Прэзідэнт Міжнароднага паралімпійскага камітэта (МПК) Эндру Парсанс не выключае, што расійскія і беларускія спартсмены могуць быць не дапушчаныя да ўдзелу ў Паралімпійскіх гульнях у Парыжы ў наступным годзе. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю японскаму тэлеканалу NHK, піша ТАСС.
«Напярэдадні Паралімпійскіх гульняў у Парыжы мы можам прыняць рашэнне, адрознае ад МАК. Гэта можа прывесці да двух розных вынікаў у Парыжы», — сказаў Парсанс у адказ на пытанне аб допуску спартсменаў з РФ і Беларусі на Паралімпіяду.
28 сакавіка выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) рэкамендаваў міжнародным спартыўным федэрацыям дапускаць расійскіх і беларускіх атлетаў выключна ў нейтральным статусе, прычым толькі тых, хто публічна не выказваўся ў падтрымку вайны і хто не звязаны з Узброенымі сіламі або органамі нацыянальнай бяспекі.
Пры гэтым расійскія і беларускія спартсмены не павінны быць прадстаўлены ў камандных відах спорту. МАК яшчэ не прыняў канчатковага рашэння аб умовах удзелу расійскіх і беларускіх спартсменаў у Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 года. Чакаецца, што гэта рашэнне будзе прынята ў верасні.
У 2022 годзе беларускія і расійскія спартсмены павінны былі ўзяць удзел у Паралімпіядзе ў Пекіне, аднак у сувязі з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне МПК прыняў рашэнне не дапускаць іх да спаборніцтваў.
Каментары