Грамадства88

Былая палітзняволеная расказала, што дапамагло ёй аднавіцца 

Настаўніцу Настассю Кухараву затрымалі 31 студзеня 2022-га па «народным» 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса. Да суда дзяўчына некалькі месяцаў знаходзілася ў СІЗА-1. Яна расказала «Нашай Ніве», што ёй дапамагло вярнуцца да жыцця пасля зняволення і што да гэтага часу трыгерыць.

Настасся Кухарава. Фота: «Наша Ніва»

«Вельмі шмат часу спатрэбілася, каб прыняць свой дыягназ»

Першыя 10 дзён пасля затрымання Насту ўтрымлівалі на Акрэсціна, пасля перавялі ў СІЗА №1 і выставілі абвінавачванні. Падрабязна пра сваё зняволенне дзяўчына расказвала праваабарончаму цэнтру «Вясна». 

Калі Наста выйшла з СІЗА (яе прыгаварылі да трох гадоў «хатняй хіміі» і вызвалілі ў зале суда), дзяўчына практычна адразу стала працаваць з псіхолагам. «Было вельмі шмат болю ўнутры», — кажа яна. 

«У зняволенні не можаш казаць пра свой боль, там не прынята быць слабым. Калі нехта плача, то ён робіць гэта ціха, таму што кожнаму ёсць пра што плакаць», — дзеліцца яна. 

Настассі паставілі дыягназ — памежны разлад асобы. 

«Мне складана кантраляваць свае эмоцыі: альбо я вельмі вясёлая, альбо мне вельмі сумна. Нейкай сярэдзіны не бывае. Кожны раз, калі размаўляла з псіхолагам, альбо высмейвала тое, што адбылося з мной, альбо сыходзіла ў істэрыку. 

Вельмі шмат часу спатрэбілася, каб прыняць свой дыягназ, а таксама дэпрэсію, якая наклалася на яго. Было пачуццё віны: я не ў турме, а пакутую. У СІЗА хацела быць свабоднай, стала, але ўсё адно няшчасная», — расказвае яна. 

«Гурток стаў адным з фактараў, што матываваў выходзіць на вуліцу»

У канцы мая 2022-га Настасся пераехала ў Тбілісі. Там дзяўчына адчула сябе ў бяспецы і стварыла для сябе план па аднаўленні.

Настасся стала весці папяровы дзённік, у якім запісвала свае страхі. 

«І рацыянальна іх раскладвала. Напрыклад, баюся выходзіць на вуліцу, таму што баюся пераследу. Праз дзённік, словы тлумачыла сабе, чаму такога цяпер не здарыцца», — кажа яна. 

Наступнае — знайшла занятак па душы: стала валанцёрам. У фондзе «Краіна для жыцця» дзяўчына стала аказваць псіхалагічную дапамогу іншым беларусам. 

Да зняволення Настасся вучылася ў магістратуры на псіхолага. Адтуль яе пасля адлічылі.

«База ў мяне засталася, а таксама жыццёвы досвед. Мне было важна дапамагаць, бо я ўвесь час думала, што вось я ў бяспецы, а людзі засталіся там», — тлумачыць яна. 

Таксама дзяўчына прыдумала для сябе новае хобі: пайшла займацца ў тэатральны гурток. 

«Заплаціла за яго адразу, адгаворак не хадзіць у мяне не было, бо маё фінансавае становішча было не самым лепшым. Гурток стаў адным з фактараў, што матываваў выходзіць на вуліцу», — кажа яна. 

Чацвёрты пункт у плане па аднаўленні: абраць дзень, калі станеш рабіць нешта для сябе. 

«Толькі для сябе, каб ніхто не перашкаджаў. Асабісты рытуал, каб адчуваць сябе як дома, — кажа яна. —Вельмі люблю бульбу фры ў «Макдональдсе». Але кожны дзень туды не паходзіш. Таму кожную сераду а 16-й я прыходзіла ў «Макдональдс» і сядзела там гадзіну. Ела бульбу і атрымлівала асалоду. 

У Мінску ў мяне было ўлюбёнае месца — Няміга, любіла там шпацыраваць, падумала, што мне трэба арганізаваць і тут нешта любімае. Я разумела, што калі маё жыццё настолькі змянілася, то, значыць, мне трэба змяніць тое, што мяне можа радаваць».

З колам былых палітвязняў дзяўчына доўгі час не камунікавала. 

«Сышла ад гэтага, таму што вельмі часта назірала, як у чатах людзі лаюцца, — расказвае яна. — З людзьмі камунікаваць мне было складана, адсунулася неяк ад іх. Памятаю, была вечарына, усе размаўлялі, выпівалі, а я сяджу і запісваю ў тэлефоне вершы ў нататкі. Адчувала, што я ўжо не той пазітыўны чалавек, не магу быць такой, якой я была да зняволення.

Вельмі важна, каб былі людзі, якія падтрымліваюць. У мяне гэта былі маці і сябры, якія пісалі мне ў СІЗА.

Яшчэ я шмат пісала аб тым, што адчуваю, у інстаграм. Было важна, каб людзі шкадавалі мяне і пісалі мне. Проста патрэбна была ўпэўненасць, што людзям не ўсё роўна». 

«Я стала шмат хадзіць, больш за 15 кіламетраў у дзень»

Настасся кажа, што ўжо вярнулася ў свой нармальны стан, але час ад часу ён можа раптоўна пагоршаць. 

«Нядаўна ў мяне быў год, як я выйшла з СІЗА, убачыла ў інтэрнэце фатаграфію мужчыны, які мяне збіў, спачатку ніяк не адрэагавала, а ўвечары разнесла ўсё ў сваёй кватэры, зрабіла сэлфхарм. 

Але цяпер тая дата, той чалавек не маюць нада мной улады. Год мінуў, цыкл скончыўся», — дзеліцца яна. 

У СІЗА Настасся моцна паправілася. На выхадзе важыла 76 кілаграм. 

«А раней — 60, — кажа яна. — Да таго, як я яшчэ патрапіла ў СІЗА, у мяне была булімія. У зняволенні яна выяўлялася вельмі цяжка. Зубной шчоткай раздзірала сабе горла, каб ежа выходзіла. Быў страх, што калі я перастану ванітаваць, то пачну набіраць вагу. Але з цягам часу я перастала так рабіць, таму што гэта сур'ёзна мне шкодзіла. 

У СІЗА мяне наконт вагі падтрымлівала Алена Талкачова. Мы неяк хадзілі па коле, і я стала перажываць, што вось, буду выходзіць тоўстая, каму буду такая патрэбная. Лена тады супакоіла, сказала, што нават калі я выйду 40-гадовым мужчынам, мяне ўсё роўна прымуць».

Як худзела дзяўчына? 

«Спортам не займалася. У Грузіі паспрабавала займацца ёгай, хатнімі трэніроўкамі, але закінула гэта. Я стала шмат хадзіць, больш за 15 кіламетраў у дзень. Дазваляла сабе есці ўсё, што хочацца. Праз гэта не было імпульсіўных зрываў і пераядання. Думаю, што я пахудзела, таму што стала адчуваць сябе ў бяспецы», — кажа яна. 

У пачатку лютага гэтага года Настасся пераехала з Тбілісі ў Вільню. Цяпер дзяўчына праходзіць курсы SMM, іх прапанаваў Настассі «Байсол». 

«Вільня ўсё ж па менталітэце бліжэйшая да Беларусі, камфортней тут, — кажа яна. — Каб выкладаць літоўцам рускую мову (Натасся скончыла педагагічны ўніверсітэт, яна настаўніца рускай мовы і літаратуры. — НН), мне трэба ўспомніць літоўскую мову, яе вучыла ва ўніверсітэце. Таксама хачу вучыць цяпер англійскую. Шмат хаджу на здымкі і працягваю валанцёрыць. У мяне матывацыі на ўсё хапае, а вось сілаў няма. 

І стрымы свае хачу аднавіць. Я іх раней вяла на платформе, дзе людзі гуляюць у гульні. Глядзіш анлайн, як чалавек праходзіць гульню. Я гэтым вельмі гарэла. Думала яшчэ ў Грузіі пачаць, але тады рэчы, якія мяне цешылі да зняволення, перасталі гэта рабіць».

На пытанне, ці варта весці перамовы з рэжымам Лукашэнкі па пытанні палітвязняў, Настасся адказвае, што з гэтымі людзьмі ва ўладзе гэтага рабіць нельга. 

«Думаю, што самае эфектыўнае — дапамагаць сваякам палітвязняў, бо ўсё адно не выпусцяць усіх. Хочацца дамовіцца, але мне падаецца, што гэта не выйсце, бо затрыманні працягваюцца штодня.

Трэба спыніць усю калясніцу зла, бо нават калі перамовы пройдуць удала і кагосьці выпусцяць, пасадзяць новых, размова можа ісці толькі пра тое, каб Лукашэнка сышоў і прыйшоў прэзідэнт, якога абралі сумленна.

Палітвязні не павінны быць прадметам для размовы а-ля «адпусціце вось гэтых». Спачатку мусяць выпусціць усіх, а потым можа ісці размова пра тое, ці варта здымаць санкцыі. Першапачаткова санкцыі ўводзіліся з-за таго, што Лукашэнка захапіў уладу, а не таму, што былі палітвязні», — падсумоўвае яна. 

«Байсол» адкрыў збор для Настассі. Падтрымаць былую палітзняволеную можна па спасылцы.

Чытайце таксама: 

73-гадовую кандыдатку тэхнічных навук арыштавалі на 10 сутак

Сілавікі затрымалі мужа з жонкай і цесцем — вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах

Наваполацкую выкладчыцу Алену Храмцову арыштавалі на 10 сутак

19-гадовага экс-палітвязня затрымалі па новай справе. Прычым затрымлівалі ў прысутнасці аднакурснікаў

Каментары8

  • Ганна
    25.05.2023
    цудоўнае інтэрв'ю. вельмі моцная дзяўчына! дзякуй за парады. цалкам падзяляю ваш пункт гледжання наконт палітвязняў. ўдачы вам.
  • Наталья
    25.05.2023
    Ей надо было обеспеченного хлопца найти в Грузии и там остаться.
  • mikola
    25.05.2023
    Velmi pryemna dzjauczyna ! Ioi u Kine zdymacca a ne cikavicca Palitykai ! Udaczy ! Dze mai *17* God !?

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны3

Упершыню за палову месяца даляр патаннеў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют7

У 53 гады загінуў былы турэмны начальнік з Оршы5

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу3

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі3

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах9

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →