Трэцюю жонку прэзідэнта Зімбабвэ зрабілі ганаровым доктарам Беларускага медуніверсітэта. Па адукацыі яна сакратарка
Жонка прэзідэнта Зімбабвэ Аксілія Мнангагва сёння наведала Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, і там яе ашчаслівілі — яна стала ганаровым доктарам БДМУ. Дыплом і мантыю замежнай госці ўручыў рэктар універсітэта Сяргей Рубніковіч.
Пры гэтым з гонарам адзначаецца:
«Усяго ў нас каля 50 ганаровых дактароў — прадстаўнікоў Беларусі і многіх краін свету. Усе яны ўвайшлі ў гісторыю ўніверсітэта, вызначыліся тымі ці іншымі дасягненнямі як у навуцы, так і ў адукацыйнай дзейнасці».
Пры гэтым сказаць, што цяперашняя лаўрэатка адпавядае гэтым высокім патрабаванням хоць бы ў найменшай ступені, ніяк не выпадае. 60-гадовая Аксілія Мнангагва па адукацыі і прафесіі сакратарка. Пасля шасці гадоў працы ў міністэрствах на сакратарскіх пасадах дзяўчыну завербавала зімбабвійская служба дзяржбяспекі, узначальваў якую Эмерсан Мнангагва, цяперашні кіраўнік Зімбабвэ. У яго яна трэцяя афіцыйная жонка.
Пасля прызначэння Мнангагва віцэ-прэзідэнтам Аксілія атрымала мандат дэпутаткі парламента. Калі ў 2017 годзе Мнангагва адхіліў ад улады састарэлага дыктатара Роберта Мугабэ, Аксілія Мнангагва стала першай лэдзі. Яе мужу на сёння 80 гадоў, ён на 20 гадоў старэйшы за жонку.
Сяргей Рубніковіч пры ўрачыстым прыёме афрыканскай госці адзначыў: «Гэты візіт стаў для нас дастаткова знакавым і значным, мы спадзяёмся на пашырэнне нашых партнёрскіх сувязяў і супрацоўніцтва».
Відаць, гэта актуальна, бо дагэтуль беларуска-зімбабвійскія медыцынскія сувязі, падобна, былі не надта развітыя.
Пра гэта красамоўна сведчыць той факт, што зімбабвійская студэнтка Флорэнс Мурвісі, якая таксама прыйшла прывітаць сваю першую лэдзі, сёння адзіная ў ВНУ прадстаўніца гэтай краіны, прытым вучыцца цяпер на апошнім курсе.
Такім чынам, у наступным годзе зімбабвійцаў сярод студэнтаў БДМУ можа і не быць.
Між тым, па словах Рубніковіча, усяго цяпер у БДМУ навучаецца крыху больш за 2 тысячы замежных студэнтаў са звыш 55 краін свету.
Чытайце таксама:
Каментары