Валожынскі ешыбот стаў правобразам для навучальных устаноў па ўсім свеце і падарыў плеяду выдатных яўрэйскіх дзеячаў. Сабралі ўсё, што вядома пра рэканструкцыю помніка, і даведаліся, што стала з шыльдамі, у якіх раней адшукалі кучу памылак.
Днямі ў Валожыне пасля двух гадоў рэканструкцыі нарэшце ў сваім першапачатковым выглядзе першых наведвальнікаў сустрэў 200-гадовы ешыбот. Гэта рэдкі прыклад рэстаўрацыі ў Беларусі, калі, здаецца, усё атрымалася як мае быць.
Прыклад для ўсяго свету
Валожынскі ешыбот быў адкрыты ў 1803 годзе рабінам Хаімам Валожынерам, вучнем Віленскага гаона («Віленскага генія»), як першая вышэйшая яўрэйская духоўная семінарыя на тэрыторыі Усходняй Еўропы, якая рыхтавала рабінаў. У перыяд росквіту тут навучалася каля 300 вучняў.
Ініцыятыву падтрымаў граф Юзаф Ігнацы Тышкевіч, які ператварыў Валожын у сваю радавую рэзідэнцыю і перабудаваў горад у стылі класіцызму.
Будынак, які захаваўся да нашых дзён, быў скончаны ў 1806 годзе. Ён быў рэканструяваны пасля пажару ў 1865 годзе, але быў разбураны буйным пажарам у горадзе, які здарыўся ў 1886 годзе. З 1887 года кіраўнік ешыбота пачынае вялікую працу па пошуку сродкаў на яго аднаўленне. Ахвяраванні рабіліся як іўдзеямі з Расійскай імперыі, так і з Еўропы. У выніку ешыбот разросся да вялікага цэнтра, які размяшчаўся ў комплексе будынкаў.
У 1896 годзе ешыбот быў закрыты па загадзе царскіх уладаў, бо яго кіраўніцтва адмовілася ўводзіць у навучальную праграму рускую мову і свецкія прадметы. У 1899 годзе ён быў адкрыты зноў, хоць колькасць вучняў значна скарацілася.
Фактычна навучальная ўстанова праіснавала да 1939 года, калі Валожын вярнуўся ў склад Савецкай Беларусі. Апошнія 60 вучняў разам з кіраўніком ешыбота і рабінам былі расстраляныя нацыстамі ў 1941 г. У час вайны будынак моцна пацярпеў.
Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады прыстасавалі будынак былога ешыбота пад рэстаран «Колас», потым тут у 1990-я гады працавала кулінарыя.
За савецкім часам будынак, нягледзячы на яго міжнароднае гістарычнае і культурнае значэнне, не быў унесены ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры», а значыць не меў ніякага ахоўнага статусу.
Будынак не быў знесены, але за дзесяцігоддзі моцна дэградаваў, страціўшы амаль усе свае архітэктурныя адметнасці і ператварыўшыся ў безаблічную скрыню ў глыбіні галоўнай плошчы Валожына. Толькі ляпніна з выявай свяшчэннага каўчэга для захоўвання скрутку торы, якая цудам збераглася на тарцовым усходнім фасадзе, нагадвала пра былую багатую гісторыю.
Прызнанне помніка
У 1998 годзе падчас візіту ў Валожын былога прэм’ера Ізраіля Шымона Перэса з'явілася дамоўленасць аб рэканструкцыі будынка. Тады ж будынак ешыбота быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння. У 2000 г. мясцовыя ўлады перадалі будынак ва ўласнасць Іўдзейскаму рэлігійнаму аб'яднанню ў Беларусі.
Яўрэйская суполка спачатку планавала аднавіць у будынку ешыбот. Да гэтага праекта праявілі цікаўнасць некаторыя аналагічныя ўстановы ў Ізраілі і ЗША, якія планавалі накіроўваць сюды на лета сваіх вучняў. Але кошт праекта рэканструкцыі дасягаў 400 тысяч даляраў, што значна перавышала магчымасці беларускай абшчыны і спонсараў.
Сваімі сціплымі сіламі суполка ў пачатку 2000-х гадоў пазабівала вокны, паставіла на іх краты, патынкавала і пабяліла сцены, замяніла крыццё даху, што дазволіла зберагчы будынак ад далейшага разбурэння.
Але гэтага было недастаткова для мясцовых уладаў, якія ў 2007 годзе прыгразілі адабраць у суполкі ешыбот. Чыноўнікі пісалі, што тагачасны стан будынка «ганьба для Валожына» і ён стварае ў турыстаў негатыўнае ўражанне пра горад. Тады пры ўдзеле замежных яўрэйскіх фондаў удалося сабраць $20 000 на аднаўленне будынка. У 2009 годзе архітэктурным бюро «Леоле», якім кіруе Галіна Левіна, дзяячка яўрэйскай меншасці, былі праведзены архітэктурныя абмеры і зандажы помніка, але далей справа не пайшла.
Першыя зрухі
Будынак ешыбота ўсё ж быў перададзены ў 2021 годзе на баланс аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама.
У пачатку 2022 года кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама сустракалася па пытанні аднаўлення будынка ешыбот з паслом Ізраіля. Адначасова пачаліся падрыхтоўчыя працы па рэканструкцыі, заказчыкам якой выступіў Мінскі аблвыканкам.
Навукова-праектным цэнтрам «Рэстабіліс» былі праведзены комплексна-навуковыя пошукі, выкананы зандажы ўнутры і знадворку будынку. Былі сабраныя матэрыялы ў архівах Мінска, Масквы, Вільнюса, Варшавы, Ізраіля.
Над праектам рэканструкцыі пад навуковым кіраўніцтвам мастацтвазнаўца Ігара Духана працаваў калектыў інстытута «Мінскграмадзянпраект», у які ўваходзілі архітэктары Валянціна Цыёнская, Святлана Кудрыцкая і іншыя.
Улетку з археалагічных раскопак, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам Сяргея Ліневіча вакол ешыбота, быў сабраны разнастайны матэрыял, які дазволіў лепш раскрыць гісторыю помніка.
Работы па рэканструкцыі будынку пачаліся толькі ў канцы вясны 2023 года. Былі цалкам заменены канструкцыі даху, новыя драўляныя фермы сталі актыўнай часткай новага інтэр'ера. Муроўку часткі сцен давялося рэстаўрыраваць, асабліва моцна яна была разбурана з дваровага фасада, які быў амаль цалкам перароблены.
Новае начынне для старых сцен
Па старых фотаздымках быў цалкам узноўлены архітэктурны дэкор фасадаў: дэкаратыўныя элементы на пілястрах, ліштвы, сандрыкі, карнізы. Ешыботу быў вернуты арыгінальны бэжавы колер.
На помніку імкнуліся максімальна выкарыстоўваць традыцыйныя матэрыялы і тэхналогіі. У аконныя праёмы замест ужо звыклых пластыкавых запаўненняў паставілі драўляныя рамы з касой раскладкай. Дзверы на ўваходзе таксама зрабілі драўлянымі, з філёнгамі і латуннымі ручкамі. Усё, як мусіла быць век таму.
Новы дах дазволіў зрабіць антрэсоль над уваходам, на якую вядуць дзве лесвіцы на падвесах. Гістарычны дэкор не захаваўся і як ён выглядаў дакладна невядома, таму яго не сталі ўзнаўляць. Адзінае выключэнне — «арон-кадэш», ніша, дзе традыцыйна захоўваецца скрутак Торы і якая збераглася да нашага часу. Вакол яе зрабілі гіпатэтычную рэканструкцыю архітэктурнага порціка, над якім змешчана традыцыйная кампазіцыя — два львы, якія трымаюць скрыжалі Запавету.
Таксама было вырашана раскрыць некаторыя гістарычныя элементы будынка, каб паказаць узровень будаўніцтва і якасць цаглянай муроўкі.
Астатні інтэр'ер першага паверха фарміруе экспазіцыя культурна-адукацыйнага цэнтра, якая падзелена на тры зоны.
У першай, «Нараджэнне і сталасць Валожынскага ешыбота», экспануюцца прадметы, якія адлюстроўваюць гісторыю навучальнай установы — творы яе заснавальнікаў і «рош-ешыва», то-бок кіраўніка ўстановы, працы Віленскага гаона, які істотна паўплываў на ідэі і праграму ешыбота, прадметы іўдаікі, якія суправаджалі паўсядзённую дзейнасць і святочнае жыццё ешыбота, мастацкая графіка.
Другая зона дэманструе калекцыю знаходак, атрыманых у працэсе археалагічных раскопак перад рэканструкцыяй ешыботы. Калекцыя працягвае першы культурна-гістарычны раздзел і адлюстроўвае розныя перыяды ў гісторыі Валожынскага ешыбота.
Нарэшце трэцяя зона знаёміць з нараджэннем новай культуры ў асяроддзі слухачоў і выдатных выпускнікоў ешыбота, уздзеянне ідэй школы на сусветную культуру XX—XXI стагоддзяў. Тут экспануюцца літаратурныя творы, фота, аўтографы твораў і лістоў, графічныя ілюстрацыі яўрэйскіх дзеячаў.
Нягледзячы на тое, што будынак выглядае аднапавярховай камяніцай, гэта зусім не так. Ешыбот мае магутны цокальны паверх, які хавае пагорысты валожынскі ландшафт. У час рэканструкцыі цокальны паверх раскрылі больш. Тут размясціліся гасцінічныя нумары з уласнай кухняй.
Вакол ешыбота і моўныя кур'ёзы
Была добраўпарадкавана таксама навакольная тэрыторыя і гаспадарчыя пабудовы. Замест праезда з паркоўкай перад ешыботам створана плошча.
У аснову малюнка бруку і лапікаў газона пакладзена форма шасцівугольніка, у бруку можна пабачыць і «зорку Давіда». Схіл каля будынка ешыбота тэрасавалі шырокімі зялёнымі прыступкамі.
Упрыгажэннем плошчы стала скульптурная група «Рабін і Паэт», выкананыя беларускім скульптарам Дзмітрыем Аганавым. Абстрактныя бронзавыя фігуры рабіна і паэта, пакрытыя густой зялёнай пацінай, вядуць паміж сабой дыялог перад ешыботам.
З імі звязаны нядаўні кур'ёз: побач паставілі шыльду адразу на чатырох мовах: рускай, беларускай, іўрыце і англійскай. Праўда, тэксты на беларускай мове і іўрыце аказаліся непісьменнымі. Пасля розгаласу, шыльды з памылкамі прыбралі.
Праўда, памылкі яшчэ засталіся — з боку плошчы паставілі дэкаратыўны знак, які паўтарае выгляд памятнай манеты, прысвечанай Валожынскаму ешыботу з яго выявай на рэверсе. А таксама паўтарае памылку, дапушчаную ў надпісе на манеце — «Валожынская іешыва». Насамрэч, беларускія слоўнікі не фіксуюць варыянт «ешыва», і тым больш «іешыва», а толькі «ешыбот». Зрэшты, з той жа памылковай назвай аб'ект унесены і ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Недалёка ад ешыбота адрэстаўрыравалі пад сувенірную краму і цагляную гаспадарчую пабудову, у якой захаваліся старыя металічныя акаваныя дзвярніцы.
Аб'ём работ быў такім вялікім, што да абласных «Дажынак», да якіх рыхтавалі адкрыццё ешыбота, не паспявалі ўсё зрабіць у вызначаны тэрмін. Свята працаўнікоў вёскі нават перанеслі на месяц. Нарэшце 19 кастрычніка адноўлены будынак адчыніў свае дзверы перад першымі наведвальнікамі — кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыем Крутым і старшынёй Мінаблвыканкама Аляксандрам Турчыным.
Валожынскі ешыбот стаў найрэдкім прыкладам, калі беларуская дзяржава цалкам і якасна аднавіла помнік яўрэйскай спадчыны. У большасці выпадкаў каштоўныя сінагогі і рытуальныя збудаванні імкліва разбураюцца, а інвестары, гатовыя ўкласціся ў іх аднаўленне, адзін за адным з'яўляюцца і знікаюць у медыяпрасторы, не прыносячы карысці.
На жаль, для Валожына аднаўленне ешыбота не вырашае ўсе праблем з культурнай спадчынай, якія былі створаныя за савецкім часам. Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў, які мог бы стаць сапраўднай турыстычнай жамчужынай краю, сёння падзелены паміж рэжымнымі аб'ектамі — РАУСам і 153-й радыётэхнічнай брыгадай асаблівага прызначэння.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬУ Валожыне паставілі шыльды на чатырох мовах. Правільна напісаць змаглі толькі па-руску і па-англійску
Праваслаўны прыход у Слоніме пакараюць за незаконна перамаляваны храм XVII стагоддзя
У Жыровіцкім манастыры разабралі іканастас, з якога раней выкінулі беларускія абразы
Вакол царквы-крэпасці ў Мураванцы спілавалі ўсе старыя дрэвы — сумныя ФОТЫ
Каментары
Гішпанскі сорам.