«З гэтай кніжкай дзеці змогуць весела вучыць беларускую і англійскую мовы»
Сяргей Календа напісаў казку пра прыгоды малога Томчыка, якая дапаможа ў вывучэнні дзвюх моў.
Рэдактар часопіса Мінкульт Сяргей Календа напісаў казку пра прыгоды вясёлага Томчыка. Галоўны герой мае цалкам рэальны прататып: ім стаў малодшы сын аўтара — Томас. Ідэя напісання казкі належыць менавіта Томчыку:
«Кожны вечар мы чытаем казкі перад сном, і неяк Томас прапанаваў прыдумаць сваю. Так з'явіўся гэты праект».
Сяргей адзначае, што сюжэты гісторый падкідвала само жыццё — трэба было толькі назіраць за маленькім сынам. Так сабралося сем забаўных апавяданняў, якія і ляглі ў аснову зборніка.
Старонкі кнігі захапляюць чытачоў ілюстрацыямі ад таленавітай мастачкі Марыі Шэндзель, а сам тэкст — двухмоўны. Праект распрацованы так, каб займальныя апавяданні і яркія выявы прыцягвалі ўвагу дзяцей і натхнялі іх на чытанне і вывучэнне дзвюх моў — беларускай і англійскай.
Казка выйшла тыражом 500 экзэмпляраў. Набыць яе можна на сайце выдавецтва Gutenberg.
Каментары