На тэрыторыі былой рэзідэнцыі Тышкевічаў бульдозеры руйнуюць гістарычны будынак, які называюць «баракам», а яго драўляныя часткі спальваюць.
Відэа са зносам колішняй гаспадарчай пабудовы апублікаваў тэлеграм-канал «Лагойская манюка».
Выцягнуты будынак стайняў (54х11 м) размешчаны ў паўночнай частцы былой сядзібы Тышкевічаў, недалёка ад палаца, ад якога застаўся невялікі фрагмент. Побач з ім знаходзіцца таксама будынак лядоўні.
Вялікі палацава-паркавы комплекс на беразе Гайны быў пабудаваны графам Піем Тышкевічам у 1814—1819 гадах у духу навамоднага ампіру. У 1842 г. у лагойскім палацы браты Яўстах і Канстанцін Тышкевічы заснавалі першы на Беларусі музей старажытнасцей, унікальную калекцыю якога пасля вывезлі ў Вільню. За савецкім часам сутарэнні палаца выкарыстоўвалі як вязніцу органы НКУС, а ў канцы вайны будынак падарвалі немцы. У пасляваенны час тэрыторыя парку стыхійна забудоўвалася.
Паводле меркавання супрацоўнікаў мясцовага музея, да якіх звярнуліся аўтары канала, сцены і крыццё стайні, якія цяпер зносяць, не маюць гістарычнай каштоўнасці. Быццам бы з часоў Тышкевічаў захаваўся толькі падмурак будынка, які не будуць зносіць і закансервуюць.
Аднак спецыялісты, да якіх мы звярнуліся па каментарый, адзначылі, што знос хутчэй за ўсё — самадзейнасць мясцовых уладаў, якія хочуць прыбраць з цэнтра горада непрывабны будынак, які сапраўды стаў нагадваць барак пасля таго, як яго прыстасавалі пад жытло.
Гэта стала магчымым, бо юрысты Міністэрства культуры ў апошнія гады дамагліся таго, каб рашэнні па работах на ўсіх помніках 3-катэгорыі, да якіх належыць і сядзіба ў Лагойску, прымаліся мясцовымі чыноўнікамі, а не спецыялістамі профільнага ведамства.
У маі 2024 года Міністэрства культуры змяніла склад сядзібы Тышкевічаў, замяніўшы «будынак былой стайні» на «рэшткі падмуркаў і цокаль былой стайні». Гэта было зроблена на падставе рашэння навукова-метадычнай рады пры Мінкультуры, але чым кіраваліся яе члены і хто быў ініцыятарам, невядома.
На думку спецыялістаў, заявы пра адсутнасць гістарычнай каштоўнасці ў будынка выглядаюць сумнеўнымі.
Па-першае, ніякіх заўваг у сваёй манаграфіі «Старинные усадьбы Минского края» пра аўтэнтычнасць будынка не робіць Анатоль Федарук, вядомы даследчык сядзібнай і паркавай архітэктуры, які б дакладна заўважыў, калі б будынак быў навабудам.
Па-другое, у 2016 годзе спецыялісты «БелНДІПгорадабудаўніцтва», якія маюць пасведчанне на навуковае кіраўніцтва на гісторыка-культурных каштоўнасцях, вывучылі сядзібу і склалі яе зоны аховы, таксама не заўважыўшы ніякага падвоху са стайняй. Праект быў распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу гістарычнай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Па-трэцяе, на карысць гістарычнасці будынка сведчыць сам яго характар. Гэта будынак, пабудаваны ў тэхніцы «ў шулах», калі бярвенні закідаліся ў пазы вертыкальных мураваных слупоў. Такая тэхніка вельмі распаўсюджана ў сядзібным будаўніцтве XIX — пачатку XX стагоддзя, але зусім нехарактэрная для калгаснага савецкага будаўніцтва.
Самі слупы таксама звяртаюць на сябе ўвагу сваёй дэталіроўкай, пра якую б не задумваліся савецкія будаўнікі. На фота, дзе ў час дэмантажу з іх адляцелі кавалкі тынку, бачны не толькі рэшткі карнізных паяскоў, але і рустоўка — дэкаратыўная імітацыя вялікіх каменных блокаў.
Цяжка ўявіць, што на гаспадарчай пабудове ці жылым «бараку» ў невялікім райцэнтры рабілі б рустоўку за савецкім часам.
Акрамя таго ў праекце зон аховы на тэрыторыі, дзе стаіць будынак стайні, не прапісаны дазвол на дэмантаж чаго-небудзь. Але няма і прамой забароны. Відаць, карыстаючыся гэтай няпэўнасцю, мясцовыя чыноўнікі самі сабе дазволілі дэмантаж графскіх стайняў.
Грошы на знос будынка, які стаяў у цэнтры горада і нікому не замінаў, чыноўнікі знайшлі. А на тое, каб умацаваць два апошнія фрагменты палаца Тышкевічаў, чые падножжы ўжо моцна разбурыла эрозія, а значыць, што ў хуткім часе можа не стаіць і іх, не.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬУ капліцы пад Смаргонню панішчылі саркафагі і раскідалі чалавечыя парэшткі
У Мінску разбіраюць Гістарычную майстэрню, якая захоўвала памяць пра Халакост
Сядзібу ва Ушацкім раёне забралі ў былых уласнікаў і цяпер прадаюць ізноў за бесцань
Мінскі тэатр імя Горкага закрыўся на рамонт. Якім ён будзе пасля абнаўлення
Каментары