Дзмітрый Муратаў пералічыў сваю Нобелеўскую прэмію дабрачынным арганізацыям
Галоўны рэдактар расійскай «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў, як і абяцаў, перадаў на дабрачынныя патрэбы прысуджаную яму Нобелеўскую прэмію міру.
«Атрымаць прэмію было хутчэй, чым яе патраціць. Але мы гэта зрабілі дзякуючы выразнаму менеджменту банка ВТБ, супрацоўнікам якога я дзякую», — распавёў ён у гутарцы са Znak.com.
Агульная сума прэміі склала каля 478 тысяч еўра па курсе (40 млн расійскіх рублёў). Грошы былі размеркаваныя паміж арганізацыямі, якіх выбіралі галасаваннем сярод «саўдзельнікаў» — чытачоў, якія падтрымліваюць «Новую газету» данатамі.
У выніку па пяць мільёнаў расійскіх рублёў (60 тысяч еўра) было пералічана дзіцячаму хоспісу «Дом з маяком», фондам «Падары жыццё», «Кола дабра» і «Вера». Яшчэ дзесяць мільёнаў рублёў (120 тысяч еўра) перададзеныя ў медыцынскі фонд работнікаў СМІ, які дапамагае супрацоўнікам розных выданняў у барацьбе з цяжкімі захворваннямі.
Яшчэ частка сродкаў пайшла на стварэнне фільма пра становішча прэсы ў Расіі і на прэміраванне некаторых супрацоўнікаў «Новай газеты». «Засталося крыху ў якасці заначкі [для «Новай газеты»] — ці мала што здарыцца», — дадаў Муратаў.
Каментары