Анжаліка Борыс абрана старшынёй Саюзу палякаў
Дзесяткі людзей слухалі жывую трансляцыю з'езду на вуліцы, бо месца ў залі хапіла не ўсім.
15 сакавіка ў Гродне на VII з'ездзе непрызнанага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі лідэрам аб'яднання зноў абрана Анжаліка Борыс.
Для ўдзелу ў выбарах старшыні СПБ былі вылучаны дзве кандыдатуры — А.Борыс і кіраўніка Гродзенскай гарадской арганізацыі аб'яднання Мечыслава Яскевіча. Бюлетэні 163 са 165 дэлегатаў з'езда, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, былі прызнаны сапраўднымі. За Анжаліку Борыс прагаласавалі 148 дэлегатаў, за М.Яскевіча — 15.
Лідэр СПБ выказала падзяку дэлегатам з'езду за давер і падтрымку на працягу апошніх чатырох гадоў і заявіла, што працягне дзейнасць аб'яднання па нацыянальна-культурным адраджэнні палякаў, а таксама будзе імкнуцца да легалізацыі СПБ.
Удзельнікі з'езда абралі раду з 25 чалавек і прынялі адозву да кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з прапановай наладзіць дыялог паміж аб'яднаннем і дзяржаўнымі структурамі, які, на іх думку, павінен садзейнічаць афіцыйнай рэгістрацыі СПБ.
У сваім выступе лідэр Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч зазначыў, што ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў былі спробы пасварыць палякаў з беларусамі, аднак яны скончыліся безвынікова, паколькі «немагчыма пасварыць блізкія народы, якія на працягу стагоддзяў узаемна абагачалі культуры адзін аднаго».
Каментары