Будаўнік з Беларусі знайшоў новае жыццё ў Ізраілі і стаў папулярным блогерам
Віктар Райцын пераехаў з Беларусі ў Ізраіль і дзеліцца досведам жыцця і працы ў новай краіне. Ён расказвае пра тое, як спраўляўся з моўным бар'ерам, уладкаваўся на працу ў будаўнічай сферы, адаптаваўся да мясцовага клімату і культуры. Але яшчэ Віктар стаў папулярным і вядомым блогерам, які расказвае гісторыі пра сваё жыццё, піша выданне «Першы».
Віктар Райцын нарадзіўся і вырас у Оршы, скончыў БНТУ ў сферы будаўніцтва. Пасля адпрацоўкі размеркавання звольніўся і паехаў у Ізраіль. Цяпер працуе там па будаўнічай спецыяльнасці, а яшчэ вядзе папулярны блог пра жыццё ў Ізраілі.
«Каб пражыць чалавеку ў Ізраілі, трэба мінімум дзьве тысячы»
— Ты некалькі гадоў таму пераехаў у Ізраіль. Раскажы, наколькі гэта было складана.
— Тут у кожнага свая гісторыя, для мяне пераезд быў нескладаным. Калі ў цябе ёсць яўрэйскія карані, ёсць дапамога ад Дзяржавы Ізраіль пры рэпатрыяцыі. Пералёт у Ізраіль быў бясплатны, таксі да першага месца, дзе будзеш жыць, таксама бясплатна. Кватэру ўжо сам здымаеш.
Усе спыняюцца спачатку ў знаёмых, а потым кватэру здымаюць. На працягу паўгода атрымліваеш каля 800 даляраў ад дзяржавы. Па прыездзе атрымліваеш яшчэ тысячу даляраў. Гэта значыць, нейкая падтрымка першы час ёсць.
Для таго каб пражыць аднаму чалавеку ў Ізраілі, трэба мінімум дзве тысячы. У любым выпадку трэба працаваць.
— Цяпер ты высокакваліфікаваны спецыяліст у сферы будаўніцтва. А падзяліся сваім вопытам пошуку працы ў Ізраілі.
— Практычна заўсёды ў Ізраілі я працаваў у сферы будаўніцтва. Але толькі апошнім часам я пачаў працаваць канкрэтна па сваёй адукацыі. Да гэтага я працаваў на пасадах ніжэйшых, бо мне не дазваляў моўны бар'ер.
На ўсе свае працы я ўладкоўваўся па знаёмстве. Калі ты кажаш, што ты інжынер-будаўнік, які працаваў у Беларусі, людзі не вельмі вераць таму, як ты там вучыўся. Таму што бываюць выпадкі, калі людзі куплялі дыплом. Таму я праз сяброў даведваўся, што хтосьці патрабуецца там, а хтосьці патрабуецца там. І такім чынам уладкоўваўся. Але ёсць людзі, якія ўладкоўваліся проста праз сумоўе.
Чым адрозніваецца будаўніцтва ў Беларусі і Ізраілі
— Часам глядзеў адзін з ізраільскіх тэлеканалаў у ютубе і ведаю, што пры будаўніцтве жылых дамоў у кожнай кватэры будуюць абароненыя пакоі, дзе можна перачакаць паветраную трывогу. Раскажы пра спецыфіку такіх памяшканняў, наколькі там рэальна бяспечна?
— Цяпер іх будуюць у кожным доме, у кожнай кватэры. Ці можна перажыць там паветраную атаку, залежыць ад таго, якая ракета. Калі будзе балістычная ракета, то там, вядома, дома не застанецца.
Але тыя ракеты, якімі па Ізраілі страляў ХАМАС, яны зробленыя з водаправодных трубаў. Бывала такое, што такая ракета трапляла ў дом, зносіла ўвесь верхні паверх, а менавіта гэты пакой заставаўся цэлым. Дзякуючы таму, што там сцены па 30 сантыметраў бетону, жалезныя дзверы і жалезныя аканіцы на акне. Вельмі шмат выпадкаў, калі гэты пакой ратаваў жыццё.
— Якія яшчэ адрозненні на ізраільскай будоўлі ў параўнанні з Беларуссю?
— Самыя яркія адрозненні, якія я заўважыў — што тут на будоўлі да людзей лепш ставяцца. Перапынкі, кава-гарбата, усё купляюць, людзі за гэта не плацяць. Прараб можа нават піва паставіць рабочым пасля заліўкі, арганізацыя шашлыкі зрабіць. Ну, неяк чалавечней тут ставяцца да рабочых.
І іх паважаюць за іх працу, гэта проста відаць, таму што ўсе разумеюць, што людзі — гэта тое, на чым будуецца дом. Усё астатняе — другараднае. «Я начальнік, ты — дурань», тут такога няма. Тут яшчэ начальнік павінен даказаць, які ён начальнік, што ён больш за цябе ведае. Калі ты ведаеш больш, чым твой начальнік, ён табе не начальнік, і гэта нармальна.
Вайна змяніла склад рабочых на будоўлях
— Чуў, што на будоўлі ў Ізраілі працавала шмат арабаў. Пасля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года ці змянілася гэта? З якіх краін працуюць на будоўлях у краіне? Табе больш з якімі рабочымі падабалася мець справу?
— Так, на будоўлі было, можа, 85% арабаў. Калі адбыўся напад, усіх арабаў закрылі альбо на палесцінскіх тэрыторыях, альбо ў сектары Газа. Але наша фірма за пару месяцаў да гэтага перайшла на працу з малдаванамі, то мы не пацярпелі. Але былі будаўнічыя ўчасткі, якія цалкам закрылі. Сталі прывозіць рабочых з іншых краін, тых жа малдаван.
Якасць будаўніцтва толькі вырасла. Таму што арабы агідна будавалі. Яны будуюць як 100 гадоў таму. А хлопцы з Малдовы, Украіны, Беларусі ўжо ведаюць новыя тэхналогіі — апалубка Завадская і да таго падобнае.
Я неяк рабіў відэа, у нас на будоўлі было 8 нацыянальнасцяў — грузіны, малдаване, рускія, беларусы, татары, азербайджанцы, арабы, яўрэі. Розныя віды работ рабілі. З усіх краін былога СССР працуюць, з Афрыкі — з Уганды быў хлопец, Судана, з Лацінскай Амерыкі — Аргенціна.
Больш за ўсё падабаецца працаваць з малдаванамі, беларусамі, украінцамі, рускімі. Арабы — на апошнім месцы. Акрамя таго, што агідна працуюць, яшчэ і не выконваюць тэхніку бяспекі.
Заробкі ў Ізраілі і моўны бар'ер
— Калі беларус не мае яўрэйскіх каранёў, ён можа паехаць на заробкі ў Ізраіль? І ці ёсць у гэтым сэнс?
— Калі беларус не мае яўрэйскіх каранёў, ён можа прыехаць як турыст і застацца тут з дакументамі ўцекача. Альбо без каранёў праз жонку-яўрэйку. Праз год пасля жаніцьбы, калі ён прыедзе з ёй у Ізраіль, то таксама атрымае грамадзянства.
Ці ёсць сэнс ехаць сюды на заробкі? Ёсць, таму што людзі за пяць гадоў працы тут купляюць сабе ў Беларусі кватэру. Таму што тут 3 тысячы даляраў яны зарабляюць на будоўлі.
— Моўны бар'ер у Ізраілі. Чуў, што там рускамоўная частка прыезджых даволі значная. Але наколькі важнае веданне мовы? Як у цябе з гэтым было?
— Я пражыў тут першы год і працаваў у рускамоўным калектыве, наогул не ведаў на іўрыце ніводнага слова. У прынцыпе, ёсць людзі, якія прыехалі ў 1990-х і дагэтуль не ведаюць мовы і дагэтуль тут жывуць. А рускамоўнае кам'юніці тут вялікае — каля мільёна. Ёсць гарады, дзе шыльды на рускай, цэлыя раёны, як Брайтан-Біч ў Нью-Ёрку. Таму можна жыць без праблем.
Я вучыў іўрыт, таму што ў мяне вышэйшая адукацыя. Я яго пацвердзіў спачатку, сказалі, што магу працаваць. Ёсць спецыяльныя ўстановы: ульпан — гэта моўная школа. Дзяржава табе дае два ваўчары на паўгода вучыць бясплатна. Узровень A, B можна вывучыць, я яшчэ наступны ўзровень вучыў за свае грошы. Вывучыў, працаваў у кавярні, практыкаваў там мову і недзе за тры гады навучыўся.
— Раскажы пра заробкі. Колькі зарабляюць у розных сферах, пра якія ты ведаеш?
— Самы мінімальны заробак на будоўлі ў Ізраілі — 2-2,5 тысячы даляраў. Гэта нават не цяжкая праца, я сказаў бы. Будоўля добра аплачваецца, фізічная праца. Рабочыя атрымліваюць ад 3-3,5 тысяч даляраў.
Самая аплатная — гэта, вядома, IT-сфера. Там са старту ад 4 тысяч даляраў. Але ёсць людзі на будоўлі, высакакласныя прафесіяналы, якія зарабляюць і 5, і 10 тысяч даляраў.
Два ў адным: будаўнік і папулярны блогер
— Ты вядзеш папулярны блог пра жыццё ў Ізраілі ў TikTok і Instagram. Некаторыя ролікі набіраюць мільёны праглядаў. Чаму прыйшла ідэя стаць блогерам? І ці прыносіць блог грошы?
— Блог у тыктоку я пачаў выпадкова. Мне патэлефанаваў сябар з Беларусі. У яго было ўжо 50 тысяч падпісчыкаў, і ён прапанаваў мне паспрабаваць расказваць пра краіну, пра тое, як жыву. Увогуле, ён мяне пераканаў. Я зрабіў пару відэа з будоўлі, і нейкае відэа добра заляцела — я расказваў, як арабы спрабавалі ў нас скрасці інструмент з будоўлі. Відэа набрала 100 тысяч і мяне пазналі на вуліцы. Так увайшоў у смак, захацелася яшчэ паўтарыць поспех.
У плане манетызацыі сацсеткі мне не прыносяць ніякага даходу. Прыбытак ёсць толькі з таго, што хтосьці заказвае рэкламу. Але рэклама на рускай мове ў Ізраілі не часта камусьці патрэбная. А калі патрэбная, то не вельмі аплачваецца, у параўнанні з тым, што ў іўрытамоўных блогераў. Я магу рабіць кантэнт і на іўрыце, але неяк не хочацца.
Пра цэны, харчаванне, клімат
— Чытачоў заўсёды цікавяць цэны. Ці здзівіла цябе нешта ў цэнах у Ізраілі?
— Калі прыехаў, усё здалося даражэйшым. Але цяпер, калі людзі ездзяць у Беларусь, кажуць, што там цэны падраслі. У Беларусі красоўкі каштуюць даражэй, чым тут, некаторыя прадукты каштуюць аднолькава, садавіна, якую вырошчваюць тут, у Беларусі каштуе даражэй. Але заробкі ў Беларусі меншыя.
— Ці змянілася харчаванне з пераездам у Ізраіль? Можа, новыя перавагі з'явіліся?
— Харчаванне змянілася, але трошкі. Заўсёды гатуем дома, нічога асаблівага. Ёсць людзі, у якіх харчаванне змяняецца кардынальна пасля пераезду, але гэта тыя, хто любіць усходнюю кухню. Я ж люблю еўрапейскую і гэтай кухні прытрымліваюся да гэтага часу. Плюс мама пераехала, то цяпер у мяне ежа, як быццам з Беларусі і не ад'язджаў.
— У Ізраілі іншы клімат. Як прывык, што падабаецца, што не, ці ёсць настальгія па беларускай зіме?
— Для тых, хто жыў у Беларусі, у Ізраілі ёсць усяго чатыры добрыя месяцы. Гэта сакавік-красавік і кастрычнік-лістапад, калі халаднавата і няма дажджоў.
Зімой тут холадна, бо кватэры пабудаваныя для лета. А летам на вуліцы вельмі горача, +40.
Я да гэтага часу не прывык да мясцовага клімату. Сумую і па восені, і па зіме, і па лету, калі на вуліцы 25 градусаў, а не 45. Так, вядома, клімат у Беларусі — залаты.
Медыцына ў Ізраілі супярэчлівая
— Ізраільская медыцына славіцца на ўвесь свет. Нешта ў гэтым плане заўважыў? На медыцыну шмат выдаткоўваеш?
— Так, Ізраіль славіцца медыцынай. Але менавіта высокай медыцынай — нейрахірургія, лячэнне раку. Вось я рабіў інтэрв'ю пра дзяўчынку з Беларусі, ёй толькі ў Ізраілі паставілі дыягназ. У Амерыцы не змаглі, а ў Ізраілі паставілі.
Гэтым так, ізраільская медыцына славіцца — замена суставаў і ўсё такое. Але тут жудасны недахоп лекараў. Я, калі прыехаў, з-за таго, што клімат памяняўся, высыпка нейкая на скуры з'явілася. Запісаўся да скурнага лекара, а мне кажуць чакаць тры тыдні.
У Ізраілі вельмі цяжка паступіць на лекара, там нейкія экзамены жудасныя здаюць, магчыма, праблема з-за гэтага.
Медыцына невысокага ўзроўню кульгае. Страхоўка для чалавека майго ўзросту каштуе 20 даляраў у месяц. Для Ізраіля гэта не дорага. У яе не уваходзіць толькі страхоўка на зубы.
Усе кажуць, што тут дорага лячыць зубы, але я б не сказаў. 100 даляраў каштуе дзірку ў зубе заляпіць, 200 — вырваць зуб. Для Ізраіля гэта не так ужо і шмат. Хоць у Беларусі гэта ў разы менш каштуе, і наогул можна бясплатна зрабіць.
У чым адрозненне людзей у Беларусі і Ізраілі?
— Ці заўважыў нейкія адрозненні ў менталітэце, норавах, звычках беларусаў і ізраільцян?
— Менталітэт ізраільцян беларусу тут вельмі рэжа вока. Таму што беларусы, як кажуць, сціплыя, а тут людзі наадварот — вельмі нахабныя, свабодныя. Іх так выхоўваюць. Тут дзецям дазваляюць усё. Ад таго, што такое дзяцінства, людзі такія разняволеныя.
Чалавек можа прыйсці ў чаргу і размаўляць з прадаўцом, абсалютна не думаючы пра тых, хто ў чарзе. Чалавек заходзіць у краму і адразу пытаецца, ён не глядзіць на чаргу. Мы гэта ўспрымаем як нявыхаванасць, але гэта ў іх такая свабода, якая праяўляецца ў такім нахабстве.
Але да гэтага прывыкаеш і ставішся спакойна. Я б для беларусаў узяў бы частку гэтай іх разняволенасці. Ну, і тут ты можаш гаварыць усё свабодна, на цябе ніхто крыва не паглядзіць.
— Пасля нападу ХАМАС ужо больш за год Ізраіль ваюе на поўдні і поўначы. Наколькі вайна ўплывае на жыццё грамадства? На тваім жыцці як адбіваецца?
— Гэта прамым чынам адбілася на людзях, якія жывуць побач з гэтымі тэрыторыямі (Сектар Газа з групоўкай ХАМАС на поўдні, Ліван на поўначы з групоўкай Хезбала). Памежжа выселілі з дамоў, і яны ўжо больш за год жывуць у іншых гарадах. Дзяржава аплачвае ім гатэлі, па тысячы даляраў у месяц на прадукты. Дзяржава іх не крыўдзіць, увогуле, але яны страцілі свой дом і калі туды вернуцца — пакуль што не зразумела.
На маім жыцці гэта ніяк не адбілася, толькі што я не працаваў першы тыдзень вайны. Забароненая была праца будаўнічых участкаў з пункту гледжання бяспекі. Таму што былі абстрэлы, а хавацца там нам было няма куды.
А так выраслі цэны на прадукты, падаткі, бензін. І вылецець з краіны праблематычна.
«Я зразумеў, што мне падабаецца тут больш, чым там»
— Якія ў цябе былі чаканні ад жыцця ў Ізраілі і ці апраўдаліся яны?
— Калі я вылятаў у Ізраіль, у мяне не было ніякіх чаканняў. Не ведаў гэтую краіну, проста хацеў з'ездзіць. Я ведаў, што шмат маіх сяброў сюды з'ехалі, але яны з'ехалі па праграмах. Гэта значыць, яны дзесьці жылі і вучыліся. Бо можна рэпатрыявацца на вучобу, можна з'ездзіць у Ізраіль навучыцца сёрфінгу або псіхалогіі.
А я паехаў проста так. У нейкі момант я зразумеў, што мне падабаецца тут больш, чым там…
— Што б вы параілі людзям, якія плануюць пераезд у Ізраіль? На што звярнуць увагу, чаго пазбягаць?
— Я параіў бы гэтым людзям палюбіць Ізраіль адразу. Таму што тым, хто любіць гэтую краіну, яна дае нашмат больш. Шукаць добрае і глядзець на гэта. Чаго пазбягаць? Не быць «фраерам», як тут кажуць.
Вядома, і я, і многія ў першы час губляюць грошы на рэчах, якіх не ведаюць. Можна падрыхтавацца, пачытаць форумы, паглядзець блогераў, задаваць ім пытанні. У інтэрнэце шмат пазнавальнага матэрыялу пра Ізраіль, канкрэтныя гарады.
Купаўся ў моры, хадзіў у горы і зарабіў 8 тысяч еўра. Беларус расказаў пра сваю сезонную працу ў Харватыі
«Двойчы атрымлівала па «шапцы», калі працавала да 8-9 вечара». Пра што марыць беларуска ў Швецыі
Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна
«Межы сціраюцца». Беларуска расказала, як і навошта стала вывучаць эсперанта на радзіме яго заснавальніка
Каментары