Фантастычны камедыйны баявік «Усё ўсюды і адразу» атрымаў сем «Оскараў» з адзінаццаці, на якія быў намінаваны. На сайце Rotten Tomatoes крытыкі ацанілі фільм у 97% і напісалі на яго амаль 400 рэцэнзій, аўдыторыя дала стужцы 89%. У чым прыцягальнасць гэтага кіно і ці напраўду яно цалкам змяняе ўяўленне пра кінематограф, як адзначаюць прыхільнікі?
Мультыжанравы фільм пра мультысусветы зняў рэжысёрскі дуэт Daniels (Дэн Шайнерт і Дэніэл Кван). Іх самая вядомая праца — «Чалавек — швейцарскі нож» — выйшла на экраны ў 2016 годзе. Гэтая карціна такая ж абсурдысцкая, як і аскараносны «Усё ўсюды і адразу»; многія з тых ідэй, якія дуэт спрабаваў рэалізаваць у больш раннім праекце, знайшлі ўвасабленне і ў новым фільме, толькі з яшчэ большым вар'яцтвам і размахам. «Усё ўсюды і адразу» паказвае ўсе самыя неймаверныя варыянты развіцця падзей, каб можна было задацца пытаннем: калі ўсё магчыма, што сапраўды мае значэнне?
Галоўная зорка фільма — кітайская актрыса малайзійскага паходжання Мішэль Ëў, якая, між іншым, ужо адзначыла 60-годдзе. Для яе роля стала магчымасцю раскрыць усе грані свайго таленту, прычым магчымасць гэту яна атрымала воляй лёсу, бо спачатку сцэнар быў напісаны з разлікам, што галоўную ролю выканае Джэкі Чан. Калі дамовіцца з акцёрам не ўдалося, пол галоўнага героя і яго жонкі памянялі з разлікам на Мішэль Ëў.
У цэнтры фільма — Эвелін, жанчына, якая некалі з'ехала з Кітая ў Амерыку і цяпер кіруе пральняй разам са сваім мужам Уэймандам. Яе жыццё — суцэльныя стрэс і расчараванні. Жанчына заглыбленая ў працу, бо спрабуе расплаціцца з запазычанасцю перад падатковай — інакш у сям'і вось-вось забяруць бізнэс. Яе стары і хворы бацька калісьці амаль зрокся Эвелін, бо быў супраць яе шлюбу з Уэймандам. А сам Уэйманд падае на развод, бо гэта, паводле яго слоў, адзіны спосаб прыцягнуць увагу жонкі. Таксама ў Эвелін напружаныя адносіны з гомасэксуальнай дачкой, у якой ёсць сяброўка.
Але аднойчы жыццё галоўнай гераіні незваротна змяняецца, калі яе муж — дагэтуль нервовы і нясмелы — раптам аказваецца агентам з іншай рэальнасці, які выкарыстоўвае паясную сумку як смяротную зброю і наогул робіць розныя неймаверныя рэчы. Ён спешна тлумачыць Эвелін, што стабільнасці мультысусвету пагражае апантаны ўладай злыдзень Джобу Тупакі і што Эвелін павінна навучыцца скакаць паміж сусветамі, каб перамагчы сусветнае зло.
Трамплінам для скачка ў іншасвет становіцца якое-небудзь дзіўнае і недарэчнае дзеянне, напрыклад, з'есці памаду, падзьмуць чалавеку ў ноздры, панюхаць чаравік ці парэзаць пальцы паперай. Ну а далей чалавек атрымлівае нейкую неймаверную суперздольнасць: скакаць як гімнаст, біцца як майстар кунг-фу ці… кіраваць пальцамі ў выглядзе сасісак.
У розных мультысусветах жывуць розныя версіі Эвелін — усе яны лепшыя за тую, якую гледачы сустрэлі ў самым пачатку фільма: гэта Эвелін як зорка баявых мастацтваў, кітайская оперная спявачка, прафесійная кухарка ды іншыя. Фільм пераконвае гледача ў тым, што, хоць выбраўшы замужжа і пральню, Эвелін не стала вядомай спявачкай (якой магла б стаць, калі б засталася ў Кітаі) — роля ўладальніцы пральні не такая і дрэнная, бо толькі гэтая версія Эвелін аказалася здольнай уратаваць свет. І наогул — сям'я і каханне перамогуць усё.
Фільм уключае масу адсылак: дасведчаны глядач убачыць пародыі на «Матрыцу», «Забіць Біла» і нават на мультфільм «Рататуй». Што да апошняга, то ў гэтых сцэнах галоўная гераіня спаборнічае з кухарам, у якога пад каўпаком хаваецца янот.
Розныя сусветы ў фільме адрозніваюцца па каляровай гаме і нават суадносінах бакоў экрана. «Усё ўсюды і адразу» пераймае то старыя кунг-фу-баевікі, то амерыканскія індзі-драмы, то рамантычныя карціны Вонга Кар-Вая. Такая эклектыка добра адпавядае сюжэту аб паралельных сусветах, дзе чалавек можа стаць усім, кім захоча. Гэта тэма, безумоўна, блізкая сучаснаму гледачу, які ўвесь час пачуваецца фрустраваным з-за бясконцай колькасці магчымасцяў, што прапаноўвае свет, у тым ліку віртуальны.
Э. О. Скот з The New York Times апісаў стужку як «вір жанравай анархіі». Па слушнай заўвазе аглядальніка, «тады як ліхаманкавая змена дзеяння і сцэны навукова-фантастычнай лухты складаюць вялікую забаўляльную (і маркетынгавую) частку, сэнс стужкі — не ў гэтым… Гэта горка-салодкая сямейная драма, шлюбная камедыя, гісторыя змагання імігрантаў і напоўненая болем балада пра любоў маці і дачкі». Маральныя высновы фільма счытваюцца адназначна: нігілізм, увасоблены ў часовым падлеткавым бунце дачкі, выкліканы складанасцямі яе пераходнага ўзросту, і задача маці — не тыраніць сваё дзіця, а паспачуваць яе цяжкаму перыяду і працягнуць руку дапамогі. Аднак падчас усяго больш як двухгадзіннага фільма гэтая «сямейная драма» прыцягвае ўвагу толькі месцамі, тады як «забаўляльна-маркетынгавая» частка — асноўная. Стыхія фільма — гэта набор абсурдных, а часам і даволі дзікіх анекдотаў, у якіх рэжысёры не цураюцца ні чорнага, ні фізіялагічнага гумару.
Стужка спадабалася не ўсім: шмат для каго яе фантасмагорыя выглядае бязглуздай і неапраўданай, а гумар — прымітыўным. У той час як іншыя крытыкі адзначаюць, што фільм «не падобны ні да чога» і «вярнуў ім веру ў кінематограф», крытык Пітэр Брэдшоу з The Guardian назваў сваю рэцэнзію на «Усё ўсюды і адразу» — «Нішто нідзе, прычым доўга». «Вар'яцкая чарада падзей без наступстваў азначае, што насамрэч нішто не мае сэнсу, і фільм ператвараецца ў бясформеннае распырскванне Нічога Нідзе На Працягу Доўгага Часу. Аднак гэты фільм шмат каму падабаецца, і ён аздоблены захопленымі крытычнымі заўвагамі… Хацеў бы я, каб ён падабаўся мне больш», — рэзюмуе Брэдшоу.
У фантасмагорыі Дэніэлсаў усё ж ёсць частка, якая не пакіне абыякавымі нават тых, каму фільм здасца пазбаўленым усялякага сэнсу, — гэта кадры са здымак, што транслююцца падчас фінальных цітраў. Гэты мікрафільм у фільме тоіць у сабе сапраўдную абаяльнасць — з яго бачна, з якім запалам і аддачай каманда працавала падчас здымак і як гэта праца іх аб'яднала. У адным з інтэрв'ю Мішэль Ёў расказала, што на здымачнай пляцоўцы ў іх быў рытуал збірацца і цягам пятнаццаці хвілін глядзець адно аднаму ў вочы, падбадзёрваць і абяцаць, што яны зробяць усё, каб укласці ў фільм сэрца і душу. Па яе словах, уся здымачная група, у тым ліку тыя, хто заняты стварэннем рэквізіту, — усе былі на роўных, былі сям'ёй і «ўлівалі сваю любоў у гэты маленькі каштоўны камень», якім для іх стаў гэты фільм.
Чытайце яшчэ:
Каментары