17 лістапада ў Акадэміі навук Літвы прайшла канфэрэнцыя «Паходжаньне літоўскага геному». На ім прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Вайдуціс Кучынскас паведаміў пра вынікі апошніх дасьледаваньняў у Літве. Аказалася, што ў геноме літоўцаў значную частку складаюць такія спалучэньні ДНК, якія найчасьцей уласьцівы азіяцкім нацыям — прыкладна 37% у геноме мужчынаў. Іншы істотны кампанэнт літоўскага геному — гэта пэўная прымета, характэрная для Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы.
Пачатак XXI ст. быў адметны абвяшчэньнем вынікаў першага этапу міжнароднага праекту «Геном чалавека». Навукоўцы ў Лёндане і Вашынгтоне ў 2000 г. паведамілі, што здолелі амаль цалкам расшыфраваць пасьлядоўнасьць нуклеатыдаў, якія складаюць больш як 80 тысячаў генаў чалавечага арганізму.
Частку праекту складала дасьледаваньне на добраахвотніках — адна з кампаній-удзельніц дасьледавала ДНК 24-х ананімных добраахвотнікаў розных расаў і нацый, другая — пяці сваіх супрацоўнікаў. Было знойдзена пад тры мільёны адрозьненьняў паміж індывідамі, і менавіта індывідуальных адрозьненьняў у генах было значна больш, чым расавых.
Дасьледаваньні «генэтычнае мапы» чалавека, якія праводзяцца у сьвеце, найперш скіраваны на мэдыцынскія мэты. Сярод дасьледчыкаў з розных галінаў навукі пераважае меркаваньне, што сутнасьць і адметнасьць і людзей як асобаў, і нацыяў ня ўкладваецца толькі ў тую ці іншую камбінацыю генаў.
Каментары