У Мурманскай вобласці двухпавярховы пасажырскі цягнік сутыкнуўся з таварным — вагоны сышлі з рэек
Крушэнне пацярпеў расійскі цягнік Мурманск — Санкт-Пецярбург, у выніку аварыі пацярпелі як мінімум 14 чалавек.
У выніку сутыкнення тры вагоны пасажырскага цягніка, а таксама вагоны таварнага састава сышлі з рэек. Як мінімум 14 чалавек пацярпелі, пяцёра з іх знаходзяцца ў цяжкім стане.
Паводле даных Расійскай чыгункі, у цягніку было 326 пасажыраў. На месцы працуюць ратавальнікі і медыкі. Пасажыраў эвакуююць з месца здарэння.
Аварыя адбылася ў раёне станцыі Коўда. Пасажыры расказалі расійскім СМІ, што перад сутыкненнем цягнік рэзка затармазіў. Пасля аварыі іх эвакуявалі без верхняга адзення, а на вуліцы там тым часам -27 °C.
Прычынай сутыкнення стала няспраўнасць таварнага цягніка. Крыху раней з-за праблем з токапрыёмнікам састаў замацавалі да прыбыцця рамонтнікаў. Аднак у цягніка адмовілі тармазы і ён выкаціўся на іншы пуць, дзе з ім сутыкнуўся пасажырскі цягнік, піша «База».
Усяго з рэек сышлі восем вагонаў.
Каментары