Педагог адмовіўся выконваць незаконны загад кіраўніцтва — яго за гэта яшчэ і пакаралі
Якое бяспраўнае становішча педагогаў перад кіраўніцтвам навучальных устаноў, паказвае нават праўладны Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі.
Работніка навучальнай установы незаконна прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці, але даказаць сваю праўду яму самому не ўдалося, піша 1prof.by.
Паводле рэсурсу, наймальнік абавязаў падначаленага суправаджаць дзяцей у басейн, які знаходзіцца ў іншым населеным пункце.
Мала таго, што такога роду абавязак не прапісаны ў службовай інструкцыі супрацоўніка, дык яму яшчэ і не выдалі камандзіровачнае пасведчанне і, адпаведна, не выплацілі камандзіровачныя выдаткі.
Далей — больш: час, выдаткаваны на суправаджэнне дзяцей, не ўключаўся ў працоўны.
Выконваць даручэнне на такіх умовах супрацоўнік адмовіўся і быў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Як ні спрабаваў спецыяліст даказаць сваю праўду, нічога не выходзіла. Тады ён звярнуўся ў прафсаюз, адкуль прыйшло пісьмовае патрабаванне адмяніць загад аб прыцягненні члена прафсаюза да дысцыплінарнай адказнасці.
Толькі тады наймальнік прыняў рашэнне аб урэгуляванні працоўнай спрэчкі і адмене загада.
Каментары