Кіно

«Забойствы ў адным будынку», «Рыплі», «Сёгун». Топ серыялаў, якія выйшлі ў гэтым годзе

2024 быў багатым на добрыя серыялы. Прапануем топ самых яркіх — абірайце, што паглядзець святочнымі вечарамі.

Кадр з трэйлера чацвёртага сезона «Забойстваў у адным будынку»

Рэжым (The Regime)

Роза з «Тытаніка» ўжо не тая. Вясной мы пабачылі серыял «Рэжым», дзе Кейт Уінслет знялася ў ролі паранаідальнага канцлера выдуманай еўрапейскай краіны. Жанр праекта — чорная камедыя, і Уінслет выдатна падтрымлівае яго сваёй гульнёй.

Яе гераіня кіруе краінай і пры гэтым баіцца нават зменаў у вільготнасці ў сваім палацы. Акрамя гэтага, яна захоўвае труп свайго бацькі ў шкляной скрыні і размаўляе з ім у крызісны час — як бачыце, без вар'яцтва тут не абышлося.

Забойствы ў адным будынку (Only Murders in the Building)

У верасні выйшаў чацвёрты сезон гэтага незвычайнага дэтэктыва. У ім умела камбінуюць крымінал і дасціпны гумар, а потым шчодра аздабляюць гэта нечаканымі паваротамі сюжэту. Галоўныя ролі выконваюць Стыў Марцін, Селена Гомес і Марцін Шорт.

Атрымліваецца душэўны дэтэктыў, які спадабаецца і тым, хто не любіць кроў ды саспенс. Асобная разынка — узрост герояў: серыял пацвярджае думку, што і ў 70 можна быць актыўным, знаходзіць сваё каханне і нават ратаваць сяброў ад злачынцаў.

Асуджаныя на славу (Those About to Die)

Спадабаўся «Гладыятар-2»? Магчыма, вам будзе па душы і гэты серыял. Гэта экранізацыя кнігі пра гладыятарскія баі ў старажытным Рыме, дзе рымскага імператара грае легендарны Энтані Хопкінс.

«Асуджаныя на славу» — яркі серыял з багатымі дэкарацыямі і касцюмамі. Што да сюжэту, ён можа нагадаць сусвет «Гульні тронаў»: чакайце шмат інтрыг ды фізічнага гвалту.

Дзень Шакала (The Day of the Jackal)

Без трылера гэтая падборка была б няпоўнай. Абіраем «Дзень Шакала» — гісторыю пра наёмнага забойцу, за якім па ўсёй Еўропе ганяецца брытанская агентка. Дарэчы, у пошуках Шакала яна трапляе нават у Смаргонь, вось толькі такой Смаргоні вы дакладна не бачылі.

Галоўная зорка — лаўрэат «Оскара» Эдзі Рэдмэйн, які цудоўна адпрацоўвае сваю ролю. Страляніна і экшн, вядома, таксама будуць.

Дом Цмока (The House of the Dragon)

Разам з гэтым серыялам адзначым і іншыя фэнтэзі-праекты 2024-га — другі сезон «Валадара пярсцёнкаў» і «Дзюну: Прароцтва». Што да самога «Дома Цмока», прыквела «Гульні тронаў», то гэта ўжо другі сезон серыяла, і першы меў вялікі поспех.

Чакайце ў другім сезоне эпічныя батальныя сцэны і працяг палацавых інтрыг. Ды і проста будзе прыгожа, хоць і зацягнута па сюжэце.

Спагадлівец (Sympathiser)

Серыял «Прыхільнік» выйшаў на амерыканскім сэрвісе HBO, ён прысвечаны вайне ў В'етнаме.

На першы погляд, гэта шпіёнскі трылер пра падвойнага агента, які працуе і на Захад, і на в'етнамскіх камуністаў. Але таксама гэта серыял пра эміграцыю ды пошукі сябе ў новай краіне — беларусы адчуюць моцнае дэжавю.

Задача трох целаў (3 Body Problem)

Сакавік падарыў нам якасную фантастыку, знятую па бестселеры кітайскага пісьменніка Лю Цысіня.

Серыял пачынаецца з таго, што ў 1960-х дзяўчына становіцца сведкам забойства свайго бацькі — прафесара-фізікі — хунвэйбінамі. Яе адпраўляюць у працоўны лагер, а пасля — на сакрэтную радыёлакацыйную базу. Паралельна разварочваюцца дзеянні ў наш час — загадкава паміраюць навукоўцы.

У сюжэце ёсць месца кітайскай культурнай рэвалюцыі 60-х, астрафізіцы, віртуальнай рэальнасці. Карацей, гісторыя складаная. Але калі ў вас хопіць на яе адвагі, будзеце ўзнагароджаныя інтэлектуальным відовішчам.

Аленяня (Baby Reindeer)

Хіт ад Netflix. Комік Рычард Гэд напісаў гісторыю пра тое, як ён падчас працы ў пабе сустракае жанчыну, і пазней яна пачынае настойліва дамагацца яго ўвагі. Паводле слоў Гэда, які яшчэ і сам зняўся ў «Аленяняці», Марта даслала яму тысячы паведамленняў праз розныя каналы, у тым ліку і сотні гадзін галасавых паведамленняў. Але гісторыя коміка, якая пачынаецца як камедыя, аказваецца драматычнай.

Хутка пасля прэм'еры ў публічнасць выйшла Фіёна Харві — меркавана, Гэд экранізаваў якраз гісторыю знаёмства з ёй. Харві абвінаваціла Гэда ў хлусні і запатрабавала з яго $170 мільёнаў.

Рыплі (Ripley)

2024-ты — год дэтэктываў у серыяльным свеце, і чаму б не адзначыць самы прыгожы з іх? «Рыплі» — чарговая экранізацыя ледзь не класічнага сюжэту пра абаяльнага махляра Тома Рыплі, вы можаце яго памятаць у паўнаметражках з Мэтам Дэйманам.

Цяпер Тома Рыплі грае ірландзец Эндру Скот (Марыярці з серыяла «Шэрлак»). А яшчэ «Рыплі» — гэта проста вельмі прыгожа: праект зняты ў чорна-белых колерах пад стылёвы саўндтрэк, і вас дакладна зачаруе аператарская праца.

Сёгун (Shōgun)

Яшчэ адна азіяцкая гісторыя ў нашай падборцы. «Сёгун» — экранізацыя кнігі пра выдуманага англічаніна Джона Блэктарна, які трапіў у Японію ў пачатку 17 стагоддзя, калі краіна была ахутаная міжусобнымі войнамі.

Блэктарн здолеў адаптавацца ў японскім грамадстве, але разам з гэтым аказаўся ў цэнтры палацавых інтрыг. Серыял атрымаўся такім удалым, што перамог ажно ў 18 намінацыях прэміі «Эмі», то-бок серыяльнага «Оскара».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

У Беларусі забаранілі гандаль піратэхнікай6

У Беларусі забаранілі гандаль піратэхнікай

Усе навіны →
Усе навіны

Рыэлтар: За 50 тысяч даляраў у Мінску ўжо з цяжкасцю купіш нават «бабушатнік»8

Алена Анісім цяпер працуе настаўніцай10

Беларуская бізнэс-лэдзі, якая жыве ў Літве, уключыла навагодні зварот Лукашэнкі. І адхапіла ў сацсетках78

У інтэрнэце разляцеўся фэйк пра атручэнне ў Маскве сірыйскага дыктатара Башара Асада1

Двайнікі вядомых беларусаў. І не кажыце, што не задумваліся пра іх падабенства17

Максіму Мірнаму выдалілі з галавы злаякасную пухліну. Жонка тэнісіста апісала, як сям'я перажывала гэта5

Марыя Пеўчых прапанавала зняць з Расіі санкцыі ў абмен на вызваленне палітвязняў21

Еўракамісія расказала, чым заменяць расійскі газ пасля спынення Украінай транзіту3

«Затрыманае развіццё»: усё больш маладых людзей адкладае дарослае жыццё на святога ніколі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі забаранілі гандаль піратэхнікай6

У Беларусі забаранілі гандаль піратэхнікай

Галоўнае
Усе навіны →