Навукоўцы даказалі, што рэўнасць робіць настолькі моцны эмацыйны ўплыў на прадстаўніц прыгожага полу, што пагаршае іх здольнасць успрымаць зрокавую інфармацыю з навакольнага асяроддзя, паведамляецца ў артыкуле, апублікаваным у красавіцкім выпуску часопіса Emotion.
Аўтары даследавання, прафесары псіхалогіі з Делавэрскага універсітэта ў ЗША Стывен Мост і Жан Філіп Ларэнса паспрабавалі высветліць, наколькі моцна блізкія стасункі паміж людзьмі могуць закранаць іх базавыя магчымасці ўспрымання свету. У сваёй працы навукоўцы правялі эксперымент з добраахвотным удзелам гетэрасэксуальных параў, у якім жанчынам было неабходна выбраць выявы прыгожых ландшафтаў на экране кампутарнага манітора, якія хутка чаргаваліся з выявамі, непрыемнымі для ўспрымання. Пры гэтым іх партнёр сядзеў побач за экранам асобнага кампутара і, згодна з умовамі эксперыменту, ацэньваў прыгажосці тых ці іншых фатаграфій ландшафтаў.
На пэўным этапе гэтага эксперыменту даследчык прасіў мужчыну пераключыцца з адной задачы на іншую і перайсці з ацэнкі прыгажосці ландшафтаў на ацэнку прывабнасці жанчын, фатаграфіі якіх чаргаваліся на яго маніторы.
Па выніках гэтага эксперыменту жанчыны павінныя былі вызначыць сваю ступень раздражнёнасці і дыскамфорту ад таго, што іх малады чалавек займаўся падчас эксперыменту ацэнкай чужой прывабнасці. У выніку аналізу атрыманых дадзеных навукоўцы выявілі, што чым большую рэўнасць адчувала жанчына падчас эксперыменту, тым большае абурэнне ў яе выклікалі непрыемныя малюнкі на маніторы і тым горш яна спраўлялася з выяўленнем прыгожых ландшафтаў. Навукоўцы адзначаюць, што такое парушэнне зрокавага ўспрыманьня назіралася толькі ў той момант, калі мужчына займаўся ацэнкай чужой прывабнасці.
Аўтары даследавання лічаць, што іх праца мае вялікае значэнне для вывучэння ўзаемасувязі сацыяльных адносін і здольнасці да ўспрымання і паглыбляе ўяўленні навукоўцаў пра тое, як эмоцыі, звязаныя з сацыяльным узаемадзеяннем, могуць закранаць разумовы і фізічны стан чалавека. «Эмоцыі, якія ўзніклі ў кантэксце сацыяльных узаемадзеянняў, як аказалася, могуць уплываць нават на ўзроўні апрацоўкі сігналаў органаў успрымання», — пішуць навукоўцы ў сваім артыкуле.
У далейшым псіхолагі збіраюцца выявіць, як такія сацыяльныя ўзаемадзеянні могуць адбіцца на паводзінах і здольнасці да ўспрымання ў мужчынаў.
Каментары