Гісторыя44

«Пахне чабор!» — «Пахне вечна!» Водар, які набыў новы сэнс

«Пахне чабор»… Чуеце водар? Што ён значыць для вас? І само слова — чабор? Якія асацыяцыі выклікае? Гэта той выраз, які, як і многія іншыя, змяніў свой сэнс пасля 2021 года.

Фота: shutterstock.com, by Ulrich22.

Артыкул, апублікаваны ў свой час у часопісе «Наша гісторыя», у 2019 годзе, стаў у нейкім сэнсе прарочым. Недзе на рубяжы вясны-лета 2021 г. ў шырокіх народных колах узнікла ідэя ўжываць лозунг «Пахне чабор» як зашыфраваную замену для «Жыве Беларусь» — за які тады ўжо масава каралі, хаця яшчэ і не аформілі гэта нейкім псеўдазаконам. 

Упершыню лозунг выкарыстаў чалавек, які выйшаў на волю з Акрэсціна. Імя яго пакуль не называецца. На гэта яму людзі адказалі «Пахне вечна!».

Аднымі з першых гэтую фразу падхапілі журналістка Любоў Лунёва і рэжысёр Уладзімір Максімкаў. Але, галоўнае, фраза пайшла ў народ. Фразу бачылі выдрапанай на дне алюмініевых місак мінскай турмы Валадарка і на сценах турэмных камер у Жодзіне. Я сам асабіста бачыў яе на сцяне нашай камеры ў Магілёве. «Радыё Свабода» і тэлеканал Белсат назвалі «Чабор» і «Пахне чабор» словам і фразай 2021 года. Але аўтару, кім бы ён ні быў, пакуль не даводзіцца разлічваць на лаўры. Хутчэй наадварот. Вядомыя выпадкі, калі людзей саджалі і штрафавалі за гэтую мілую фразу — цытату з верша класіка, які ўсе вывучаюць у школе! Так што напісаць гісторыю новага лозунгу можна будзе толькі тады, калі сённяшні беларускі абсурд удасца пераадолець. Дажыць бы… 

Але чабор дакладна ў выніку гэтай гісторыі — горкай і кранальнай адначасова — умацаваў свае пазіцыі сярод прэтэндэнтаў на званне галоўнай нацыянальнай расліны.

Сімвал позняй БССР

У традыцыйнай беларускай культуры чабор (Thymus vulgaris), можа, і не быў надта адметны. Але ён здаўна ўжываўся як зёлкавая гарбата ці сам сабою, ці ў складзе збораў. Напрыклад, з мёдам — як прафілактыка або лекі ад кашлю.

Выбух жа папулярнасці гэтай расліны адбыўся ў пасляваеннай БССР. Тады чабор раптам зрабіўся адным з нефармальных сімвалаў Савецкай Беларусі, увасобленым у дзясятках паэтычных вобразаў і камерцыйных брэндаў. Каб прыгадаць тыя вобразы, не трэба асабліва і напружваць памяць. Бо хто не памятае славутага верша Петруся Броўкі «Пахне чабор»? Яго ў школе абавязкова вучылі на памяць.

Выдадзены ў 1982 годзе зборнік вершаў Ларысы Геніюш называўся «На чабары настоена», і ў ім чабор ды ягоны моцны водар згадваецца ажно ў чатырох вершах. У тым жа 1982-м з’явіўся песенны хіт у выкананні ВІА «Чараўніцы» — «Пах чабаровы». А яшчэ можна згадаць народную песню «Чабарок» пра міленькага, у якога «крывенькія ножкі». Вядомую, дарэчы, у апрацоўцы Несцера Сакалоўскага, аўтара музыкі дзяржаўнага гімна Беларусі.

Страшна папулярнай у позняй БССР была і назва «Чабарок»: так называліся безалкагольны напой, цукеркі, узорныя танцавальныя ансамблі, садовыя таварыствы, санаторый пад Баранавічамі, дзіцячы лагер, шматлікія прадуктовыя крамы, а ў многіх гарадах і мястэчках (асабіста ведаю прынамсі пра Гомель, Наваполацк, Барысаў, Нясвіж, Светлагорск, Моталь, Антопаль) — рэстараны, кафэ, бары або сталовыя.

Апошнія пераважна практыкавалі нарматыўную беларускую савецкую кухню паводле «Зборніка рэцэптур нацыянальнай кухні», які з 1956 года выпускаў Саўмін СССР, а з 1983 года — саўміны саюзных рэспублік. Прыгожая расліна стала адным з сімвалаў беларускага савецкага патрыятызму.

Сёе-тое з суквецця «Чабаркоў» па інерцыі дажыло да нашых часоў, хоць, бадай, ужо мала хто адчувае той сімвалізм, хай сабе і абмежаваны строгімі савецка-бюракратычнымі рамкамі, які ўкладаўся ў вобраз гэтых зёлак у 70-я і 80-я.

Тым больш што рэстараны і кавярні, якія захавалі назву «Чабарок», часцей за ўсё адмовіліся ад невыразнай і сёння слаба запатрабаванай беларускай савецкай кухні. Да чагосьці ж абноўленага нацыянальнага яны таксама пакуль не дайшлі.

Мігрант з Міжземнамор’я

Чабор як лекавую і араматычную расліну ведалі ўжо ў Старажытным Егіпце. Англійскае і старафранцузскае слова thymе, лацінскае thymus і вядомае таксама і ў нас слова цім’ян паходзяць ад грэцкага thumon, а тое — ад дзеяслова thuein — «спальваць як ахвяру». Егіпцяне выкарыстоўвалі эфірны алей расліны як кампанент сродкаў для бальзамавання.

Радзіма чабару — Міжземнамор’е, але паступова ён распаўсюджваўся на поўнач. Дзякуючы ў тым ліку рымлянам, якія верылі, што чабаровы водар дадае мужнасці легіянерам і «ачышчае» жытло.

Пазней гэтае павер’е ўспадкавалі і заходнія еўрапейцы. Гожыя паненкі дарылі галінкі чабару сваім рыцарам, іх клалі пад падушкі, каб абараніцца ад начных кашмараў, абкурвалі дымам дамы ад злых духаў і клалі ў труны нябожчыкам — каб палегчыць тым пераход у іншы свет.

Для лекаў і кахання

У многіх міжземнаморскіх краінах чабор ці адмыслова вырошчваюць, ці збіраюць дзікарослы ў прамысловых колькасцях. Усе турэцкія гатункі чабару паступаюць на рынак пад найменнем Kekik. Усе іспанскія, якія збіраюцца ў дзікарослым выглядзе, прадаюцца пад агульнай назвай Tomillo. У кожнай культуры вобраз гэтай спецыі і травы, з якой яна вырабляецца, чымсьці адрозны.

У беларускіх хатах таксама паўсюль можна было сустрэць вянкі з чабару і мяшэчкі з ім.

Ароматэрапеўты распавядуць вам, як пах чабару паляпшае настрой і самаацэнку.

Сучасная медыцына сцвярджае, што чабор спрыяе кроваўтварэнню, паляпшае дзейнасць страўніка і стымулюе імунную сістэму. Да таго ж ён мае моцнае антысептычнае дзеянне, таму яго часам называюць «прыродным антыбіётыкам».

Нездарма ў адным з вершаў Янкі Купалы, напісаным у пачатку ХХ стагоддзя, чабор ляжыць на прылаўку перад бабулькай-прадаўшчыцай на рынку разам з іншымі лекавымі зёлкамі:

Ляжаць перад бабкай,
Ці вечар, ці ранак,
Пучкі дзівасілу,
Чабор і румянак.

А ў беларускай лірыцы пах чабару сімвалізуе бесклапотную летнюю цеплыню, дурман кахання і сувязь з роднай зямлёй. Невыпадкова ажно два беларускія літаратары мелі ці маюць такія псеўданімы: актывіст нацыянальнага руху ў міжваеннай Заходняй Беларусі Янка Чабор і наш сучаснік Пятро Чабор. Не грэбавалі ім і палітыкі: П. Чабор — адзін з псеўданімаў дзеяча Беларускай сялянска-работніцкай грамады Пятра Мятлы.

Чабор у кулінарыі

Чабор часта ўключаюць у склад розных сумесяў спецый, самая вядомая з якіх — «праванскія зёлкі» (herbes de Provense). Яна папулярная як на радзіме, у Паўднёвай Францыі, так і ва ўсім свеце.

Акрамя чабару, у склад гэтай сумесі ўваходзяць кервель, эстрагон, чабер (сваяк чабару, які ў нашых краях у дзікарослым выглядзе не расце), маяран, размарын, лаванда і часта фенхель. Гэтая сумесь выкарыстоўваецца для прыгатавання многіх страў Паўднёвай Францыі, асабліва рыбы, але таксама мяса і гародніны, у тым ліку славутага рагу «рататуй».

Вядомы таксама «захтар» (Zahtar) — сумесь з Іарданіі, якую найбольш выкарыстоўваюць для барбекю з бараніны. Арыгінальны смак складаецца з арэхавага — кунжуту, духмянага — чабару і кіслага — сумаху.

Збор травы (галінак) чабару адбываецца да наступлення перыяду цвіцення (чэрвень — пачатак ліпеня). Маладыя атожылкі высушваюць на паветры, на зацененай пляцоўцы або ў сушылцы з добрай вентыляцыяй. Затым галінкі абмалочваюць і прасейваюць для выдалення здранцвелых фрагментаў сцёблаў.

Як спецыя чабор трапіў у шляхецкую кухню Рэчы Паспалітай даволі позна, прыкладна ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Але і праз стагоддзе ўжыванне яго ў кухні яшчэ было даволі абмежаваным.

Галоўным чынам ён выкарыстоўваўся ў стравах, запазычаных з нямецкай кухні — для заправы тушанага мяса (ялавічыны і дзічыны), а таксама фаршу з гусей і дзікіх птушак, фаршыраванага і запечанага ялавічнага страўніка, каўбасных фаршаў ды рыбных паштэтаў.

Куды лепш наша шляхта рассмакавала чабор у эпоху Асветніцтва, калі ў Рэч Паспалітую прыйшла мода на французскія стравы. Шмат рэцэптаў страў, якія гатаваліся з чабаром, можна знайсці ў славутай кнізе Войцеха Вялёндкі «Дасканалы кухар». Гэта пераважна булёны для гатавання мяса, тушаныя стравы з воднай птушкі, соусы для марынавання і кансервавання мяса.

У сучаснай кухні чабор найчасцей выкарыстоўваецца як дадатак да мяса, у прыватнасці печанага або смажанага на грылі, да гуляшу, леча, папрыкашу, дзічыны. Таксама ён паляпшае смак салатаў, сыроў, тушаных або смажаных памідораў. Выдатна спалучаецца з бульбай, пятрушкай, часнаком, цыбуляй і лаўровым лістом. Таксама папулярны пры прыгатаванні куранят, запечаных у зёлках, паштэтаў, крэм-супу з таматаў або квяцістай капусты, піцы з салямі, печанай «чырвонай» рыбы і многіх іншых страў.

Нядаўна ў Польшчы пачалі вырабляць і сваю арыгінальную мяшанку зёлак — «Зёлкі польскай кухні» (Zioła kuchni polskiej), відавочна як адказ на «праванскія зёлкі». У яе склад уваходзяць сушаныя пятрушка, зялёная цыбуля, кроп, любіста, маяран, чабор, чабер, эстрагон.

А вось беларуская кухня дагэтуль усур’ёз з чабаром не пасябравала, нягледзячы на тыя ж гістарычныя перадумовы. Хоць асобныя нашы энтузіясты нацыянальнай кухні такія эксперыменты ўжо ставяць. А варта было б і беларусам па прыкладзе суседзяў падумаць пра падобную мяшанку «з нацыянальным водарам і смакам». Прытым адрасавацца гэта мусіць не толькі турыстам, а падзяляцца як своеасаблівы агульны «пароль» крытычнай колькасцю саміх нашых людзей.

Чабор — годны сімвал нацыянальнай культуры, з добрым патэнцыялам для развіцця, хай сабе і сфармуляваны ў савецкую эпоху. У цэлым сучасная публіка прыхільна сустракае новыя падкрэслена патрыятычныя прадукты, заснаваныя на вобразе гэтай травы. І гэта дае надзею, што ў такога вобразу ёсць не толькі мінулае, але і будучыня. А пакуль, як прыйдзе чарговае лета, знайдзіце час, у чэрвеньскі сонечны дзянёк паедзьце на прыроду і з асалодай удыхніце цёплы і востры пах чабаровы…

 ***

Чабор (thymus) — расліны з роду шматгадовых паўхмызнякоў сямейства ясноткавых (Lamiaceae). У Беларусі можна сустрэць 3 віды чабару: чабор паўзучы, або звычайны (Thymus vulgaris; народныя назвы цымбер, цэбрык, калатовічкі), чабор блышыны (Thymus pulegioides) і чабор Маршала (Thymus marschallianus).

Расце на лясных палянах і ўзмежках, на баравых пясках. Цвіце ў чэрвені — жніўні, плады выспяваюць у жніўні — верасні. Расліна вельмі духмяная, з рэзкім цёплым водарам, абумоўленым у асноўным фенольнымі лятучымі духмянымі рэчывамі — тымолам і карвакролам.

У ежу спажываюць лісце і маладыя парасткі ў свежым і сушаным выглядзе як гарбату і прыправу да многіх страў. У медыцыне ім карыстаюцца як заспакаяльным сродкам пры разладзе нервовай сістэмы, хваробах бронхаў, органаў стрававання, коклюшы, рэўматызме.

* * *

Чабор у творчасці беларускіх паэтаў

Пятрусь Броўка

Хіба на вечар той можна забыцца?
…Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,
Штосьці спявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор,
Пахне чабор…

* * *

Ларыса Геніюш

Стаяць дрэвы, бы здані белыя,
Паліць сонейка, скрозь трава.
Чабаром густым з ніў павеяла,
Завінулася галава.

* * *

Пімен Панчанка

Меднастволы, як выліты высіцца бор,
Зацвітае на ўзлессі блакітны чабор,
Заглядзелася сонца у люстра азёр, —
Гэта ты, мая Беларусь!

* * *

Генадзь Бураўкін

Быццам матуля ішла да крыніцы,
Выліла ў полі вядро сырадою…
Пахне чаборам і медуніцай.
Пахне вашчынаю маладою.

* * *

Васіль Зуёнак

Ой, краса чабарова,
Вочы сінія,
Заламаныя бровы
Ўсё асілілі…
…Ой, краса чабарова,
Чары чорныя…
Адышла за дуброву
Ночка зорная…

* * *

Расказвае ўладальнік міні-бровара, які варыць у тым ліку і арыгінальны гатунак піва «Чабор»:

— Часта з сябрамі хадзілі ў паходы. З успамінаў: раніца на высокім беразе Іслачы, панцак, тушонка і гарбата з чабарком для бадзёрасці і добрага настрою — незабыўна. І бабуля ў вёсцы пад Любчай у чэрвені часта з чабарку рабіла гарбату. Ну і, канечне, верш «Пахне чабор» ды іншыя. Захацелася зварыць піва з такой яскравай беларускай ноткай. Так нарадзіўся гэты гатунак: жытні «гозэ» з чабарком паводле аўтэнтычнай нямецкай тэхналогіі.

Піва закісляецца натуральным шляхам з удзелам дражджэй Lactobacillus і мясцовых Brettanomyces. Чабор дадаём у два этапы: на варку і потым перад самым разлівам, бо пах расліны адрозніваецца пры рознай тэрмічнай апрацоўцы. Немцы робяць класічны «гозэ» з пшанічным соладам і дадаюць каляндру. А мая версія — з жытнім соладам і чабарком.

* * *

Віталь Броўка, які да 2021 года трымаў бар у Віцебску:

— Люблю дадаваць свежы чабор у мясныя стравы. А сухі часта ўжываю заміж арыгана (мацярдушкі) або праванскіх зёлак. Асабліва ў салатках з сырам. Чабарок у сям’і заўжды збіралі і ўжывалі, але толькі як гарбату. Асабліва ўзімку і ад прастуды. А ўжо недзе ад 2000-га мы з братам, смажачы грыбы, сталі кідаць у алей часнок разам з галінкамі свежага ці сухога чабару. А ўслед за тым і ў мяса, асабліва тушачы труса.

Рэцэпт даволі просты: свежага, пажадана даволі тлустага труса, нацёртага соллю і чорным перцам, абсмажыць у разагрэтым алеі, дзе папярэдне ўжо прасмажылі з тузін галінак чабару з кветкамі і 3—4 зубочкі часнаку. Галінкі і зубочкі лепш дастаць з алею, як кідаеце мяса, каб потым не заміналі. Абсмажыўшы на вялікім агні да корачкі з абодвух бакоў, трэба дакінуць крышаныя моркву, цыбулю і накрыць. Праз 5 хвілін усё перамяшаць, пасыпаць сухім чабарком і ўліць крыху вяршкоў ці тлустага малака. Накрыць і на ціхім агні тушыць 30 хвілін. Падаваць з варанай ці печанай бульбай і свежай гароднінай.

Каментары4

  • выаыва ывфа фаы
    18.07.2024
    дарэчы, трошкі чабору ў гэтым годзе нарасло каля 15 корпуса БНТУ. Калі выходзіце з метро ды ідзяце ў бок кварталу Магістр, то справа проста на газоне які памеж метро і сталоўкаю расце чабор. пчолкі там лётаюць. калі хто хожа пабачыць ўжывую, то можа паспець, калі не скосяць.
  • Каліноўскі - дыктатар Літвы
    19.07.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Тадэвуш Касцюшка
    21.07.2024
    Хто выракся ад сцягу, гербу, роднай мовы ды нават ад уласнай саманазвы народу, так, будзе нюхаць траву. На большае вы не вартыя.

Лукашэнка стаў прадзедам13

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

УЕФА па выніках матча з мінскім «Дынама» аштрафаваў «Легію» за антылукашэнкаўскія плакаты фанатаў1

Новая вакцына ад ВІЧ прайшла фінальнае выпрабаванне. Эфектыўнасць — рэкордныя 99%8

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

Беларускай блогерцы адмовіліся прадаваць рэмень «Луі Вітон». Яна абураная40

Беларусам стане складаней ехаць на заробкі ў Літву. Там змяніліся правілы падачы на ДНЖ

Ігара Кулея звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін «Белсата»22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам13

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →