У Беларусі зацвердзілі вучэбную праграму факультатыўных заняткаў «Аэробіка спартыўная» для навучэнцаў 2-9 класаў. Гэта замацавана пастановай Міністэрства адукацыі ад 18 кастрычніка 2024 года №128, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Праграма прадугледжвае 68 вучэбных гадзін для 2-га і 9-га класаў і 70 гадзін для 3-8-х класаў з частатой два заняткі на тыдзень.
У змест курса ўключаныя элементы спартыўнай аэробікі, гімнастыкі (спартыўнай і мастацкай), харэаграфіі (класічнай і народнай), акрабатыкі, а таксама практыкаванні для агульнай і спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі.
Школьнікі засвояць базавыя рухі класічнага, народнага і сучаснага танца, акрабатычныя элементы і іх камбінацыі, а таксама практыкаванні са спартыўнай аэробікі. Сярод элементаў класічнага танца прадугледжаныя дэмі-пліе, батманы і харэаграфічныя скачкі.
Акрабатычная частка ўключае кувыркі, шпагаты, «масткі», перакаты, «бярозку», «колы» і стойкі на руках ды галаве.
Пастанова ўступае ў сілу з моманту афіцыйнага апублікавання.
Каментары