У Гомелі вароны ледзь не задзяўблі ястраба, яго ўратавалі людзі
Сутычку птушак над ракой убачыў вахтавы назіральнік мясцовай Заходняй станцыі Таварыства выратавання на водах. Спачатку ён з цікавасцю сачыў за боем праз бінокль, але калі малады ястраб зваліўся ў ваду, то ратаўнікі вырашылі дапамагчы, піша гомельскае выданне «Белка».
Матросы на катары падплылі да месца бойкі і адагналі варон, якія нават у вадзе працягвалі дабіваць апанента.
Калі ўсё скончылася, стала зразумела, што работнікі Таварыства выратавання на водах выратавалі маладога ястраба-перапёлачніка. Яго даставілі на бераг, паклалі на траву, пакінулі побач пітво і ежу.
Па ўсім было відаць, што ястраб знясілены, частавацца прапанаванымі яму хлебнымі крошкамі ён не стаў — верагодна, драпежніку не надта такая ежа і падыходзіць. Але калі пару гадзін ястраб адпачыў, то з надыходам цемры паляцеў.
Па словах ратавальнікаў, крыві на птушцы не было. А што птушыны драпежнік не падзяліў з варонамі — засталося загадкай.
Чытайце таксама:
Беларусаў па ўсёй краіне тэрарызуюць восы, а на лецішча пад Гроднам прыляцеў асаед
Якая сувязь паміж бабрамі і птушкамі?
У Гомелі сталі штрафаваць за вераб’ёў, якіх «утрымліваюць» у крамах
Каментары