Літоўскія прадаўцы: Адзіны тавар з Беларусі і Расіі, які пакуль цяжка замяніць — сода
Літоўскае выданне delfi.lt распытала прадстаўнікоў найбуйнейшых у краіне гандлёвых сетак, ці ёсць у іх цяпер дэфіцыт тавараў, якія традыцыйна пастаўляліся ў асноўным ці ў значнай ступені з Беларусі ці Расіі. Аказалася, што ўсе праблемы ў цэлым ужо ўдалося вырашыць, а выключэнне толькі адно — харчовая сода.
Прадстаўнікі крам Iki, Maxima, Rimi, Norfa, Lidl пералічваюць брэнды, якіх больш не будзе, але надта па іх не перажываюць, бо іх удалося замяніць пастаўкамі з іншых краін. Хіба што могуць пэўныя праблемы яшчэ ўзнікнуць у будучыні, калі ваенныя дзеянні ва Украіне будуць працягвацца.
Як сказала прадстаўніца Rimi Lietuva Габрыэле Шаранене:
«Застаецца асноўны выклік — сланечнікавы і рапсавы алей, паколькі яго галоўнымі вытворцамі былі Украіна і Расія. Ёсць пытанне і грэчкі ў новым сезоне, невядома, ці ўдасца Украіне вырасціць і экспартаваць ураджай».
А вось з содай ёсць праблемы ўжо сёння. Прадстаўніца сеткі крам Iki Вайда Будрэне сказала
«Адзінае, што пакуль складана замяніць — гэта сода. Яна была расійская, цяпер соды не хапае. Акрамя таго, яе масава раскуплялі, продажы выраслі ў 10 разоў».
Пра праблемы з содай гаворыць і кіраўнік сеткі Norfa Дайнюс Дундуліс:
«Шчыра скажу, тут ёсць праблема. Можа, мы нешта і знайшлі, але маленькія партыі. Альтэрнатывы ёсць, але пакуль нязначныя. Думаю, аднак, гэта пытанне часу, праблему ўдасца вырашыць».
На яго думку, на аднаўленне паставак соды спатрэбіцца ад 3 месяцаў да года.
Пра клопаты з пастаўкамі соды згадала і прэс-сакратар сеткі Махіма Эрнеста Дапкене. Харчовую соду цяпер вязуць з Босніі і Герцагавіны, але шукаюць і іншых пастаўшчыкоў.
Каментары