Навукоўцы разгадалі сакрэт таго, чаму людзі не могуць адвесці вачэй ад шэдэўра Іагана Вермеера.
Карціна Іагана Вермеера «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай», напісаная ў XVII стагоддзі, — адзін з самых вядомых і папулярных у свеце шэдэўраў мастацтва, які часта параўноўваюць з «Мона Лізай» Леанарда да Вінчы. Музей Маўрыцхёйс у Гаазе, дзе знаходзіцца арыгінал твора Вермеера, заказаў даследаванне, каб зразумець, чаму «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» прыцягвае так шмат увагі на фоне астатніх карцін у калекцыі музея.
Як піша навуковы часопіс Phys.org, даследчыкі з дапамогай найноўшых нейрабіялагічных тэхналогій высветлілі, што пры праглядзе карціны Вермеера ўзнікае ўнікальная неўралагічная рэакцыя, якую яны назвалі «ўстойлівай цыклічнай увагай». Вока чалавека аўтаматычна перамяшчаецца паміж трыма кропкамі карціны: вокам дзяўчыны, яе ротам і самой жамчужнай завушніцай. Гэты цыкл за адзін агляд паўтараецца некалькі разоў, што стварае эфект доўгатэрміновай увагі.
Тэсты праводзіліся з выкарыстаннем трэкера погляду, рытму сэрца і прылады для адсочвання мазгавых хваляў на 10 дабраахвотніках, якія глядзелі на арыгінал і копію «Дзяўчыны з жамчужнай завушніцай». Эмацыйная рэакцыя гледачоў на арыгінал у музеі была ў 10 разоў мацнейшая, чым на копію.
«Мозг рэагуе на карціну моцнай актыўнасцю ў вобласці, звязанай са свядомасцю і ўсведамленнем уласнай ідэнтычнасці. На копію твора падобнай рэакцыі ў людзей не было, што для нас стала нечаканасцю. Гэта даследаванне стала першым, у якім выкарыстоўваліся ЭЭГ і МРТ для вымярэння нейралагічнай рэакцыі на творы мастацтва», — расказалі супрацоўнікі навукова-даследчай кампаніі Neurensics.
Мартына Госелінк, дырэктарка музея Маўрыцхёйс, адзначыла, што звычайна Іаган Вермеер у сваіх творах факусаваў увагу гледачоў толькі на адной кропцы, але ў «Дзяўчыне з жамчужнай завушніцай» такіх кропак аказалася адразу тры, што робіць працу ўнікальнай.
Каментары