нацыянальнае інфармагенцтва Лівана (NNA) заявіла, што «было зафіксавана больш за 10 паслядоўных удараў, што стала адным з самых магутных налётаў на паўднёвыя прыгарады Бейрута».
Па даных NNA, грукат ад удараў быў чутны ў горных раёнах за межамі Бейрута.
Армія абароны Ізраіля не каментавала ўдары, але раней заклікала мірных жыхароў на поўдні Бейрута эвакуявацца.
«Вы знаходзіцеся побач з аб'ектамі, якія належаць «Хезбале», і ізраільская армія будзе працаваць па іх найбліжэйшым часам», — напісаў у сацсетцы X па-арабску прадстаўнік ЦАХАЛ Авіхай Адраі.
Аэрапорт Бейрута мяжуе з раёнам Дахія — апорай «Хезбалы» і пастаяннай мэтай Ізраільскіх авіяўдараў.
Мэтай удараў па Бейруце мог быць стрыечны брат забітага лідара «Хезбалы» Хасана Насралы Хашым Сафі ад-Дзін.
Яго называлі ў якасці верагоднага пераемніка Насралы на пасадзе кіраўніка групоўкі. Ці пацярпеў ён у выніку ўдараў — невядома.
Увечары ў чацвер крыніца AFP таксама паведаміла, што яшчэ адзін ізраільскі ўдар быў накіраваны на склад побач з аэрапортам Бейрута. Што менавіта знаходзілася на складзе — незразумела, піша агенцтва.
Міністэрства аховы здароўя Лівана паведаміла, што за апошнія суткі ў выніку ізраільскіх удараў загінулі 37 чалавек, 151 атрымаў раненні.
Ізраіль, у сваю чаргу, абвінаваціў баевікоў «Хезбалы» ў запуску каля 230 ракет з Лівана па ізраільскай тэрыторыі ў чацвер.
«Хезбала» заявіла, што на працягу дня баевікі здзяйснялі ракетныя абстрэлы ізраільскай тэрыторыі і напады на салдат, якія праводзяць сухапутную аперацыю на поўдні Лівана.
Каментары
Но у террористов есть выбор: освободить заложников и сдаться, что б предстать перед судом и вернуть тем самым регион к мирной жизни. Хватит ли у них ума пойти на этот шаг ? Я утверждаю, что нет, а значит принуждение их к миру будет продолжаться.