Відэа на песню «Баю-Бай» брэсцкі ГУБАЗіК просіць прызнаць экстрэмісцкім. Адпаведную заяву ў суд апублікаваў у сторыз лідар гурта Юрый Стыльскі.
Упраўленне ГУБАЗіК па Брэсцкай вобласці звярнулася ў суд Ленінскага раёна Брэста з просьбай аб прызнанні экстрэмісцкім кліпа «Баю-бай» гурта «Дай дарогу!».
ГУБАЗіК піша, што на ютуб-канале гурта «распаўсюджваюцца інфармацыйныя матэрыялы, скіраваныя на распальванне варожасці або розні па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці».
Кліп на песню «Баю-бай», на думку ГУБАЗіК, зняты з мэтай дыскрэдытацыі сілавых структур.
«На гэта ўказваюць вобразы кіроўцы аўтазака, які на камбайне пераследуе ні ў чым не вінаватых людзей. Ахвяры паказаныя гранічна міралюбнымі і беззабароннымі», — падкрэслівае ўпраўленне ГУБАЗіКа.
«…сітуацыя затрымання парушальнікаў грамадскага парадку прадстаўлена аўтарамі песні як бязлітаснае забойства…», — сцвярджаецца ў экспертным заключэнні.
ГУБАЗіК просіць прызнаць кліп, яго магчымыя копіі, вытворныя творы і перапрацоўкі, якія ўтрымліваюць асноўны сэнс, — экстрэмісцкім матэрыялам.
У відэа цяпер амаль 870 тысяч праглядаў.
Разгляд справы пачнецца 5 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Брэста. Лідар «Дай Дарогу!» Юрый Стыльскі запрошаны туды ў якасці «зацікаўленай асобы».
Каментары