«Сказала, што хоча, каб мяне пабілі». Беларуса здала ГУБАЗіКу былая дзяўчына, даслаўшы ягонае фота з пратэстаў
Дзяніса Князева затрымлівалі некалькі разоў. Восенню 2022 года да яго прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. У іх чат напісала былая дзяўчына Дзяніса, маці ягонай дачкі. Яна выслала сілавікам ягоныя фатаграфіі з пратэстаў, а таксама асабістыя даныя і адрас, паведамляе Mostmedia.io.
Асаблівасць сітуацыі ў тым, што Дзяніс адзін выхоўвае сумесную з гэтай жанчынай 11-гадовую дачку, а ў момант затрымання яны з дзяўчынкай былі разам.
Дзяніс расказвае, што тая раніца пачыналася як звычайна. Ягоная дачка Ясенія збірала канструктар Lego, а сам ён рабіў каву і чытаў навіны. Толькі мімаходзь заўважыў, што каля дома ходзяць незнаёмыя людзі, а затым убачыў, як заязджаюць бусы.
Неўзабаве ў дзіцячы пакой з аўтаматамі зайшло каля дзесяці чалавек у бронекамізэльках і са шчытамі. Яны сунулі Дзянісу ў твар фатаграфіі з пратэстаў 2020 года.
На тых здымках Дзяніс выглядаў інакш: без барады, у іншым адзенні. Таму ён стаў аднеквацца.
«Пастараўся сябе выгарадзіць, сказаў, што гэта нейкі іншы чалавек, не я», — расказвае ён.
Тады проста на вачах у дзіцяці Дзяніса моцна ўдарылі. Затым, зноў жа пры дзіцяці, сталі гучна на яго крычаць.
«Пачалі гарлапаніць: «Дай пароль ад тэлефона». Кажу: «Няма пароля». Гарлапаняць: «Чаму ў цябе няма пароля?»
У выніку Дзяніса павезлі на допыт, а дачку — следам у асобным аўтобусе. У аддзяленні іх ужо чакала яе маці. Але пасля невялікай сваркі яна, па словах Дзяніса, выклікала таксі, каб Ясенія паехала да бабулі, маці Дзяніса.
Пазней Дзянісу ўдалося пагаварыць з былой дзяўчынай.
«Яна сказала мне, што ведае, што я экстрэміст. І што яна хоча, каб мяне пабілі».
Падчас следчых мерапрыемстваў Дзяніса часта збівалі. І наогул ён шматкроць быў сведкам гвалту ў дачыненні да затрыманых.
«Калі праходзіў па калідоры, пастаянна былі чуваць крыкі: там збівалі людзей. Дубінкай і электрашокерам».
Супрацоўнікі ГУБАЗіКа хацелі запісаць з Дзянісам «пакаяльнае» відэа і агучылі тэкст, які ён павінен будзе сказаць. Але запіс не атрымліваўся.
«Стаў заікацца, забывацца словы, бэкаць, мэкаць», — тлумачыць Дзяніс. Гэта раззлавала супрацоўніка, які працаваў з мужчынам. Ён разагнаўся — і «з нагі» ўдарыў падазраванага ў грудзі.
«Ад удару я вылецеў з кабінета і адразу ўстаў. Ён сказаў: «Ах, ты ўстаў. Ах, табе мала». І паклікаў яшчэ аднаго супрацоўніка, які ўдарыў у грудзі. Наступствы таго збівання Дзяніс адчуваў 1,5 месяца — не мог удыхнуць на поўныя грудзі.
Самы складаны момант, які перажыў Дзяніс, быў тады, калі яму сказалі, што праз яго ягоная дачка збегла ў лес і яе шукалі два дні. «Мяне накрыла чорным», — успамінае ён.
У такім прыгнечаным эмацыйным стане ён пайшоў падпісваць пратаколы. Аднак зразумеў, што там згаданыя іншыя артыкулы, а не 342-і, па якім звычайна судзяць удзельнікаў пратэстаў (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Гэтыя дакументы Дзяніс парваў — такі ўчынак ён тлумачыць цяжкім эмацыйным станам. Гэта выклікала новы віток агрэсіі супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. Але затым справу ўзяў следчы. Ён пацвердзіў, што дзеянні Дзяніса падпадаюць пад 342-і артыкул.
У выніку мужчыну далі тры гады «хатняй хіміі», але ён здолеў пакінуць Беларусь.
«Не хамили, не оскорбляли, руки, ноги не ломали». Cілавікі затрымалі паэта, а потым ён напісаў пра затрыманне верш
«Калі чалавек такім цікавіцца». ГУБАЗіК прызнаў, што беларусы не парушаюць закона, падпісваючыся на «экстрэмісцкія» каналы, але патлумачыў, чаму карае за гэта
«Катаванні, праз якія прайшлі людзі, нечаму служаць». Кшыштаф Занусі разважае пра беларускі 2020 год і мастацтва ў часы рэпрэсій
Каментары