Прадукцыю з падсанкцыйнага «Гродна Азота» везлі ў Сербію. Падрабязнасці акцыі «Рабочага руху»
Актывісты «Рабочага руху» перашкодзілі вывезці ў Еўрасаюз прадукцыю «Гродна Азота», які знаходзіцца пад санкцыямі. Машыны з ёй яны спынілі ў Літве.
Беларусы-палітэмігранты блакавалі дзве фуры на выездзе з пагранперахода Прывалка — Райгарад. Машыны былі загружаныя карбамідам.
Актывісты сцвярджаюць, што пра вываз з Беларусі праз літоўскую мяжу на тэрыторыю Еўрапейскага саюза прадукцыі «Гродна Азота» актывістам паведамілі працаўнікі прадпрыемства.
«Прадпрыемства знаходзіцца пад санкцыямі за тое, што вялікая колькасць працаўнікоў з-за забастоўкі была звольненая, а некаторыя з іх знаходзяцца пад следствам. Неўзабаве будзе вынесены прысуд у справе «Рабочага руху». Працаўнікі перажываюць за іх», — кажа адзін з удзельнікаў акцыі блакавання машын Аляксандр Сакалоў.
Актывісты «Рабочага руху» ля памежнага пункта чакалі фуры два дні, а калі яны з'явіліся, то выйшлі на дарогу з плакатамі. Машыны былі з сербскімі нумарамі.
«Кіроўцы не ведалі, што «Гродна Азот» знаходзіцца пад санкцыямі. Іх уразіла інфармацыя пра колькасць палітвязняў у Беларусі і рэпрэсіі супраць рабочых. Расказалі, дзе загружалі машыну, і не пярэчылі нашым патрабаванням», — адзначае Аляксандр.
Па яго словах, прадукцыя «Гродна Азота» мела быць дастаўленая ў Сербію.
Першай на месца блакавання машын прыехала паліцыя, якая заявіла, што разбіральніцтва ў такой справе не ў яе кампетэнцыі ды выклікала супрацоўнікаў з мытні і пагранічнай службы.
«Прэтэнзіяў да нас не было, бо нашы дзеянні былі абгрунтаваныя, бо мы не дапускалі на тэрыторыю Еўрапейскага саюза прадукцыю з падсанкцыйнага прадпрыемства», — расказвае Аляксандр.
Ён кажа, што літоўскі бок паабяцаў інфармаваць «Рабочы рух», што далей будзе з затрыманым таварам. Машыны з ім вернутыя на мытню, дзе будуць чакаць вынікаў расследавання.
«Гродна Азот» — найбуйнейшае прадпрыемства нафтахімічнага комплексу Беларусі. Яно ўваходзіць у дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім». Пад санцыі ЗША і ЕС прадпрыемства трапіла ў 2021 годзе за пераслед і звальненні ўдзельнікаў забастовак пасля выбараў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары