Скалістыя гранітныя кар’еры, азёры ў барах і «панскае мінулае», памяць пра якое нясуць тамтэйшыя жыхары — усё гэта ёсць на мяжы Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў. Пра адзін з самых нязведаных акрайцаў Беларусі піша Сяргей Харэўскі.
Мяжа Гомельшчыны і Брэстчыны — адзін з самых маланаселеных раёнаў Беларусі. І рэдка адведваных: мала які турыст забрыдае ў гэтыя глухія закуткі. Асабліва пасля Чарнобылю. Між тым радыяцыйнае забруджанне насамрэч мала кранула гэты пас.
Скалістыя гранітныя кар’еры глыбінёю да 30—35 метраў, азёры ў барах і «панскае мінулае», памяць пра якое нясуць тамтэйшыя жыхары — усё гэта ёсць на мяжы Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў.
Ленін з часоў Жыгімонта
Скрозь сцёрты ўшчэнт асфальт дарогі ззяе ружовы гранітны жвір. Таго мікашэвіцкага жвіру тут — аж рабаціць у вачах. Дарога вядзе ў дзікія мясціны. Скрозь вербалоз і алешнік відаць даўно не засяваныя, парослыя куп’ём палі. Усе ленінскія ваколіцы належаць паляўнічаму заказніку.
Цераз дарогу скачуць казулі. Спынішся ля рэчкі перакусіць, пабачыш янота і андатраў.
Мястэчка Ленін месціцца сярод сасновых бароў на правым беразе Случы, за кіламетраў пятнаццаць ад Мікашэвічаў. Назва мястэчка, як ні дзіўна, не звязаная з правадыром пралетарыяту! Упершыню Ленін згадваецца ў прывілеі Жыгімонта Аўгуста князю Алелькавічу яшчэ ад 1568 г. Князеў бацька, таксама Юры, Алелькавіч Слуцкі, удзельнік Аршанскае бітвы 1514 году, быў жанаты з Аленай, народжанай Радзівіл. Мо ў яе гонар стары пан Алелькавіч назваў тую сядзібу.
У 1920‑я, калі Ленін быў пад Польшчай, палякі пераназвалі мястэчка на самым краі Крэсаў у Саснковічы, у гонар генерала Саснкоўскага. Па 1939‑м, вядома, зноў вярнулася назва Ленін.
Унікальныя габрэйскія могілкі — драўляныя
У часе вайны нацысты зьнішчылі ў Леніне больш як 2000 габрэяў. Мемарыял ахвярам Халакосту можна пабачыць пры ўваходзе на старажытныя юдэйскія могілкі. Яны унікальныя і самі сабой. Старыя надмагіллі там — драўляныя. Сотні помнікаў, выразаных з тоўстага дрэва. Гэткіх драўляных габрэйскіх надмагілляў, густа спярэшчаных тэкстамі і разьбою, няма больш нідзе ў Беларусі. Так і шапоча тут дзіўны гай на краі Леніна.
На старых праваслаўных могілках, у сасновым бары, ацалеў цікавы помнік драўлянае архітэктуры: капліца ў гонар скасавання прыгону ў 1861 г.Будынак спарахнеў амаль дашчэнту за паўтара стагоддзі, але яшчэ стаіць. Аднавіць драўляную святыню, дзе паўсотні гадоў было запусценне, цяпер малавераемна. То паспейце яе пабачыць! Відовішча вусцішнае, але і чыстае. Бор, магілы без лішніх агароджаў, і старая заімшэлая капліца. Дарэчы, у Жыткавічах на яе ўзор пабудавалі сапраўдную царкву. З залатымі купаламі.
Як і ў іншых мясцінах Заходняй Беларусі, у Леніне любяць пафанабэрыцца «панскім» мінулым. Ясна, што тут і сала таўсцейшае, і бабы не п’юць, і мужыкі працавітыя, і, наагул народ культурнейшы. Дарма што Гомельшчына, але ж «заходнікі»!
Жыве тут і свой дзівак — Уладзімір Баярын, які ўсё жыццё прысвяціў пошуку доказаў таго, што Уладзімір Ілліч Ульянаў узяў сабе псеўданім менавіта ад назвы мястэчка. Маўляў, мясцовыя габрэі перадалі шчодрае ахвяраванне на сацыял‑дэмакратычную справу і ў гонар таго, маўляў, Ульянаў узяў сабе псеўданім: Ленін. Сп.Баярын са школьнікамі перавёз сюды помнік Леніну, арганізаваў Леніскую народную бібліятэку‑музей. Незвычайныя перажыткі савецкага часу.
Вёскі нашчадкаў уцекачоў
Масты праз Случ, паказаныя на картах, аказаліся небяспечнымі збудаваннямі з рознапамернага бярвення і ў некалькі слаёў набітых дошак‑гарбылёў. Па дрыготкай канструкцыі, між купаў вербалозу перабрацца можна на ўсходні бок, дзе ўжо няма і дарогі. Дакладней, паказаная на схемах дарога выяўляецца раскілзанай трактарамі каляінаю ў багністай глебе.
Затое тамака ж, на ўсходнім беразе Случы аказалася не паказаная на мапах вёска Новы Ленін! А крыху ніжэй па плыні і Новыя Місевічы. Гэтыя вёскі збудавалі ў 1930‑я ўцекачы з панскай Польшчы. І дасёння ў Новым Леніне паўтараюць страшылкі пра кляты белапольскі прыгнёт. Нааогул люд тут негаваркі, суровы. Як і тутэйшы краявід — уздоўж Случы старыцы, балаціны, хмызы…
Але неўзабаве краявід змяняецца, святлее ў вачах. Дарогі лепшаюць. Сярод старога бору блішчаць азёры — адно, яшчэ адно…
Апроч вялізарнага славутага Жыд‑возера (цяпер Чырвонае), што дало назву і мястэчку‑райцэнтру, тут вакол яшчэ з тузін азёраў. Сярод іх і возера Белае, глыбейшае за іншыя азёры Палесся. Яно сягае больш як 6 метраў глыбіні, а ўшыркі — пару кіламетраў. Гэта выдатна адчуваецца сярод самага летняга сквару, калі з возера вее прахалодны брыз. Паветра чысцюткае. Ужо дзеля яго сюды варта ехаць.
Разам параю меншых азёраў, прытокамі, вытокамі, Даманавіцкім і Рэпішчанскім каналамі, тут — цэлы мікракосмас. Працуюць рыбгасы, здабываюць сапрапелі, абслугоўваюць каналы і шлюзы. На выспе, між каналаў, як Венецыя, прымасціліся вёскі Баравая, мястэчка Азёрнае і вёска Белая. Скрозь іх ідзе адна суцэльная вуліца, а вакол — вада. Бялюткі азёрны пясочак, рэшты старадаўніх бароў ды паркаў пры колішніх панскіх сядзібах і савецкіх дамах адпачынку. Зачыненыя турбаза і піянерлагер, аднак, даглядаюцца. Савецкі second best — з намаляванымі нерэідамі і Пасейдонамі, разнымі кракадзіламі і клумбамі. Зрэшты, тут можна уладкавацца на адпачынак і ў хатах. Сапраўдная рыбалка, свежыя малако ды гародніна ў дадатку.
Народ тут, як усюды пры вялікай вадзе — смелы і самастойны. Разгаварыўшыся, багата чаго можна дазнацца. Напрыклад, што ўсю тутэйшую гаспадарку завёў яшчэ пан Альшалоўскі, чыю колішнюю сядзібу спалілі партызаны. Тут шмат расповедаў і пра польскую мяжу, і пры бандытаў у ваколіцах. Мова тут сакавітая. Гаворкі тутэйшыя, тураўскія, цэласныя, гарманічныя. Мякчэйшае «ч» ды не такое пукатае, як паўсюль, «аканне». Можа, такою яна была ўжо ў часы князя Тура?
За Прыпяць
Калі з Жыткавіч ехаць наўпрост на поўдзень, краявід яшчэ раз зменіцца: наўкола разляжацца пляскатая бы абрус раўніна. Асушаная і месцамі разараная. І за кіламетраў дзесяць адчуваецца подых Прыпяці. Месцамі рэдкія пералескі ды курганы, як ля вёскі Боркі, яшчэ мацней падкрэсліваюць веліч прыпяцкіх разлогаў. Паплавы, чараты — ні душы вакол. Ціша. Адно на досвітку крычаць птушкі.
За шырачэннай Прыпяццю, на вышэйшым паўднёвым беразе, наадварот, паселішчы шчыльна забудаваныя, туляцца, пераходзяць адно ў адно да самых Азяранаў.
А за Азяранамі, за могілкамі і крыжам, пачынаецца славуты стары Прыпяцкі запаведнік. Пры Лукашэнку ён стаў нацпаркам.У старажытным лесе завялося дрэвапераапрацоўчае прадпрыемства, што выпускае паркет, дошку, вагонку, выкарыстоўваючы як сыравіну Прыпяцкія дубровы. Нарабілі забавак для турыстаў‑паляўнічых. Але прырода і гэтае нашэсце пакуль трывае. Бо ўвадначассе змяншаецца гаспадарчая дзейнасць на вёсках. Людзей становіцца ўсё меней. Тут, у палескай глушы, ужо не рэдкія чорныя буслы ды белыя чаплі. Цяпер тут ходзіць ужо сотня зуброў, багата ласёў, аленяў ды розных драпежнікаў. Самому без зброі ў лес лепей не хадзіць. Вось тут адчуваецца, як далёка заехаў.
У запаведніку пачынаецца ўжо і Лельчыцкі раён. У лельчыцкіх лясах зберагаюцца дубы‑волаты, дзікія журавінавыя балоты. «Лель» на тутэйшым дыялекце — бусел.
На нечакана добрай дарозе стаяць рэдкія, але большыя вёскі. Вось старажытны Тонеж, слынны песнямі ды майстрамі. Дзеіць тут філіял Лельчыцкай школы мастацтваў. Усё культурна: школа, бібліятэка, дзіцячы сад, бальніца, аптэка, пошта, нармальныя крамы. Проста беларуская лясная казка. У Тонежы можна і набыць што‑небудзь: прадуць, ткуць, шыюць‑вышываюць.
А ў суседніх Прыбалавічах стаіць прыгожая царква, найстарэйшая ў тутэйшых краях.Сціплая звонку, але шыкоўная ўсярэдзіне. Як беларуская душа…Яна ведамая, прынамсі, з1794 г., адзіная што ацалела ў вайну і дзейнічала ад 1941 году да нашых дзён у Лельчыцкім раёне. Тут збярогся першапачатковы іканастас у духу ракако, старыя абразы, а на падворку — архаічныя каменныя крыжы.
Прыбалавічы ведамыя ажно з 1431 г., калі вялiкі князь Свiдрыгайла падарыў яго князю Мiхаiлу Чартарыйскаму. Так паўставала трывалая мяжа між Беларусяй і Украінай, што амаль не змянілася да нашых дзён.
Як і мяжа паміж Брэстчынай і Гомельшчынай. У суседнюю Брэст¬чыну, у Столінскі раён — ніводнай дарогі. Так не правялі іх, не злучылі, за ўсё ХХ стагодздзе.
Скалы на мяжы
А Украіна зусім блізка. Туды вядзе вялікая і адзіная шаша. Туды ездзяць часта. Нават на роварах. З вялікіх Глушкавічаў туды едзяць людзі штодня ў крамы. Там танней.
А пры самай мяжы знянацку паўстаюць скалы. Вялікія гранітныя скалы, нібы на Каўказе.
Напамінам пра даўніну засталіся тут шматлікія каменныя крыжы са сцёртымі надпісамі і паўсцёртымі свастыкамі. Яны калісьці стаялі ў вуглах царкоўнага цвінтара. Дзіўна глядзяцца тыя архаічныя свастыкі ў адной загародцы з абеліскам землякам‑ахвярам вайны. Зоркі і свастыкі.
У Глушкавічах за царом жылі таксама палякі і немцы. Улады БССР давалі дазвол на пасяленне немцаў‑каланістаў на паўднёвых глушкавіцкіх хутарах. Гэтак, у 1924 г. у хутары Нямецкі Млынок налічвалася 25 чалавек.
У вайну нацысты тройчы нішчылі вёску. Цудам засталiся толькi дзве хаты ад лесу… Цяпер за нямецкія грошы тут пабудавана вялікая мураваная царква. Немцы тут частыя госці, прывозяць, дораць што могуць.
У 1975 годзе тут было створана прадпрыемства «Гранiт». Сёння вакол Глушкавічаў — гранітныя кар’еры, што сягаюць глыбінёю часам 30—35 метраў. У выніку нядаўняй рэканструкцыі шчэбнева‑гранітны завод ператварыўся ў магутнае прадпрыемства, дзе працуе кожны пяты тутэйшы жыхар.
Вось чаго не чакаеш пабачыць у палескіх балотах, дык гэта такіх скалаў, з якіх відаць неабсяжную Украіну.
Сяргей Харэўскі, Ленін—Юркевічы—Белая— Боркі—Азяраны—Тонеж—Букча—Прыбалавічы—Глушкавічы.
Фота Сяргея Харэўскага, Алеся Матафонава
***
Ленінскі Захад
Мала хто ведае, што захад цяперашняга Лельчыцкага раёну да 1939 году не ўваходзіў у СССР. У 1921‑м правабярэжжа Случы адышло да Польшчы з усімі наступствамі: гэта было самае што ні ёсць памежжа, з партызаншчынай, дыверсантамі і перабежчыкамі, памежнікамі і кантрабандыстамі. Толькі ў 1939 г. з’явіўся Ленінскі раён Пінскае вобласці, з цэнтрам у Мікашэвічах, дзе цяпер здабываюць беларускі граніт.
Канчатковае размежаванне Брэсцкай і Гомельскай абласцей адбылося толькі ў 1960‑я. Акурат тады былі ліквідаваныя Тураўскі і Ленінскі раёны, тэрыторыі якіх увайшлі ў склад Жыткавіцкага. Толькі гранітныя Мікашэвічы адышлі да Лунінеччыны.
Каментары