Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю максімальна сур'ёзна паставілася да нядаўніх разваг Лукашэнкі пра «расчлянёную курыцу» і прыняло адмысловую пастанову, якой рэгулююцца цэны не толькі на саму курыцу, але і на яе часткі.
Міністэрства паведаміла, што для папярэджання «неабгрунтаванага павышэння цэнаў на разделку тушкі курэй і куранят-бройлераў» прынятая пастанова ад 7 кастрычніка 2022 года № 61 «Аб рэгуляванні цэнаў на мяса курэй, куранят-бройлераў у выглядзе частак тушкі».
Пастановай вызначана, што пры разделцы тушак курэй, куранят-бройлераў на часткі цэны на іх павінны фарміравацца з улікам адпускных цэн (цэн набыцця) на тушкі, нормаў выхаду, каэфіцыентаў харчовай каштоўнасці частак тушкі.
Пры гэтым цана дзвюх паўтушак, пярэдняй і задняй чвэрткі тушкі не павінна перавышаць кошту самой тушкі, а кошт іншых частак тушкі — кошту тушкі, павялічанай на 10%.
На курынае філе ўстаноўленая гранічная максімальная аптовая надбаўка, гандлёвая надбаўка (з улікам аптовай надбаўкі) у памеры 15%.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання і дзейнічае 90 дзён.
Раней на нарадзе 6 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка абурыўся тым, што ў крамах маніпулююць з цэнамі. «Расчлянілі дохлую курыцу, упіхнулі ў поліэтыленавы пакет — новы тавар!» — гнеўна адчытваў ён чыноўнікаў на камеру.
Каментары