З-за Паўла Севярынца на царкоўныя службы ў шклоўскай калоніі пачалі прыходзіць міліцыянеры
Пра гэта распавёў адзін з былых вязняў калоніі на ўмовах ананімнасці, піша «Радыё Свабода».
«Вязні неяк паскардзіліся адміністрацыі, што Павел Севярынец у царкве збірае гурткі палітзняволеных на беларускай мове. Пасля гэтага на царкоўныя службы пачалі прыходзіць супрацоўнікі міліцыі і сачыць. Ідзе служба, а ў іх рацыя гарлапаніць і яны жуюць семкі.
Севярынца не чапалі да лета 2022 года. Потым чулі, што і ў атрадзе, і ў ШІЗА забаранілі ўсім размаўляць з ім. Але Павел заўсёды гаварыў па-беларуску», — сказаў вязень.
Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года, калі ён вяртаўся з пікета Ціханоўскай на Камароўцы. Спачатку некалькі разоў давалі суткі, а потым стала вядома пра крымінальную справу.
Амаль праз год, 25 мая 2021-га, яго асудзілі да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пакаранне Павел адбывае ў шклоўскай калоніі.
Ён адбываў пакаранні і раней: з 2005-га па 2007-мы і з 2010-га па 2013 гады, тады ён быў асуджаны да «хіміі».
Каментары