Грамадства3131

Дзермант: метамарфозы. Як неанацыст і паганец палюбіў Лукашэнку, Расію і вайну

«Да канца трэба давесці спецыяльную ваенную аперацыю! Пакуль хрыбет бандэраўскага мілітарызму не зламаны!» — вяшчае з тэлеэкрана вастраносы патлаты чалавечак з бародкай. Гэта Аляксей Дзермант — чалавек шматлікіх прозвішчаў (пра гэта пазней) і шматлікіх заняткаў. Недзе ён фігуруе як палітолаг, недзе як філосаф, недзе як публіцыст. Калі ўбачыць спіс дзермантаўскіх праектаў, можа скласціся ўражанне, што перад намі сапраўдная інтэлектуальная машына па вытворчасці сэнсаў. Але ж Дзермант — наёмны прапагандыст, крыважэрны, як і ўсе тэарэтыкі, распаўсюднік чужых ідэй, які прамяняў свае сапраўдныя — рамантычныя і ўтапічныя — погляды, на стабільную кармушку і пропуск у тэлевізар. «Наша Ніва» расказвае гісторыю Аляксея.

Сёння Аляксей Дзермант займае шмат месца ў інфармацыйнай прасторы лукашэнкаўскіх СМІ. Ён мае ўласную рубрыку на СТВ, ходзіць у іншыя перадачы, публікуецца ў дзяржаўных выданнях, пастаянна выступае запрошаным экспертам. Аляксей нават рэгулярна ўдзельнічае ў перадачах расійскага прапагандыста Салаўёва. Погляды і выказванні ён паўсюль дэманструе «правільныя»: ухваляе Лукашэнку, Пуціна, Рускі свет, палівае брудам сучасную ўкраінскую ўладу і Захад. 

Але так было не заўсёды. Яшчэ з дзясятак гадоў таму Дзермант быў беларускамоўным аўтарам, які публікаваўся ў выданнях украінскіх нацыяналістаў і лічыў беларусаў і рускіх не проста асобнымі нацыямі, а дзвюма асобнымі расамі. 

Сам Аляксей нарадзіўся ў 1979 годзе ў Алмацінскай вобласці Казахстана — ён з сям’і вайскоўца, там служыў бацька. 

Але ж рос Аляксей у Беларусі. Тут ён спачатку трошкі «нефармаліў», а пасля захапіўся ідэямі балцтва і неапаганства. Прычым захапіўся вельмі сур’ёзна. У 2001 годзе Дзермант скончыў Акадэмію пры прэзідэнце па спецыяльнасці «Права», але хацеў стаць не чыноўнікам, а філосафам. 

Аляксей пранікся ідэяй таго, што свет падзелены на ўмоўны Поўдзень (Еўразія) і Поўнач (скандынавы, Еўропа), гэта розныя культуры і этнасы. Балты, адпаведна, прадстаўнікі Поўначы, а беларусы прамыя нашчадкі крывічоў, значыць, таксама балты.

Аляксей прыбіўся да «Цэнтру этнакасмалогіі «KRYŬJA» («Крыўя», ад Крывія, зямля крывічаў), рэдагаваў аднайменны сайт.

Пазней разам з Алесем Мікусам наш персанаж заснаваў «Гега Рух» — арганізацыю, якая прасоўвала фактычна сумесь таго ж балцтва, неапаганства і ультраправай ідэалогіі.

Сёння адзін з былых сяброў Дзерманта ў гутарцы з журналістам «Нашай Нівы» называе «Гега Рух» «новымі правымі». Але фактычна там хапала і крайне правых ідэй (прынцыповы падзел чалавецтва на этнасы, ультракансерватыўныя каштоўнасці). Таксама Дзермант і кампанія наладжвалі кантакты з прадстаўнікамі ультраправых суполак краін Еўропы.

Тады Дзермант, які вырас у рускамоўнай сям’і савецкага вайскоўца, перайшоў на беларускую мову ў жыцці і публічнай прасторы.

Калісьці Дзермант (злева) сам хадзіў з бела-чырвона-белым сцягам. А цяпер ён прапануе яго забараніць

Падтрымліваў Аляксей і сувязь з украінскімі нацыялістычнымі коламі, нават публікаваўся ў іх выданнях, расказваючы там, што Беларусі не патрэбныя «русізм і панславізм». А ў інтэрв’ю Дзермант расказваў, што «калі параўноўваць фізічнае аблічча беларусаў і расійцаў, як гэта робяць антраполагі, то, безумоўна, ёсць значныя адрозненні.

Напрыклад, асноўная частка беларусаў ёсць паўночнымі еўрапеоідамі і далучаецца да рэгіянальнага тыпу балтыйскай расы. Тады як жыхары Цэнтральнай Расіі займаюць прамежкавае становішча паміж паўночнымі і паўднёвымі еўрапеоідамі, а таксама маюць уралоідныя прыкметы». У гэтых ягоных расавых тэорыях было выразнае неанацысцкае адценне. А сярод артыкулаў, якія ён рэдагаваў, былі не толькі русафобскія ў сапраўдным значэнні гэтага слова, але і выразна антысеміцкія.

Але і гэта не ўсё. Гэта цяпер Дзермант называе Польшчу «гіенай Еўропы». А ў сярэдзіне 2000-х ён сам цэлы год правучыўся ў Польшчы на праграме падтрымкі маладых навукоўцаў.

Аплачвалася гэта наўпрост палякамі — паведамлялася, што «стыпендыяльная праграма ўрада Польшчы для маладых навукоўцаў была заснаваная ў 2003 годзе для гуманітарыяў з Усходняй Еўропы, Расіі, краін Цэнтральнай Азіі і Каўказа».

Дзермант (злева) падчас вучобы ў Польшчы

А пасля Дзермант нават кароткі час выкладаў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, калі навучальная установа была закрытая ў Мінску і пераехала ў Вільню.

«Тады і Літва, і Польшча супадалі з яго поглядамі. Аляксей жа падтрымліваў канцэпцыю так званага Міжмор’я: геапалітычнага блоку ад Чорнага мора да Балтыкі, які будзе супрацьпастаўлены Азіятчыне, — згадвае знаёмы Дзерманта. — Што тычыцца «Гега Руху», то гэта быў фактычна праект двух чалавек: Дзерманта і Алеся Мікуса. Два маладыя чалавекі з вялікімі амбіцыямі, якім хацелася стварыць рух ці арганізацыю, якая б уплывалі на штосьці. Гэта была спроба стварэння праекта, які б меў уплыў на будучыню краіны ці нават рэгіёна.

Дзермант прэтэндаваў заўжды на ролю ідэолага, які мае свае ўяўленні. Цалкам магчыма, што кар’ера Дугіна была мадэллю для Аляксея, асабліва на ранніх этапах.

Таксама Аляксей выконваў шмат арганізацыйнай працы: быў фактычным выдаўцом часопіса «Друвіс».

Вось што кажа пра раннія ініцыятывы Дзерманта гісторык Аляксандр Пашкевіч: 

«Шкоднасць ці карыснасць любых падобных інтэлектуальных практыкаванняў залежыць ад іх маштабу: наколькі ідэі шырацца і ці не падмінаюць урэшце пад сябе сапраўдную акадэмічную навуку. Калі не падмінаюць — то яны могуць быць нават у пэўнай ступені і карысныя, паколькі з'яўленне і дзейнасць падобных інтэлектуальных асяродкаў стымулююць цікавасць да асобных тэмаў і садзейнічаюць іх глыбейшаму вывучэнню.

Па-першае, самі адэпты ідэй, спрабуючы даказаць іх слушнасць, звяртаюцца да розных крыніц, спрабуюць іх глыбей асэнсаваць ці пераасэнсаваць, часам нават першаадкрываюць ці прынамсі пераадкрываюць. А ў дыскусіях з імі іхнія апаненты таксама мусяць глыбей вывучаць прадмет, і такім чынам навука рухаецца далей. 

У выпадку з тымі крывіцкімі, неапаганскімі ідэямі, якія ў пачатку свайго шляху прасоўваў Дзермант, так, бадай, і было. У свой час гэта была даволі прыкметная ў беларускіх асяродках інтэлектуальная плынь, якая несумненна стымулявала пошукі і ў галіне старажытнай гісторыі, і ў галіне вывучэння традыцыйнай культуры. Тым больш што гэты асяродак выдаваў свой альманах Druvis, а ў гэтым выданні друкаваліся не толькі ідэолагі руху, але людзі розных поглядаў, у тым ліку і сур'ёзныя навукоўцы.

Ім давалася пляцоўка для прэзентацыі сваіх даследаванняў. Гэта ж не так выглядала, як можа здавацца тым, хто таго часопіса ў вочы не бачыў — што нехта напіша артыкул, дасць яго ў Druvis, там яго Дзермант ці хто іншы перапіша, перафарматуе пад свае погляды і толькі так ідзе ў друк. Не, насамрэч друкавалася ў тым часопісе рознае, у тым ліку і не зусім адпаведнае поглядам самога Дзерманта і іншых ідэолагаў руху. 

Скажам так, ідэалогія ідэалогіяй, але і ўзровень пэўны яны трымалі, якому і сам тагачасны Дзермант мусіў адпавядаць. Несці такую яўную ахінею, якую стаў пасля далучэння да «рускага свету» і пераходу ў прапагандысты, ён тады дазволіць сабе не мог, таму меў пэўны аўтарытэт ці прынамсі аддаванне належнага ў інтэлектуальных асяродках. Адпаведна, і да руху ягонага прыбіваліся розныя, часта зусім не пустыя людзі, большасць з якіх пасля таго, як рух стаў занепадаць і траціць драйв, следам за Дзермантам не пайшлі. Хто цалкам памяняў погляды, хто толькі падкарэктаваў іх, але, ва ўсякім разе, многія засталіся карыснымі членамі беларускай (і беларускамоўнай) інтэлектуальнай супольнасці».

Сапраўды ў Дзерманта і яго паплечнікаў неўзабаве пачаліся непаразуменні.

«Дзермант таксама сышоўся з такім «мысляром» Ягорам Чурылавым, які меў абсалютна дзікія ідэі, — згадвае былы сябар Аляксея. — Напрыклад, Чурылаў лічыў, што можна вынайсці нейкія праграмныя схемы, з дапамогай якіх мяняць свядомасць людзей. І такія рэчы, ідэі, планы пра нейкі ўплыў вельмі прыцягвалі Аляксея. Гэта ў выніку яго і згубіла».

Паціху Дзермант пачаў мяняць свае погляды.

У пачатку 2010-х з «балта і неапаганца» ён перакаваўся ў «еўразійца». Пачаў выказвацца за інтэграцыю Беларусі і Расіі, нахвальваць беларускія ўлады.

Дзермант пачынае папісваць для адкрыта прарасійскіх праектаў, кшталту «Імхаклаба». Таксама ён паўдзельнічаў у праекце «Цытадэль», які стварыў наймутнейшы Аляксандр Сінкевіч. Як і Дзермант, Сінкевіч пісаў для прарасійскага «Імхаклаба», фігураваў ён і як бізнэс-трэнер, і як палітолаг, і як эканаміст, у залежнасці ад патрэбы. Сінкевіч зразумеў, дзе знайсці лёгкія грошы, калі РФ вырашыла займацца мяккім прасоўваннем сваёй палітыкі ў Беларусі.

За спінаю Дзерманта, справа мужчына ў акулярах — гэта Аляксандр Сінкевіч

Тады пастаянна розных беларускіх дзеячаў вазілі ў Маскву, сялілі ў дарагіх гатэлях, вадзілі па канферэнцыях і форумах. Прыглядаліся і да прабеларуска настроеных вядомых інтэлектуалаў, і да амбітных маладзёнаў кшталту Дзерманта ці Шпакоўскага.

«Помню, пасялілі нас у гатэлі Кіраўніцтва спраў прэзідэнта Расіі «Залатое кальцо», — расказвае рэдактар аднаго з беларускіх выданняў, які таксама з цікавасці аднойчы прыняў запрашэнне на адну з канферэнцый. — Банкет: на ім ікра вёдрамі, каньяк.

Думаеш: нашто гэта ўсё? Удзельнікам выдаюць нататнік і — ручкі пазалочаныя. І абсалютна ўбогі інтэлектуальны ўзровень, выступы ні пра што, чыстая прапаганда, «кандыдата ў башканы Гагаузіі ад партыі «Адзіная Гагаузія» змяняе Сяргей Гайдукевіч, пасля — нейкі дэпутат ад Партыі рэгіёнаў з Данбаса. Гэта быў такі кантраст з практыкамі і духам інтэлектуальных ці паліталагічных канферэнцый, якія праводзяцца незалежным беларускім грамадствам ці ў Цэнтральнай Еўропе. Праводзіў гэта Фонд Паўлоўскага.

У мяне тады стварылася ўражанне, што гэта праводзіцца, каб вербаваць агентуру ў краінах былога СССР», — кажа рэдактар.

Маладым людзям кшталту Дзерманта і Шпакоўскага, само сабою, страшэнна імпанавала, што нехта звярнуў на іх увагу. У тыя ж гады з’явіўся і цэлы букет прарасійскіх і часам адкрыта чарнасоценскіх рэсурсаў, накіраваных на прасоўванне ідэй Рускага свету ў Беларусі. 

Пра тое, як функцыявалі гэтыя рэсурсы, іх папулярнасць і фінансаванне можна зразумець з перапісак, якія злілі хакеры (падрабязней тут і тут). 

Таксама Аляксей становіцца «інтэгратарам» праекта «Сонар-2050», які ўзначальваў расійскі прапагандыст Сямён Уралаў. Гэты «Сонар» мусіў прасоўваць ідэі збліжэння Расіі і Беларусі, але рабілася гэта настолькі бяздарна, што праект не змог набыць хоць якой папулярнасці. 

А ў 2020 годзе Аляксей і сам рэгіструе невялікі праекцік. Цяпер ён дырэктар Цэнтра вывучэння і развіцця кантынентальнай інтэграцыі «Паўночная Еўразія». 

Чым больш Дзермант пачынае любіць Расію, тым больш радыкальнымі становяцца і яго выказванні пра беларусаў, якія трымаюцца іншых поглядаў. Напрыклад, ён заклікаў правесці чысткі гісторыкаў з беларускай Акадэміі навук праз іх празмерны нацыяналізм — і гэта яшчэ ў 2018 годзе. 

Але як жа так? А дзе балты, крывічы, паганства? Супрацьстаянне панславізму — куды падзелася? 

Сам Дзермант тлумачыў змену сваіх поглядаў так: нібыта ён зразумеў, што ў балтыйскіх народаў і ў Беларусі розны гістарычны шлях, і адышоў ад ранейшых поглядаў. 

«Вось тут і ўзнікае першы паварот у светапоглядзе — а ці трэба захапленне гісторыяй і традыцыямі трансляваць на сучаснасць, ды і якое да гэтага дачыненне мае Беларусь, нават калі б у яе быў тройчы балцкі субстрат? Ніякага. Беларусь і беларусы сфарміраваліся зусім інакш. Банальна, але калі сам усё глыбока не спасцігнеш, не зразумець, — казаў ён. — 

Другі паварот адбываецца тады, калі бачыш, да чаго прыводзяць ідэі і дзеянні тваіх нібыта аднадумцаў. Усюды, дзе нацыяналістычныя і ўльтраправыя сілы прыходзяць да ўлады, пачынаюцца войны і разруха. Украіна — самы блізкі і наглядны прыклад».

Але ж «паварот у светапоглядзе» чамусьці не перашкаджае Аляксею сустракацца з неафашыстамі. На фота ніжэй лідар італьянскай партыі Forza Nuova («Новая сіла») Рабэрта Ф'ёрэ і старшыня Брытанскай нацыянальнай партыі Нік Грыфін сустракаюцца ў Мінску з Дзермантам і Шпакоўскім.

І Ф'ёрэ, і Грыфін прыхільнікі ультраправых поглядаў: Ф'ёрэ казаў, што не ганебна называцца фашыстам, Грыфін адмаўляў Халакост.

Таму ёсць і іншыя тлумачэнні пераабуванню палітолага-паганца (які, дарэчы, цяпер паліткарэктна лічыць сябе праваслаўным).

Знаёмы Дзерманта мяркуе: магчыма, Аляксея «злавілі» на яго амбіцыях філосафа і ідэолага — паабяцаўшы магчымасці для самавыражэння. Але не толькі. 

«Калі запускалася «Цытадэль», на яго выйшлі беларускія кадэбэшнікі. Пра гэта сам Аляксей расказваў: што спецслужбісты прыходзілі на прэзентацыю цэнтра, прапаноўвалі супрацу. І ў Дзерманта з’явіліся ідэі, што гэта можна выкарыстаць як інструмент для прасоўвання сваіх ідэй», — згадвае яго знаёмы. 

У пачатку 2010-х сапраўды пачалося прасоўванне цэлага шэрагу персанажаў у якасці «экспертаў»: Дзермант, Шпакоўскі, Пятроўскі, Шаўцоў пачалі нібы па камандзе з’яўляцца ў дзяржмедыя і на ТБ. Ёсць меркаванні, што іх штучна прасоўвала КДБ, каб стварыць альтэрнатыву незалежным экспертам. Нашы крыніцы называлі нават чалавека, які прыдумаў такі фінт вушамі: гэта Аляксандр Базанаў, былы прэс-сакратар Камітэта дзяржаўнай бяспекі, а з 2010 да 2014 гадоў — кіраўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце. Базанаў пазней перайшоў — ці яго перавялі — у ІТ-сферу, а птушаняты з ягонага гнязда працягваюць ціўкаць.

Аляксандр Базанаў, былы прэс-сакратар Камітэта дзяржаўнай бяспекі, з 2010 да 2014 гадоў узначальваў Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце. Гэта ў яго бытнасць Дзермант, Шпакоўскі і Пятроўскі атрымалі пуцёўкі ў дзяржаўныя СМІ

Напэўна, вялікую ролю сыгралі грошы. Дзермант на той момант ужо ажаніўся, нарадзіліся двое дзяцей — і трэба было шукаць рэгулярны заробак. «Крыўяй» адзінай сыты не будзеш.

Камічна, што Дзерманта часта не ўспрымалі сур’ёзна прыхільнікі Рускага свету з самой Расіі, якую ён так раптоўна палюбіў. На расійскіх чарнасоценскіх рэсурсах куча публікацый, дзе Аляксея дакараюць яго «балцкім перыядам». Рэдактар ультранацыяналістычнага расійскага агенцтва «Рэгнум» Баранчык наўпрост заклікаў Дзерманту грошай не даваць.

«Убудоўвацца ў сістэму Дзермант не можа, бо чалавек не сістэмны. Ён не можа рэгулярна працаваць, яму складана падпарадкоўвацца цыклу працы. Звярніце ўвагу, ён жа фактычна не зрабіў ніякай кар’еры ў беларускай дзяржаве. У Акадэміі навук нейкай велічынёй ці начальнікам усё ж не стаў. У тэлевізары ён проста запрошаны каментатар: «галава, якая вяшчае», не больш. Ніякіх кіруючых пазіцый яму нідзе не даюць. 

Ён не дурань, але і не глыбокі мысляр — ён кампілятар, папулярызатар. Калісьці ў «Крыўі» ён падхапіў тое, што да яго прыдумалі іншыя. І сёння мы бачым, што ён рэтранслюе ідэі ўжо розных расійскіх экспертаў, — мяркуе знаёмы Дзерманта. — 

Але я б не сказаў, што сённяшні Дзермант — супрацьлегласць мінуламу. Ён і цытуе тых жа «новых правых», што і раней, і ўяўленні пра свет як пра супрацьстаянне геапалітычных блокаў у яго дакладна застаюцца. Проста ён змяніў полюс — пачаў тапіць за іншы блок, вось і ўсё».

Пасля выбараў 2020 года, калі пачаліся рэпрэсіі, Дзермант з падвоенай энергіяй ухваляў дзеянні ўлады, за што атрымаў перадачку на СТВ і персанальную падзяку Лукашэнкі. 

А калі пачалася вайна з Украінай — Аляксей пачаў прасоўваць крамлёўскі наратыў пра неанацызм, захоплена стагнаць пра прыгажосць імперыі, асуджаць Захад. І цяпер Дзермант трасе грывай у расійскага прапагандыста Салаўёва, расказваючы казкі пра «бандэраўцаў».

Ён таксама аператыўна палюбіў і СССР, які цяпер так старанна спрабуе аднавіць Пуцін.

Але не трэба недаацэньваць Дзерманта. Вядома, што ўсур’ёз да яго ідэй прыслухоўвацца ніхто не будзе: хоць пра Міжмор’е, хоць пра еўразійства. Але ж і сам Аляксей, і яго калегі па пуле «экспертаў» даносы пішуць стосамі — і беларускія спецслужбісты гэтыя даносы ахвотна выкарыстоўваюць. 

І яшчэ адзін момант. У залежнасці ад поглядаў і заняткаў Дзерманта мяняліся не толькі яго месцы працы. Ён перыядычна карэктаваў і сваё прозвішча. Сапраўднае — «Дерман» (калі па-руску). Калі «Дерман» захапляўся балцтвам — быў «Дзерманіс». Пасля быў «Дермонт», «Дермант», і нарэшце спыніўся на варыянце «Дзермант». 

Апошні раз наш герой падкарэктаваў прозвішча пасля пачатку вайны з Украінай, дадаўшы туды сучасную расійскую свастыку.

Цяпер яго тэлеграм-канал падпісаны як ДZермант. Нарэшце неанацысту дазволілі пазначыць сябе неанацыстам — што ён з задавальненнем і зрабіў.

Каментары31

  • BLR
    30.09.2022
    Нават чытаць не стану. Але скажу - вось паколькі неанацыст, то нічога дзіўнага ў любові да Лукашенкі, Расеі і вайны няма.
  • Johansson
    30.09.2022
    Has this Dzermant some relations with the infortunate A. Dugin ? 
  • Абу
    30.09.2022
    60 адценняў карычневага.

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне10

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі зменшылася колькасць «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці» — Следчы камітэт3

Лукашэнка прыляцеў у Ісламабад. Горад з усіх бакоў акружаны пратэстоўцамі19

У чатырох дамах Мінска ўвялі каранцін. Што такое?

Генпракуратура абяцае не караць аўтара роліка ў тыктоку, калі «экстрэмісцкі» рэсурс выкарыстае гэта відэа2

Кітайцы вырабілі рэальны самалёт-невідзімку. Гэта можа мець наступствы для балансу сілаў15

Міхаіл Гуцэрыеў пацвердзіў нацыяналізацыю «Слаўкалія» і сказаў пра «завісанне» сваіх паўмільярда даляраў3

Тур патлумачыў, што Лукашэнка меў на ўвазе, кажучы пра прызначэнне дырэктараў у прыватныя кампаніі14

Стрыжак: Улады рыхтуюць правакацыі з удзелам рэпрэсаваных, скіраваныя на зніжэнне даверу да «Байсола»10

«Смурод невыносны». У доме ў цэнтры Барысава прарвала каналізацыю — два гады таму там быў капітальны рамонт4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне10

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Галоўнае
Усе навіны →