Дык ці былі 5 жніўня ракеты з Беларусі? Украінская разведка сумняваецца, полк Каліноўскага перакананы, што не было
Увечары 5 жніўня Паветраныя сілы УСУ паведамілі пра масіраваную атаку на тэрыторыю Украіны. Яны заявілі, што ёсць ракеты і з боку Беларусі. Але больш дэталяў не прывялі.
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў пазней сказаў у каментары «Укрінфарм», што Расія магла імітаваць пускі ракет з тэрыторыі Беларусі з мэтай правакацыі — каб уцягнуць у вайну супраць Украіны.
«Адносна ракет з тэрыторыі Беларусі — верагодна, гэта быў электронны пуск або імітацыя пуску, паколькі на тэрыторыі гэтай краіны размешчаныя расійскія войскі, сілы і сродкі для рознага роду правакацый, каб уцягнуць яе ў вайну супраць Украіны», — адзначыў ён.
«Фізічна пуску магло і не быць, але ўсё магло быць зладжана так, быццам пускі адбываліся з тэрыторыі Беларусі. Інфармацыя цяпер правяраецца», — дадаў прадстаўнік ГУР.
Полк Каліноўскага заявіў, што, паводле інфармацыі, якой яны валодаюць, «ніякіх атак з боку Беларусі не адбылося».
Кампалка Дзяніс Прохараў «Кіт» скончыў свой зварот да беларусаў заклікам: «не дайце сябе падмануць».
Каментары