30 сакавіка «Свабоднаму тэатру» спаўняецца дзесяць год. За гэты час мы шмат пісалі пра тэатр, яго спектаклі і актораў. Апошні раз грунтоўна і «за жыццё» мы гутарылі з рэжысёрам Уладзімірам Шчэрбанем акурат перад яго ад’ездам у Лондан чатыры гады таму. Чым стаў тэатр за гады існавання і які шлях прайшоў разам з ім яго рэжысёр? Як выглядае жыццё ў Лондане і ад якіх беларускіх звычак прыйшлося адвыкаць? Уладзімір Шчэрбань, якому ў гэтым годзе споўніцца 40, дае вялікае інтэрв’ю 34mag.
«Давялося прызвычайвацца, што чалавек у форме – табе не вораг,а горад належыць гараджанам»
— Як магчыма рэпетаваць спектаклі па скайпе?
— Так жа, як і рабіць гэтае інтэрв’ю! Канешне, з першым спектаклем было вельмі цяжка. Па-мойму, гэта былі «Родные и близкие» паводле Косці Сцешыка. Спектакль «цёмны» – акторы практычна не асвятляюцца, я іх бачыў у пікселях і разумеў толькі, што пляма пайшла направа, іншая рухаецца насустрач. Я прасіў: аднясіце мяне туды, «падніміце мне павекі». Я дастаткова эмайцына рэпетую, а тут пераходзіш на падвышаныя тоны і адразу завісае скайп. Але ёсць і плюсы: ты мусіш дакладна фармуляваць думкі і трымаць сябе ў руках.
— Бо могуць і гук выключыць.
— Акторы так і робяць: маўляў, мы не чуем цябе! Але з часам мы прызвычаіліся, і ўсё ідзе нармальна. Шмат камунікуем праз Facebook, таму можа падавацца, што мы там круглымі суткамі сядзім. Не, мы так працуем.
Я цяпер, як айцішнік, сяджу перад камп’ютарам палову свайго жыцця. І часам, калі стамляешся ад рэпетыцый ці ідзе збой сувязі, паспяваеш якую-небудзь лухту напісаць у Facebook. Зараз усе сядзяць у Facebook. І мне падабаецца, бо халера ведае што там адбываецца! Так, ты можаш наладзіць, каб цябе каментавалі толькі сябры, але гэта ж будзе нецікава! Цікава менавіта перасячэнне сэнсаў, эстэтык, усяго! Я вельмі не люблю гэтага стаўлення, маўляў, усе дэвайсы ад д’ябла, бо замест жывой размовы людзі сядзяць у тэлефонах, не заўважаюць адзін аднаго… Насамрэч наадварот, у чалавека з’явілася магчымасць мець сваю асабістую прастору.
— Складана было ўладкоўвацца ў Лондане?
— Мы не ведалі, што мы такія дарагія. У Менску ж як – хачу рабіць спектакль! Заўтра збіраемся, у каго хата ёсць? Сабраліся, зрабілі, максімум, што патрацілі, – грошы на праезд. А тут вельмі дорага. Нам дапамагалі, не ведаю, ці будуць далей, але той жа Кэвін Спэйсі даваў свае «Танэлі» пад рэпетыцыі – так, жахліва, гучна, шумна, але гэта была магчымасць.
Вельмі пашанцавала, што нас пад сваё крыло ўзяў Дэвід Лан, мастацкі кіраўнік тэатра Young Vic. Брытанія – гэта ж манархія, і яна тут ва ўсім. Дэвід Лан – кароль альтэрнатыўнага тэатра. І, нягледзячы на сваю занятасць, пагружае нас у гэтую рэчаіснасць з усімі яе плюсамі і мінусамі. У астатнім усё сумленна: пішы заяўкі на грант і будзь паспяховым. Хаця з гэтым таксама не ўсё адназначна. Пару месяцаў таму мне прапанавалі напісаць у блог The Guardian мае ўражанні наконт брытанскай рэчаіснасці, тэатра. Я не ўтрымаўся і напісаў як ёсць. Была вялікая дыскусія. Бо творчы чалавек тут, па сутнасці, робіцца майстрам заявак на грант. У гэтым няма нічога кепскага, але ў пэўны момант адбываецца падмена, ты прыходзіш у тэатр і бачыш, што ўсе спектаклі – аднолькавыя.
Ёсць рэч, да якой я ніяк не магу прызвычаіцца, – планаванне. Мне гэта нагадвае дзяржаўную тэатральную сістэму ў Беларусі. І я з гэтым змагаўся, сам «Свабодны тэатр» пярэчыў гэтаму, ён быў магчымасцю рабіць усё хутка, спантанна. А тут ты мусіш усё вылічваць, і для неўрастэнікаў – а ўсе людзі з Усходняй Еўропы неўрастэнікі ў параўнанні з брытанцамі – гэта цяжка. Але, з іншага боку, ты разумееш, што калі праект бярэцца ў распрацоўку, гэта будзе зроблена на вельмі высокім узроўні.
— Як складаюцца асабістыя стасункі з Лонданам?
— Я жыву зараз у Crystal Palace – гэта ўзгоркі, самая высокая кропка Лондана. Нядаўна бачыў мапу ў газеце і цяпер ведаю, што калі раптам ледавікі растаюць, Тэмза выйдзе з берагоў і затопіць горад, то застанецца толькі месца, дзе я зараз сяджу. Так што няблага ўладкаваўся.
Давялося прызвычайвацца, што чалавек у форме – табе не вораг. Горад належыць гараджанам, і калі ты міралюбіва пацягваеш алкаголь у парку, як гэта робіць большасць лонданцаў у сонечнае надвор’е, да цябе ніхто не будзе чапляцца. Хоць афіцыйна гэта і забаронена.
Увогуле самая вялікая праблема ў Лондане – гэта жытло. Яно неверагодна дорага тут каштуе і, як правіла, вельмі дрэннай якасці. Мне пашанцавала знайсці кааператыў, які раней быў сквотам, але стаў легальным і цалкам прыстойным жытлом, але ў яго ніжэйшы кошт, бо цябе могуць перасяліць у любы момант, калі ўладальнікі захочуць рабіць рамонт ці прадаць будынак, у якім ты жывеш. Гэта, канешне, для маладых, у каго толькі заплечнік з сабой, але мне спадабалася. Да таго ж тут можна спасцігнуць Лондан знутры. Раней я тут быў госцем, а цяпер – аплаціў пару разоў жыроўку, падключыў інтэрнэт (дарэчы, самы паганы ў Еўропе!) і ўжо адчуў сябе лонданцам. Тут я зразумеў, што мне падабаецца жыццё middle-класа – домік, свой садзік, схадзіць на кірмаш, набыць там які-небудзь арганік. Такія буржуазныя мары. Але нават рэдкі брытанец можа дазволіць сабе тут жытло. Раней я быў да гэтага няўважлівы. Я адпрацаваў восем год у нацыянальным тэатры, толькі потым даведаўся, што тэатр мусіў быў мне выдзеліць кватэру, а я – рэжысёр нацыянальнага тэатра, вышэй няма куды – так і пражыў у інтэрнаце яшчэ з двума людзьмі ў адным пакоі.
«Ідзі ў клуб, пацалуй там каго-небудзь – і пасля ты зможаш сказаць: так, я ведаю смак гэтага горада»
— Моцна давялося змяняцца з пераездам?
— Мне сёлета спаўняецца сорак год. Кажу – і сам не магу паверыць, як любы саракагадовы чалавек. Таму цяжка сказаць, што змяняецца ад геаграфіі, а што ад узросту. Але дакладна, я не стаўлю кропкі, для мяне гэта частка шляху – Менск, Лондан, – мне цікава, дзе я апынуся праз пяць год. Ёсць рэчы, якія я пакуль не магу сфармуляваць, разумею, што штосьці ўжо сышло назаўжды. І гэта не выклікае ўва мне настальгіі, маўляў, які я раней быў чысты, светлы, не. Напэўна, мусіць яшчэ прайсці час, каб знайшліся нейкія словы ці колеры для выяўлення гэтага. Але сэрца ўжо не грукае. З нагоды нейкіх амурных сітуацый.
— А здарыліся ўжо лонданскія амурныя гісторыі?
— Я заўжды кажу ўсім нашым артыстам, калі прыязджаем у новае месца: трэба пацалавацца з горадам. Гэта чыста фармальная задача: ідзі ў клуб, пацалуй там каго-небудзь – і пасля гэтага ты зможаш сказаць: так, я ведаю смак гэтага горада.
— Якія планы надалей?
— Мы вельмі хочам адкрыць тут сваю тэатральную школу, бо маем шмат напрацовак, выхаваць сваіх артыстаў, якія маглі б існаваць у розных тэхніках, методыках.
Зараз ініцыявалі дэбаты ў Парламенце, прысвечаныя свабодзе самавыражэння творчага чалавека. Бо зразумела, дыктатура дыктатурай, аднак тыя працэсы, якія зараз адбываюцца ў дэмакратычных краінах, як у Францыі, палохаюць. Зараз адбываецца вельмі сур’ёзнае наступленне на ірацыянальны спосаб спасціжэння свету. Бо мастацтва – гэта ж тое, што яшчэ не сфармулявана, але мастакі ўжо адчуваюць яго азадкам. І такія дэбаты – гістарычны момант нават для Брытаніі. Я ўсцешаны, што мы ў ім удзельнічаем.
— Цяперашні лад жыцця не абраны вамі, а навязаны. Гэта не раздражняе?
— Калі б вы ў мяне запыталіся тры гады таму, то, канешне, тады гэта было цяжка. Не хочацца зараз стагнаць і ўдаваць героя, ёсць людзі, якія нашмат больш самотныя ў сваім ладзе жыцця. Бо ў нас заўсёды была маральная падтрымка творчага асяродку, свайго кола. А каму патрэбны сантэхнік у Беларусі? Як яму не спіцца і не скурвіцца, увогуле выжываць?
Увесь тэатр у нас як бы вымушаны, і эстэтыка яго таксама нарадзілася з абмежаванняў. Мы, як японцы, навучыліся выціскаць максімум з мінімуму. Таму любы паварот лёсу мы выкарыстоўваем сабе ў плюс. У нас і раней было шмат фестываляў, а зараз мы сталі часткай сусветнага тэатральнага працэсу.
— Калі ставіш «Караля Ліра» ў лонданскім «Глобусе», гэта, пэўна, як выхад у адкрыты космас, і можна сказаць, што дасягнуў усяго, так?
— Ды не, «Кароль Лір» у нашым рэпертуары ўзнік, па вялікім рахунку, выпадкова. Больш за тое, калі Наташа Каляда, наш мастацкі кіраўнік, прапанавала гэтую ідэю, я спачатку адмовіўся. Бо навошта нам «Кароль Лір», гэта не наша поле дзейнасці. Сама ідэя «Свабоднага тэатра» была прынцыпова іншай – мы адмовіліся ад класікі, сказалі, што будзем займацца сённяшняй сітуацыяй.
Але, з іншага боку, гэта была прапанова, ад якой вельмі складана адмовіцца. Пастаноўка мусіла адбыцца ў рамках фестывалю Globe to Globe, прымеркавана да Алімпійскіх гульняў у Лондане. Канешне, амбіцыя грала: я заўжды хацеў паўдзельнічаць у Алімпіядзе! Узрост ужо не той, каб выйграць у стометроўцы, але хаця б так. Па-другое, было прыемна тузануць нашых наменклатуршчыкаў і прадставіць краіну, пры тым што дома мы граем «па зямлянках». І толькі пасля прэм’еры я даведаўся, што для брытанцаў гэта пік рэжысёрскай кар’еры – паставіць «Караля Ліра». Пасля можаш паміраць спакойна.
«І я ведаю, як гэта страшна, калі раз – і цябе няма»
— Як змяняецца «Свабодны тэатр» з цягам часу?
— Дзесяць год таму нам даводзілася проста бараніць права на сваё бачанне тэатра. Большасць трупы – гэта людзі з прафесійнай тэатральнай адукацыяй, і большая частка працавала ў прафесійным тэатры. Але з прычыны вонкавых абставінаў і нашай унутранай патрэбы мы апынуліся выціснутымі з афіцыйнай прасторы. Першыя пяць год мы былі больш заклапочаныя сабой і сваім досведам. Першы спектакль – «Псіхоз 4.48» Сары Кейн, у якім гаворка ідзе пра падваенне асобы. Першым забароненым спектаклем, які мусіў паказвацца ў «Графіці», была «Тэхніка дыхання ў беспаветранай прасторы» – гэта руская п’еса пра дзяўчынку і хлопчыка, якія ў хоспісе паміраюць ад раку. Зараз мы працуем з тэхнікай асабістага досведу, дакументальным тэатрам. Мы працуем з ценявымі зонамі грамадства.
— Склад тэатра моцна змяніўся за дзесяць год?
— Ад пачатку былі Коля, Наташа, я ў якасці кіраўніцтва і тыя пяць актораў, якіх я сабраў. І яны засталіся. Паша Гарадніцкі, Дзяніс Тарасенка – яны былі студэнтамі, а зараз гэта сур’ёзныя акторы. Дзіўна, тады сышлося вельмі шмат фактараў. Зразумела, потым хтосьці прыходзіў, хтосьці сыходзіў. Увогуле тэатры ў такім фармаце доўга не жывуць. Пазней з’явілася свая студыя і тое, што адтуль 3-4 чалавекі аселі ў тэатры, гэта вялікі плюс. І яны зараз упэўнена ўваходзяць у старыя спектаклі. Я запрашаў артыстаў фразай: хочаш працаваць – прыходзь і працуй. І да нас прыйшлі менавіта такія людзі. Ёсць такія, хто мне бясконца піша пра тое, як было б здорава разам, але далей нічога не ідзе.
Тое, што людзі без ніякай гарантаванай базы застаюцца ў тэатры, сведчыць: выпадковых людзей тут няма, кожнаму давялося зрабіць выбар. Напрыклад, калі мы прыехалі на нашы першыя гастролі ў Лондан са спектаклем «Быць Гаральдам Пінтэрам», Марына Юрэвіч па размеркаванні працавала ў Тэатры беларускай арміі. Яна «чыслілася», але не была задзейнічаная. І тут пачынаецца шантаж – заўтра а 9.00 ты мусіш быць у тэатры, інакш будзеш звольненая. І я памятаю гэтую ноч, мы ўсе былі на мяжы вар’яцтва. Што рабіць? Гэта пытанне: быць ці не быць а 9-й раніцы ў Тэатры беларускай арміі, ці дазваляць сабой маніпуляваць? А тады сітуацыя была такой, што калі ты выпадаеш з афіцыйнага тэатра, то ўсё, цябе няма. І Марына прыняла вельмі складанае рашэнне. Я сам – няма куды ўжо далей за Купалаўскі тэатр у Беларусі, асабліва калі прыходзіш туды працаваць адразу пасля інстытута. Пра гэта марыць кожны рэжысёр. І я ведаю, як гэта страшна, калі раз – і цябе няма. Ты вылецеў з сістэмы.
У Лондане тры гады таму мы атрымалі афіцыйную рэгістрацыю як тэатр. Зразумела, цяпер, апроч актораў, у нас ёсць менеджары, без якіх тэатр проста не можа функцыянаваць у Брытаніі. Да таго ж з’явілася шмат валанцёраў па ўсім свеце. Ды і акторы з самых розных краін цяпер удзельнічаюць у нашых праектах. Агулам тэатр зараз – гэта каля 40 чалавек. Але для беларускага мінкульта, па іх словах, мы дасюль аматарскі гурток, пра які яны нібыта нічога не ведаюць.
— Адзін з новых вашых спектакляў «Зямля-2» зусім не пра ценявыя зоны. Яго галоўныя героі – вадаправодчык, хлопец, які па п’янцы трапляе ў шпіталь, працоўны, які раптам пачынае ўсё ненавідзець. Што ў тым ценявога?
— Я даўно не быў у беларускіх тэатрах, але ці ёсць там такія звычайныя беларусы з іх звычайнымі пытаннямі? Мне падаецца, што «звычайны» чалавек з яго абсалютна неардынарным светам, у якім нешта можа падавацца смешным і недарэчным, застаецца табуяванай тэмай. Бо ён нефарматны. Максім Дасько, аўтар п’есы, цудоўны драматург, вельмі падрабязна выводзіць і перадае танальнасць гэтага драматычнага светаадчування. Магчыма, крыху іранічна, але ён выпісвае паўнавартасных людзей. Што такое для іх патрыятызм, любоў да радзімы? Зразумела, мы ўсе з культурнага асяродку, дзе свае праблемы, – ты за вышыванку ці супраць (не магу паверыць, што пра гэта спрачаюцца сур’ёзна), а тут чалавек, які жыве рэальным жыццём. На мой погляд, у чым дэмакратыя кожнага віда мастацтва – яно даследуе любога чалавека па-за сацыяльнымі, палітычнымі ці іншымі рамкамі.
— Ваша беларуская аўдыторыя ў нейкім сэнсе праходзіць адбор – пра спектаклі можна даведацца толькі па «сарафанным радыё». Не хочацца вырвацца з гэтага і паставіць спектакль дзе-небудзь у двары Шабаноў?
— Неяк на пачатку тэатра мы ездзілі ў Барысаў, там была абсалютна спантанная аўдыторыя. Звычайныя хлапцы з ПТВ, да якіх раптам прыехаў тэатр. У п’есе быў мат – і для адных гэта было крута, а для іншых – парушэнне табу, хтосьці стаў каментаваць: «Вы што, еб*нуліся? Што гэта?» Рэакцыя была вельмі жывая, яны каментавалі, уцягваліся, плявалі акторам у твар – дарэчы, плявалася інтэлігентнага выгляду жанчына. Таму мне было б цікава, як бы адрэагаваў на п’есу Дасько які-небудзь сантэхнік. Бо звычайны чалавек не расцэньвае сябе як нагоду для мастацтва. Думаеш, што гэтае лайно пад назвай «маё асабістае жыццё», яно такое – абы-якое. І раптам, калі пра гэта пачынае казаць мастацтва, надыходзіць момант вызвалення. Спантанны глядач – гэта самае цікавае. Спрактыкаваны можа пасядзець, культурна пасумаваць, а тут як дзеці: калі сумна – усё.
Не мы адбіраем гледача, ён сам «адбіраецца». Ён унікальны. Калі мы яшчэ былі ў Менску, да нас прыязджалі адборшчыкі з розных фестываляў і проста афігевалі, бо гэта сусветная праблема, як прыцягнуць маладую аўдыторыю ў тэатр. А тут нічога рабіць не трэба. Я веру ў актыўнага гледача, мусіць быць патрэба даведацца пра нешта, а для гэтага пераадолець перашкоду. І тады спектакль робіцца больш, чым спектакль.
«Усе закрыліся і задраілі шлюзы, перасталі ставіць перад сабойвялікія мэты»
— Якая карцінка Беларусі малюецца з тых п’ес, якія дасылаюць вам на конкурс?
— На апошні конкурс было даслана больш за паўтысячы п’ес. Я магу дакладна сказаць, што зараз прыйшло новае пакаленне драматургаў, якому я радуюся. Яны ўспрымаюць сябе часткай свету. Засвоілі папярэдні досвед і рухаюцца далей. Перад імі не стаіць пытанне, ужываць ненарматыўную лексіку ці не, а дзесяць год таму гэта нават не абмяркоўвалася, бо калі ты сказаў «х*й» – усё, гэта не мастацтва. Але мяне насцярожвае, што ўсе сышлі ва ўнутраную эміграцыю і гэта ўспрымаецца як мае быць. Мы як «Свабодны тэатр» таксама, нават калі былі ў Беларусі, знаходзіліся ў эміграцыі. Мы паслалі афіцыёз, ён выкрасліў нас, пазбавіў афіцыйнага статусу, аднак мы верылі і верым, што мы гаспадары свайго жыцця. А зараз у мяне адчуванне, што сітуацыя нязменнасці настолькі стала звычайнай, што чалавек добраахвотна здаўся ў палон. Усе сказалі: я стаміўся, чаму я мушу нешта мяняць, што вы ад мяне хочаце, я буду проста жыць, смяяцца з сябе. Закрыліся і задраілі шлюзы. Перасталі ставіць перад сабой вялікія мэты. Праца нібыта ідзе, але мара знікла. Магчыма, я памыляюся.
— Тэатр наогул можа жыць ва ўнутранай эміграцыі?
— Мастак можа. Многія так і жылі з тых, хто зараз у любой мяшчанкі вісіць на кухні, Ван Гог, там… Ёсць карціна – ёсць ён. А тэатру патрэбны глядач, рэакцыя. Без глядацкіх апладысментаў актор страчвае сэнс жыцця. Мы зараз існуем у дваістасці: з аднаго боку – тэатр раз’язджае па ўсім свеце, хто пра нас толькі ні напісаў, а дадому акторы прыязджаюць – і яны ніхто. Ну добра, калі хтосьці напіша ў сацсетках, маўляў, малайцы. І для актора гэта вельмі сур’ёзнае выпрабаванне.
— Чалавек, які абірае рабіць толькі тое, што хоча сам, – геданіст у нейкім сэнсе. Можна назваць «Свабодны тэатр» такімі геданістамі?
— Я лічу, што займацца творчасцю – гэта прывілей. І гэта вельмі цікавая форма камунікацыі. З іншага боку, менавіта таму, што ў нас ёсць прывілей выходзіць да людзей, не быць адарванымі ад камунікацыі, мы намагаемся рабіць нейкую значную працу. Мы заўжды крычалі пра рэчы, да якіх шмат хто ўжо проста прывык. Ну што такога, адзін раз ударылі дручком? Не, гэта страшна, нам гэта не падабаецца, нам не падабаецца, што, калі ідзеш на спектакль, не ведаеш, ці вернешся ты дамоў – гэта ж каменны век.
— Што вы будзеце рабіць, калі раптам «Свабодны тэатр» дазволяць, запросяць у Купалаўскі?
— Гэта тое, пра што нас рэгулярна запытваюцца, маючы на ўвазе, што ў нас усё будзе херова. Маўляў, мы існуем, пакуль існуе дыктатура. Але ў свеце мастацтва ніякая палітыка не дапаможа, калі на цябе не прыходзіць аўдыторыя. Мы прафесійныя людзі, і легалізацыя – гэта тое, пра што мы марым. Мы хочам свой тэатр, прастору, дзе мы зможам стабільна рэпетаваць. Каб навучэнцы студыі Fortinbras маглі мець афіцыйную стыпендыю, а не рэпетаваць па вечарох пасля працы. Нам ёсць што сказаць, у нас вялікі досвед, кантакты па ўсім свеце, і мы б хацелі вывесці тэатральную Беларусь на сусветны ўзровень. Бо тое, што існуе зараз, – гэта спажывецтва. Прывозяць старыя спектаклі, хай і нядрэнных рэжысёраў, а самі вы што робіце? Пры гэтым таленавітых людзей вельмі шмат.
— Акторы, якія знаходзяцца зусім побач з гледачом, дакранаюцца да яго, і часта заўважна, што гэта дыскамфортна і нязвыкла беларускаму гледачу.
— Беларускі афіцыйны тэатр – гэта фанабэрыя. Гэта прорва паміж тым, што на сцэне, і залай. І ў гэтым уся афіцыйная культура: выканаўцы баяцца гледачоў, гледачы баяцца выканаўцаў, а паміж імі – бездань. А мы вымушана сталі граць у пакоі, дзе ўжо нікуды не схаваешся. Мы граем усе свае спектаклі пры агульным асвятленні. Акторы спачатку прасілі, маўляў, давайце выключым святло ў залі, хаця б частку. Што ад гэтага зменіцца? Ёсць жывыя людзі, ёсць жывая сітуацыя, з ёй і трэба працаваць.
— Працаваць з асабістым досведам – як гэта даецца акторам?
— Гэта нялёгка любому чалавеку. Я зараз збіраюся аднавіць спектакль «Зона маўчання». Першая частка яго – «Легенды дзяцінства», дзе героі распавядаюць пра пераломныя моманты. Я проста папрасіў прынесці што-небудзь, што захавалася з дзяцінства, ва ўсіх так ці інакш застаецца якая-небудзь бязглуздая драбяза. Табе падаецца, што гэта няважна, а потым пачынаеш распавядаць і вырастае цэлая гісторыя.
Гэта быў першы досвед такой працы. Косця Сцешык мне дапамагаў тады і пасля рэпетыцыі нават напіўся, хаця ўвогуле ён практычна не ўжывае.
Свет мае вялікую патрэбу ў досведзе прыватнага чалавека, звычайны чалавек знаходзіцца ў татальнай адзіноце, ён не бачыць фільмаў пра сябе, пра тое, што яго сапраўды хвалюе. Калі Алег Сідорчык выходзіць да гледача з нейкім хламам, а потым аказваецца, што гэтую дробязь ён дастаў з кішэні сына, якога адвозілі ў морг, бо той павесіўся, глядач можа сказаць: «Навошта гэта? Гэта занадта асабістае». І калі адзін з нашых актораў прыйшоў і сказаў, што хоча пра гэта распавесці, я не ведаў, як мне быць, бо тут ужо сканчаецца тэатр. Ён тры гады пасля таго, як гэта здарылася, піў і нікому з нас не распавядаў, як страціў сына. Спачатку ён нават не мог сфармуляваць, аднак у выніку для яго гэта стала формай памяці пра сына. Як фотаздымак.
Калі сціраецца мяжа паміж тэатрам і не-тэатрам, толькі тады пачынаеш рэагаваць па-сапраўднаму. Справа не ў тым, каб выцягнуць з сябе што-небудзь чорнае, бо няма чорнага ці белага, ёсць проста досвед. Мы не кажам, добра гэта ці дрэнна, мы проста кажам: вось так здарылася, падабаецца нам гэта ці не. Гэта зусім іншы ўзровень стасункаў. Вельмі крохкія спектаклі атрымліваюцца, бо актор сам з’яўляецца персанажам. І калі ён сыходзіць, сыходзіць і спектакль. Менавіта гэта цікава. Права гледача – падняцца і сысці, калі яму занадта дыскамфортна.
-
У Гомельскім драматычным тэатры — кадравыя чысткі. Зноў праз «палітыку»
-
«Будзе смешна і балюча»: «Купалаўцы» прэзентуюць заўтра новы спектакль. У галоўных ролях — Манаеў, Белахвосцік, Гарцуева
-
«Рашэнне прыйшло звонку». Што адбываецца ў віцебскім тэатры, дзе ў спектаклі прагучала «Жыве Фландрыя!» і пачалася чарада звальненняў?
Каментары