Рэцэпт на выхадныя. Італьянскія фрыкадэлькі з кабачкамі — арыгінальная і карысная страва
Гэтыя фрыкадэлькі ў італьянскім стылі не толькі маюць добры пах ды смак. Замест макароны гарнірам для іх служыць цукіні, што робіць страву менш каларыйнай ды больш вітаміннай.
Каб прыгатаваць італьянскія фрыкадэлькі з цукіні, вам спатрэбіцца:
- 250 грамаў ялавічнага фаршу,
- 2 цукіні сярэдняга памеру (трэба зняць з іх скурку, а калі кабачок досыць вялікі, вычысціць насенне знутры),
- 1 невялікая цыбуліна (трэба яе дробна парэзаць),
- 1 чайная лыжка прыправы (бярыце сумесь для сечанага мяса ці фрыкадэлек),
- 1 здробнены зубок часнаку,
- 220 грамаў нарэзаных кансерваваных памідораў,
- 2 сталовыя лыжкі з горкай дробна нарэзанага лісця базіліку + дадатковы базілік для ўпрыгожвання,
- трохі алею для смажання,
- соль і чорны перац, лепш свежазмолаты.
- Пакладзіце ў міску фарш, палову цыбуліны і палову сумесі траў, дадайце трохі солі і перцу, добра вымешайце. Сфармуйце 10 невялікіх фрыкадэлек.
- Смажце фрыкадэлькі на глыбокай патэльні з тоўстым дном на працягу 5—7 хвілін. Перыядычна пераварочвайце іх, каб фрыкадэлькі падсмажыліся з усіх бакоў. Перакладзіце іх на талерку.
- Каб зрабіць падліўку, пакладзіце ў тую ж патэльню рэшту цыбулі і смажце яе на слабым агні на працягу трох хвілін, не забывайце перамешваць. Дадайце часнок і смажце яшчэ некалькі секунд.
- Дадайце ў патэльню памідоры, 300 мілілітраў вады, рэшту сумесі траў і базілік. Памешвайце і паступова давядзіце да кіпення. Вярніце фрыкадэлькі ў патэльню, трохі зменшыце агонь і тушыце ўсё на працягу 20 хвілін, пакуль соус не загусцее і фрыкадэлькі не будуць цалкам прапечаныя.
- У гэты час напоўніце каструльку вадой і давядзіце яе да кіпення. З дапамогай прылады для нарэзкі гародніны нарэжце цукіні на стужкі. Варыце іх у кіпячай вадзе на працягу хвіліны, працадзіце.
- Падзяліце цукіні на дзве порцыі і пакладзіце на талеркі, зверху размясціце фрыкадэлькі і соус. Упрыгожце базілікам.
Каментары