«Быць найлепшым». Выйшаў кранальны фільм-біяграфія пра Робі Уільямса — з малпай у галоўнай ролі
Думаеце, мюзікламі вас не здзівіш? Не спяшайцеся рабіць высновы, пакуль не пабачыце ў кіно яркую прэм’еру Better Man — у Беларусі гэтую стужку паказваюць пад назвай «Быць найлепшым: гісторыя Робі Уільямса».
Сёння выходзіць столькі музычных баёпікаў, што ў гэтай разнастайнасці ўсё цяжэй знайсці нешта выбітнае. Глядзіце самі: за апошнія гады мы пабачылі фільмы пра Фрэдзі Мерк’юры, Элтана Джона, Эмі Уайнхаўс і нават, даруйце, пра расійскі поп-дуэт «Рукі ўверх».
Для фільма пра жыццё Робі Уільямса, брытанскай поп-легенды, выбралі іншы ракурс. Рэжысёр стужкі Майкл Грэйсі — ён жа зняў за сем гадоў да таго «Найвялікшага шоўмена» — прыдумаў паказаць у ролі Уільямса не чалавека-акцёра, а… малпу. Кажа, на гэта яго натхнілі расповеды самога Уільямса — Робі прыклаў руку да стварэння стужкі і перазапісаў для яе свае песні. Спявак дзяліўся з рэжысёрам, што ён бачыць сябе падобным да малпы на сцэне.
І цяпер, калі фільм выйшаў, можна казаць, што рызыкоўная ідэя спрацавала. Рэйтынгі ў стужкі, дарэчы, добрыя: напрыклад, на рэсурсе Rotten Tomatoes фільм набраў 90%, на платформе IMDb — 7,7 бала з 10.
Гэтае вельмі брытанскае кіно распачынаецца ў горадзе Сток-ан-Трэнт, дзе ў 1974-м нарадзіўся Уільямс. Хлапчук, тады яшчэ Роберт, пад уплывам бацькі пачаў слухаць джаз і свінг — напрыклад, Элу Фіцджэральд і Дзіна Марціна. Але больш за ўсё, мяркуючы па стужцы, на яго паўплываў Фрэнк Сінатра. Грэйсі пакажа нам прыгожую сцэну, як малпа-Робі разам з бацькам спявае геніяльны сінатраўскі трэк My Way. Гэтая песня пра чалавека, які прайшоў жыццё так, як сам жадаў, сваім шляхам, потым яшчэ раз прагучыць у фільме, і момант будзе такі кранальны, што рыхтуйце насавыя хустачкі.
А яшчэ бацька расказваў Робі пра гэта — унутраную якасць, якая можа зрабіць цябе зоркай, скажам, не горш за Сінатру: маўляў, або ты з гэтым нараджаешся, або ты — ніхто. Мабыць, з таго часу хлопчык пачаў барацьбу з гэтым нікім, з перспектывай застацца простым чалавекам, ад якой ён збягаў як мог.
Пра гэтую барацьбу Уільямс шчыра расказвае ў сваім баёпіку. Ён згадвае, як у падлеткавым узросце трапіў у музычны гурт Take That — сёння гэта легендарны брытанскі бойз-бэнд, — і як праз несуцішнае жаданне пратэсту сышоў адтуль.
Але было не толькі гэта: слава, абажанне і ўседазволенасць зваліліся на Робі, калі ён яшчэ не мог даць ім рады. Юнак шукаў паратунку ў алкаголі, наркотыках і антыдэпрэсантах, часам ён не кантраляваў сябе нават на сцэне. А калі і кантраляваў, то хаваў за сцэнічным нахабствам вялікі боль і страх ад таго, што, магчыма, ён усё ж такі не здолеў збегчы ад таго нікога, кім так баяўся зрабіцца.
Тая малпа, якую мы бачым у кадры замест Робі, створаная з дапамогай складанай камп'ютарнай графікі. Там ёсць і «ўнёсак» акцёра Джона Дэвіса, які стаў асновай лічбавага персанажа-малпы і адыграў амаль ва ўсіх сцэнах з ёй, а ёсць і рысы ўласна Робі — калі дакладней, у малпы яго вочы.
Як ні дзіва, але гэта аказалася правільным рашэннем. З малпай у кадры хутка звыкаешся, а потым разумееш: калі б на яе месцы быў чалавек, ён бы адцягваў на сябе лішнюю ўвагу. Зразумела, можна было б знайсці акцёра, больш-менш падобнага да Робі, падвучыць яго рысам спевака, яго манеры паводзінаў. Але калі гэтага няма, на першы план выходзіць сама кранальная гісторыя.
Тады ўсведамляеш, што ў нечым гэта не проста гісторыя Робі Уільямса, на яго месцы мог аказацца хто заўгодна. Мы ўсе часам робім дзіўныя і дурныя рэчы, здраджваем тым, хто нас любіць, губляем сваіх людзей, нечага вельмі баімся і шукаем ад гэтага паратунку там, дзе не трэба. Для Уільямса такім паратункам, як яму здавалася, будзе слава, але слава не зрабіла яго шчаслівым — аказалася, што для гэтага трэба нешта большае.
Але, як вы пабачыце ў канцы, Better Man — гэта ўсё ж такі фільм пра надзею. Уільямс шчыра згадвае няўдалыя адносіны са спявачкай Ніколь Эплтан і ўласнымі сваякамі, расказвае пра цяжкасці з ментальным здароўем, аднак дэманструе, што ўсё гэта можна перамагчы. Каб паказаць унутраных дэманаў, з якімі змагаўся Робі, у стужку нават дадалі трохі сцэн у стылі фэнтэзі.
А яшчэ, вядома, Better Man — фільм пра добрую музыку. Грэйсі не бамбардзіруе нас музычнымі нумарамі, як гэта часам робяць у мюзіклах, але галоўныя трэкі Уільямса ўсё ж прагучаць, і дадаткам будзе відовішчная харэаграфія. Глядзіце самі:
Better Man часам называюць «малпіным» баёпікам, але, калі прыгледзецца, галоўнае ў ім — не гэта. У яго стваральнікаў атрымаўся фільм, дзе ў тым, як расказаная гісторыя, выразна чуваць самога Робі Уільямса. Прадзюсар Гай Чэмберс казаў яму ў фільме, што песні атрымліваюцца каштоўнымі, толькі калі яны каштуюць нечага табе самому. І выглядае, што такая шчырасць у фільме шмат каштавала самому спеваку. Магчыма, таму і атрымалася так кранальна?
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары