Кіраўніца федэрацыі лёгкай атлетыкі Украіны Вольга Саладуха на сваёй старонцы ў фэйсбуку жорстка раскрытыкавала прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта Томаса Баха за цёплую сустрэчу з генеральнай сакратаркай НАК Беларусі Ксеніяй Санковіч, якая адбылася 12 кастрычніка ў Лазане.
«Ледзь не штодня гінуць нашы атлеты. Расія пры падтрымцы Лукашэнкі разбурае нашы стадыёны, спарткомплексы, спартыўныя школы, забівае нашых дзяцей. Кіраўнік МАК пры гэтым не знаходзіць часу на салідарнасць з Украінай, але чамусьці заўсёды гатовы абняцца з нашымі ворагамі», — напісала Саладуха, адзначаючы, што гэта «вельмі прыкра і балюча бачыць».
«Абдымкі з лукашэнкаўскімі спартыўнымі прапагандыстамі азначаюць, што Бах канчаткова абраў бок агрэсара і хоча яго поўнай рэабілітацыі ў свеце спорту», — сцвярджае Вольга Саладуха і дадае:
«Відавочна, такія крокі Томаса Баха з'яўляюцца кульмінацыяй яго паступовага дрэйфу ў бок прарасійскіх сіл».
Томас Бах дабывае на пасадзе прэзідэнта МАК, якую займае з 2013 года, апошні год. Выбары новага кіраўніка арганізацыі запланаваныя на сакавік 2025 года на сесіі арганізацыі ў Грэцыі, а Бах балатавацца на новы тэрмін не будзе.
Каментары