Беларускую спартоўку Ірыну Курачкіну патрабуюць адхіліць ад чэмпіянату свету
З 28 па 31 кастрычніка у сталіцы Албаніі Тыране мае адбыцца чэмпіянат свету па барацьбе. Беларусы і расіяне дапушчаныя да ўдзелу ў ім у нейтральным статусе, але адносна некаторых з іх узніклі пытанні.
З прапановай не дапускаць на міжнародныя спаборніцтвы шэраг спартоўцаў з Расіі і Беларусі выступіла Украіна. Міністр моладзі і спорту Украіны Мацвей Бедны і прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Вадзім Гутцайт паслалі адпаведныя звароты прэзідэнту Міжнароднага алімпійскага камітэта Томасу Баху і кіраўніку Міжнароднай федэрацыі барацьбы Ненаду Лалавічу.
Украінскія чыноўнікі ў сваім звароце далі спасылкі на пасты спартсменаў у сацсетках з доказамі падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Сярод тых, каго імкнуцца адхіліць — беларуска Ірына Курачкіна. Акрамя яе, патрабуюць прыняць такія ж захады супраць некалькіх расіян.
Ірына Курачкіна трэніруецца ў спартыўным клубе МУС Беларусі. Сёлета ў лютым яна ўдзельнічала ў чэмпіянаце Еўропы ў Будапешце, дзе заваявала залаты медаль. А на Алімпійскія гульні ў Парыжы мела ліцэнзію, ды яе не дапусцілі з-за сувязі з беларускімі сілавымі структурамі.
Каментары