Беларус выдаліў акаўнт у VK, але да яго ўсё адно прыйшлі праз каментары. Як знайшлі?
Выданне «Люстэрка» знайшло прыклад таго, як адміністрацыя сацсеткі «ВКонтакте» перадала лукашэнкаўскім сілавікам звесткі выдаленага акаўнта — і тыя з яго скарысталіся. Дэталі гэтай гісторыі змяшчаюцца ў прысудзе, размешчаным у банку судовых рашэнняў.
У матэрыяле пазначаныя выдуманыя імёны. Сапраўдныя звесткі ўдзельнікаў разбіральніцтва ў апублікаваным дакуменце схаваныя.
Як знаходзяць карыстальнікаў «ВКонтакте» — рэальны выпадак
У 2023 годзе жыхара Брэсцкай вобласці Алега судзілі па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).
Падставай для разбіральніцтва стала публікацыя ў сацсетцы «ВКонтакте». У ёй размясцілі асабістыя звесткі палкоўніка памежнай службы Канстанціна. А таксама інфармацыю «пра нібыта спрыянні таго ў перасячэнні замежнымі грамадзянамі дзяржаўнай мяжы». Каментары пад гэтай публікацыяй вайсковец палічыў абразлівымі.
Адзін з гэтых каментароў пакінуў Алег. Паводле версіі экспертызы, у тэксце было лаянкавае слова, сам мужчына так не лічыў. Каментар сабраў восем лайкаў.
Імаверна, Алег лічыў свой акаўнт «ВКонтакте» ананімным. У ім было іншае імя — Аляксей, а пазней гэтая старонка наогул была выдаленая. Аднак следчыя звярнуліся да адміністрацыі сацыяльнай сеткі.
«З мэтай высвятлення асобы карыстальніка пад імем Аляксей скіраваны запыт у РФ пра аказанне прававой дапамогі, а менавіта перадачу звестак пра IP-адрасы, якія выкарыстоўваліся асобамі, што размясцілі каментары», — гаворыцца ў дакуменце.
Мяркуючы з прысуду, сілавікі атрымалі даволі падрабязны адказ, у якім былі IP-адрас і нумар тэлефона, звязаныя з акаўнтам.
Далей знайсці аўтара каментара следчым было нескладана: яны звярнуліся да аператара сотавай сувязі і даведаліся, што нумар тэлефона зарэгістраваны менавіта на Алега. А яшчэ высветлілі, што той карыстаўся інтэрнэтам у дзень, калі быў напісаны каментар.
Правялі нават следчы эксперымент, у якім праверылі ў мужчыны «магчымасць і навыкі карыстання сацыяльнай сеткай «ВКонтакте» з выкарыстаннем смартфона». Выявілася, што такая магчымасць у яго была.
У выніку суд прызнаў віну даказанай і асудзіў Алега на два гады пазбаўлення волі, штраф на 3700 рублёў і канфіскацыю смартфона.
Дарэчы, гэты прысуд стаў для мужчыны другім. Да гэтага яго ўжо судзілі па тым жа артыкуле ў 2021 годзе, суд тады прызначыў яму 2,5 года «хатняй хіміі». Пазней пакаранне замянілі на пазбаўленне волі, мужчыну адправілі ў калонію. Паміж вызваленнем пасля першага тэрміну і прысудам па другім прайшло менш за тры месяцы.
«ВКонтакте» сапраўды выдае звесткі?
Так. «Люстэрка» знайшло яшчэ як мінімум некалькі прысудаў, абвінавачанні ў якіх грунтаваліся ў тым ліку на звестках, перададзеных адміністрацыяй пляцоўкі.
«ВКонтакте» — расійскі сэрвіс, які адказвае на запыты праваахоўных органаў. З прычыны шчыльнага супрацоўніцтва спецслужбаў Беларусі і Расіі пытанне высвятлення асобы ўладальніка акаўнта ў названай сацсетцы пры неабходнасці можа быць вырашанае за некалькі гадзін, — расказваў «Люстэрку» прадстаўнік арганізацыі Bypol у 2021 годзе. — Таму мы настойліва раім не карыстацца для такіх мэтаў VK і «Аднакласнікамі».
Нават калі ў акаўнце няма сапраўднага прозвішча і рэальнага фота, акаўнт зарэгістраваны на чужы нумар тэлефона, а карыстальнік заходзіць у VK праз VPN — пры жаданні сілавікі могуць знайсці чалавека, які стаіць за акаўнтам.
«Зыходзячы з практыкі, можам сказаць, што і гэта на 100% не засцеражэ ад дэанону: VK лагуе занадта вялікі аб’ём звестак, аналізуючы якія, цалкам рэальна выявіць карыстальніка. Так, гэта запатрабуе ад следчага (аператыўніка) кемлівасці, часу і жадання. Але тым не менш няма нічога немагчымага», — лічыў прадстаўнік Bypol.
Якія звесткі можа выдаць «ВКонтакте»?
Без судовага рашэння ў адміністрацыі пляцоўкі могуць запатрабаваць інфармацыю пра карыстальніка, пішуць прадстаўнікі сацсеткі. Гэта можа быць, напрыклад:
- адрас асабістай старонкі;
- час і IP-адрас рэгістрацыі профілю;
- нумар мабільнага тэлефона;
- адрас электроннай пошты;
- гісторыя змены імені карыстальніка і прымацаванага нумара мабільнага тэлефона;
- час і IP-адрас размяшчэння названага ў запыце кантэнту;
- гісторыя і пералік IP-адрасоў для ўваходу на старонку.
У выпадку выдачы звестак карыстальніка яму самому пра гэта паведамляць забаронена.
Прычым, мяркуючы з гісторыі Алега з Пружанаў, нават выдаленне акаўнта не гарантуе таго, што «лічбавыя сляды» сцёртыя.
Згодна з палітыкай прыватнасці сэрвісу, персанальныя звесткі карыстальнікаў захоўваюцца цягам усяго перыяду карыстання сэрвісам. Аднак пасля выдалення акаўнта некаторыя звесткі могуць захоўвацца пэўны час «з мэтамі выканання юрыдычных абавязанняў ці забеспячэння бяспекі». Дакладныя тэрміны захоўвання звестак пасля выдалення акаўнта не агучаныя.
Як сябе засцерагчы?
- Калі ў вас ёсць акаўнт «ВКонтакте» — па гэтай спасылцы вы можаце паглядзець, якія каментары пакідалі ў мінулым. Калі нейкія з іх цяпер падаюцца вам небяспечнымі, вы можаце іх выдаліць. Дарэчы, праверыць лайкі і падпіскі таксама не будзе лішнім.
- Не каментуйце «палітычныя» пасты ў сетцы «ВКонтакте». Памятайце: ніякі профіль на гэтай пляцоўцы не ананімны.
- Калі ў вас больш няма жадання карыстацца «ВКонтакте» — можна выдаліць акаўнт па спасылцы.
Каментары
https://brestspring.org/tpost/xlxpzt9641
Усё так, ВК перадала беларускім ворганам дадзеныя чалавека.
Прычым ён на той момант ужо цалкам адбыў першы палітычны тэрмін (а гэта аказаўся ўжо другі ягоны прысуд)