«Бітлз» анансаваў выхад сваёй «апошняй песні» і абнаўленне старых альбомаў
На афіцыйнай інтэрнэт-старонцы сусветна вядомага брытанскага рок-гурта «Бітлз» з'явіўся анонс выхаду яго апошняй песні пад назвай Now and Then («Цяпер і тады»). Яна стане даступная для ўсіх ужо 2 лістапада.
«Now And Then — гэта апошняя песня «Бітлз», якую напісаў Джон Ленан у суаўтарстве з Полам Мак-Картні, Джорджам Харысанам і Рынга Старам. Дзякуючы Полу і Рынга, гэтая песня нарэшце ўбачыць свет пасля больш за чатыры дзесяцігоддзі.
Дата выхаду новага трэка — 2 лістапада ў 14:00 па Грынвічу (17:00 па Мінску. — НН). Відэакліп да песні выйдзе на наступны дзень. А дакументальны фільм аб працэсе стварэння Now And Then будзе апублікаваны 1 лістапада», — паведаміў у сваім анонсе гурт «Бітлз».
Дэмаверсія трэка Now And Then была запісаная яшчэ ў канцы 1970-ых гадоў вакалістам Джонам Ленанам незадоўга да яго гібелі ў 1980 годзе (спявак быў застрэлены). Але голас Ленана на запісе дрэнна чуваць з-за старонніх шумаў у доме спевака.
Паводле ўспамінаў музыкі «Бітлз» Пола Мак-Картні, якімі той падзяліўся са СМІ яшчэ гэтым летам, дэмазапіс Now And Then быў атрыманы ім у 1990-ыя ад удавы Ленана Ёка Она за год да таго, як ён, Харысан і Рынга Стар пачалі працаваць над зборнікам «Анталогія». Тады гурт упершыню паспрабаваў скончыць песню Ленана.
«У песні была не вельмі ўдалая назва, яе трэба было трохі перапрацаваць, але ў яе быў прыгожы куплет, і яго спяваў Джон. Але Харысан тады назваў якасць запісу вакалу Ленана паршывай і адмовіўся працаваць над песняй. У нашай камандзе была дэмакратыя, і мы кінулі працу на трэкам», — заяўляў гэтым летам музыка Пол Мак-Картні.
Па словах Мак-Картні, у тыя часы яшчэ было тэхнічна немагчыма аддзяліць чысты голас Ленана ад шумаў, але Мак-Картні не траціў надзеі скончыць Now And Then.
І ў выніку гэта атрымалася зрабіць дзякуючы штучнаму інтэлекту.
Песня Now And Then разам з відэакліпам і дакументальным фільмам будзе не адзіным падарункам «Бітлз» сваім слухачам і фанатам.
Гурт таксама анансаваў выхад новага перавыдання сваіх «Чырвонага» і «Сіняга» альбомаў.
«Чырвоны альбом» «Бітлз» (The Red Album, 1962—1966) складаецца з 26 песень агульнай працягласцю музыкі больш за 62 хвіліны. А «Сіні альбом» (The Blue Album, 1967—1970) складаецца з 28 трэкаў працягласцю амаль 100 хвілін.
Абноўленыя версіі гэтых альбомаў выйдуць 10 лістапада.
Брытанскі гурт «Бітлз» — гэта адзін з самых культавых і ўплывовых рок-гуртоў у гісторыі. Ён быў заснаваны ў 1960 годзе, мае 13 афіцыйных альбомаў, якія складаюцца з 211 песень. Агульная колькасць прададзеных дыскаў і касет у «Бітлз» перавышае адзін мільярд копій.
Каментары