Кадыраў назваў новыя батальёны ў гонар герояў антырасійскіх паўстанняў. Падрыхтоўка да іншай будучыні?
Пастаўлены Масквою кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў на гэтым тыдні абвясціў аб стварэнні двух новых батальёнаў, якія будуць падпарадкоўвацца расійскай арміі. Але пры гэтым яны носяць імёны правадыроў нацыянальна-вызваленчых войнаў супраць Расійскай Імперыі. Расказваем, хто яны такія і як на гэта адрэагавалі Z-каналы.
У тэлеграм-канале Рамзана Кадырава на днях з'явіліся дзве публікацыі аб стварэнні новых батальёнаў імя чачэнскіх палкаводцаў Байсангура Бенойна і Шэйха Мансура, якія будуць падпарадкоўвацца Расгвардыі і Мінабароны Расіі.
Іронія заключаецца ў тым, што новыя расійскія батальёны Кадырава названы ў гонар кіраўнікоў чачэнскіх паўстанняў супраць Расіі ў XVIII-ХІХ стагоддзях.
Шэйх Мансур, чыё сапраўднае імя было Ушурма, быў першым імамам (лідарам) Паўночнага Каўказа і прапаведнікам ісламу. Ëн распаўсюджваў сярод чачэнскіх і дагестанскіх горцаў ідэі незалежнасці і нормы шарыяту (сістэму фундаментальных ісламскіх звычаяў), што вылілася ў вайну супраць Расіі. У 1791 годзе падчас аблогі царскім войскам крэпасці ў Анапе Мансур быў узяты ў палон і асуджаны на пажыццёвы тэрмін зняволення. Праз тры гады ён памёр у расійскай вязніцы. Шэйх Мансур лічыцца нацыянальным героем Чачні, а ў савецкай гістарыяграфіі разглядаўся як першы рэвалюцыянер Каўказа.
А Байсангур Бенойн (у расійскай традыцыі — Беноеўскі) ваяваў супраць расійскай арміі ў ХІХ стагоддзі. Ён быў актыўным удзельнікам Каўказскай вайны (1817—1864), падчас якой стаў імамам Чачні. Як і Шэйх Мансур, Бенойн трапіў у расійскі палон. У Чачні ён таксама лічыцца нацыянальным героем.
Рашэнне Рамзана Кадырава назваць новыя расійскія батальёны менавіта ў гонар гэтых палкаводцаў выклікала абурэнне ў шэрагу расійскіх прапагандыстаў і адначасова стрыманую рэакцыю з боку расійскіх чыноўнікаў.
Алею ў агонь падлівае яшчэ і той факт, што на баку Украіны ўжо з 2014 года ваюе батальён імя Шэйха Мансура, у склад якога ўваходзяць удзельнікі і ветэраны дзвюх чачэнскіх войнаў у 1990-ых і 2000-ых, якія змагаліся тады і працягваюць змагацца сёння супраць Расіі.
Сабралі самыя цікавыя рэакцыі.
Заснавальнік расійскага радыкальнага руху «Мужчынская дзяржава» Уладзіслаў Пазнякоў жорстка прайшоўся па Кадыраве з-за яго рашэння па назвах батальёнаў.
«Кадыраў — галоўны правакатар і распальвальнік міжнацыянальнай нянавісці ў Расіі. Па-мойму, для ўсіх гэта ўжо відавочна», — напісаў Пазнякоў сваёй 400-тысячнай аўдыторыі.
Далей ідзе каментар ад неанацысцкага расійскага вайсковага атрада «ДШРГ Русіч».
Адзін з найбуйнейшых Z-ваенкараў Юры Кацёнак, каментуючы публікацыі Кадырава, заявіў, што ідэя назваць расійскія батальёны ў гонар «забойцаў рускіх» — гэта тое ж самае, што і стварыць у Ізраілі «полк імя Дзірлевангера».
Яшчэ адзін расійскі ваенкар Раман Сапанькоў заявіў, што Кадыраў сваімі паводзінамі нагадвае кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына і яго можа чакаць такі ж лёс.
«Вельмі спадзяюся, што Кадыраў проста выпрабоўвае цярпенне Вярхоўнага. Літаральна нядаўна быў яшчэ адзін чалавек, які рабіў гэтак жа, але ён па тых ці іншых прычынах скончыўся», — злавесна намякнуў Z-ваенкар Сапанькоў.
Па тэме новых батальёнаў Кадырава выказаліся і некаторыя расійскія чыноўнікі.
Напрыклад, член камітэта Дзярждумы Расіі па абароне Дзмітрый Кузняцоў, у адрозненне ад прапаганды, выказаў асцярожную і аптымістычную здагадку, што Шэйх Мансур, калі б ён зараз быў жывы, ваяваў бы менавіта на баку Расіі.
Тое самае, на думку чыноўніка, тычыцца і астатніх унутраных гістарычных ворагаў Расіі.
«Калі Рамзан Ахматавіч упэўнены, што зараз Шэйх Мансур змагаўся б на баку Расіі, то гэта добрая і нармальная назва для батальёна. У нас хто толькі супраць цара не ваяваў: і Пугачоў, і Разін, і дзекабрысты, і камуністы. Але калі б цяпер яны ўсе былі б за нас, то сардэчна запрашаем», — заявіў сябар камітэта Дзярждумы Расіі па абароне Дзмітрый Кузняцоў каналу RTVI.
Нагадаем, што апошні час вакол Рамзана Кадырава рэгулярна ўзнікаюць скандалы.
Напрыклад, нядаўна Кадыраў прылюдна назваў савецкага тырана Іосіфа Сталіна «здраднікам, які высяляў не толькі чачэнскі народ, але і іншыя розныя народы таксама». Гэтае выказванне напрамую пярэчыць цяперашняй палітыцы расійскіх уладаў, якія фактычна рэабілітуюць дзейнасць Сталіна.
Яшчэ была гісторыя са збіццём у чачэнскім СІЗА расіяніна Мікіты Жураўля 15-гадовым сынам кіраўніка Чачні Адамам Кадыравым. Тады Рамзан Кадыраў публічна пахваліў свайго сына і пачаў пагражаць тым людзям, каму гэтае збіццё не спадабалася і хто пачаў шукаць у ім парушэнне расійскага заканадаўства.
Тым часам Адам Кадыраў ужо атрымаў тры дзяржаўныя прэстыжныя ўзнагароды Чачні, Татарстана і Карачаева-Чаркесіі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬРамзан Кадыраў заплаціў украінскім спецслужбам за вяртанне свайго каня з Чэхіі
Кадыраў падтрымаў Палесціну і прапанаваў свае войскі ў якасці міратворчых
«Дзе вы былі, калі мы ваявалі за Ічкерыю?» Кадыраў нечакана абвінаваціў Захад у няўдачах чачэнскіх незалежнікаў
Сябар Віктара Лукашэнкі стаў дарадцам Кадырава
Каментары