Палку Каліноўскага год. Вадзім Кабанчук: «Гэта наша дамоўленасць паміж сабой»
У першыя ж дні вайны ў Кіеве каля двух дзясяткаў беларусаў далучыліся да тэрытарыяльнай абароны. Прысягу прынялі 9 сакавіка, і таму гэтая дата лічыцца днём нараджэння палка імя Кастуся Каліноўскага.
Усё пачыналася з узвода, а праз некалькі дзён стала зразумела, што можна стварыць нават асобны вайсковы батальён. Украінскае камандаванне само прапанавала беларусам перайсці такім складам у рэгулярную вайсковую часць УСУ.
За гэты час геаграфія баёў, у якіх актыўны ўдзел бралі беларускія добраахвотнікі, пашырылася на сотні кіламетраў па ўсёй Украіне. Беларусам давялося паваяваць і на Херсоншчыне, і ў Запарожскай вобласці, і ў Ірпені, і пад Лісічанскам, і ў Бахмуце, і пад Севераданецкам… А батальён ужо праз непрацяглы час стаў палком.
«Наш полк — гэта наш беларускі праект, гэта наша дамоўленасць паміж сабой, — кажа намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук. — Мы, згодна з вайсковымі білетамі, з’яўляемся вайскоўцамі ўкраінскага войска, хоць сярод нас ёсць афіцэры, якія былі афіцэрамі ў Беларусі. Але мы стварылі полк Каліноўскага, зыходзячы са сваіх нацыянальных інтарэсаў.
Камандзір — гэта афіцэр украінскі. Але полк Каліноўскага — гэта ж не толькі людзі ў часці. У Польшчы дзейнічае рэкрутацыйны цэнтр. Сілавы рэзерв — усё гэта сістэма палка Каліноўскага», — кажа Вадзім Кабанчук.
Полк Каліноўскага не адзінае падраздзяленне, дзе сёння за незалежнасць Украіны і Беларусі ваююць беларусы, але самае буйное з іх.
Усяго ў баях загінулі як мінімум 19 беларусаў.
У шэрагі палка працягваюць уліваюцца добраахвотнікі. У полк уваходзяць батальёны «Волат» і «Літвін», а таксама група кіравання беспілотнікамі імя Мікіты Крыўцова — аднаго з ахвяр падаўлення народных выступленняў у Беларусі ў 2020 годзе.
Які юрыдычны статус байцоў?
«У нас ужо была сустрэча з Дзяржаўнай міграцыйнай службай, мы будзем і далей ставіць пытанне, каб нашым салдатам па паскоранай схеме выдавалі «посвідкі» на пражыванне ва Украіне і дазвол на жыхарства. Рада будзе ставіць пытанне, што іншаземцам, якія ваююць за Украіну, будуць даваць грамадзянства паводле паскоранай працэдуры», — расказвае Вадзім Кабанчук.
Але «мне ўкраінскі пашпарт не патрэбны, — дадае Кабанчук. — Навошта? Я не хачу быць грамадзянінам Украіны. Думаю, што ў хуткім часе вярнуся ў Беларусь».
Чытайце таксама: Добраахвотнікі палка Каліноўскага ўдзельнічалі ў дзвюх буйных аперацыях на ўскрайку Бахмута
Каментары