Найстарэйшы фатограф Беларусі Іван Ігнатавіч Камар сышоў у іншы свет 12 жніўня на 104-м годзе жыцця. Сёння ў Навагрудку ладзіцца развітанне з далікатным і інтэлігентным аўтарам-аматарам, які тры дзесяцігодді вёў ціхі фоталетапіс жыцця сваёй вёскі — Нянькава, паведамляе Reform.by.
Іван Камар нарадзіўся ў 1920 годзе і амаль усё жыццё пражыў у вёсцы Нянькава Навагрудскага раёна. Яго бацькі — простыя сяляне Ігнат Парфёнавіч і Алімпіяда Кліменцьеўна з вёскі Нянькава. Скончыў чатыры класы вясковай школы (хадзіў у польскую), а потым маленькі Іван вучыўся ў беларускай школе ў Любчы. У дзяцінстве бацькі аддалі сына ў чаляднікі да краўца з суседняй вёскі Ракевічы, дзе той навучыўся карыстацца іголкай.
У 1944 годзе Іван Ігнатавіч быў мабілізаваны ў Савецкую Армію. Адразу ж быў накіраваны ва Украіну, затым у запасны полк, які размяшчаўся ў горадзе Оўруч. Пазней, як навабранец, быў накіраваны ваяваць у Венгрыю стралком у роту ПТРК. Там ён быў паранены. Перамогу Іван Ігнатавіч сустрэў у Аўстрыі.
Дэмабілізаваўся будучы фатограф толькі ў 1946 годзе. У родную вёску Іван Ігнатавіч вярнуўся пешшу з Аўстрыі з асколкам у назе. Потым працаваў у калгасе, а потым па спецыяльнасці — шыў мужчынскае адзенне ў бытавым камбінаце ў вёсках Нянькова і Пантусавічы.
Свой першы фотаапарат Іван Ігнатавіч змог набыць толькі ў 1958 годзе. Два свае заробкі ён аддаў на новы «Зеніт-С» малога фармату, з якім далей не расставаўся 50 гадоў.
У архіве Івана Ігнатавіча больш за дзве тысячы негатываў.
Каментары