У Брэсце памёр Сяргей Любчук — вядомы ў горадзе культурны дзеяч, заслужаны работнік культуры Беларусі. Яму было 84 гады.
Сяргей Любчук нарадзіўся 2 мая 1940 года ў Дзівіне Кобрынскага раёна.
Скончыўшы Брэсцкае музычнае вучылішча па класе баяна, а пасля Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, ён працаваў у Брэсцкім музвучылішчы выкладчыкам і тут жа кіраваў аркестрам рускіх народных інструментаў.
Пасля дзясятак гадоў Сяргей Любчук аддаў аркестру і хору ансамбля «Брэстаўчанка» Брэсцкага электрамеханічнага завода, а ў 1981 годзе стварыў у Брэсце знакаміты ансамбль песні і танца «Бярэсце» пры абласным Палацы культуры прафсаюзаў. Гэты калектыў — пастаянны ўдзельнік гарадскіх і абласных канцэртаў, лаўрэат разнастайных конкурсаў і фестываляў. Ансамбль аб'ездзіў з канцэртамі многія краіны свету. Адначасова Любчук з'яўляўся мастацкім кіраўніком народнай харавой групы «Красуні» брэсцкай фірмы «Прадтавары».
Сяргей Любчук сам пісаў музыку і вершы, творы яго аўтарства ўвайшлі ў рэпертуар не толькі брэсцкіх, але і іншых калектываў Беларусі. Шмат твораў ён прысвяціў сваёй малой радзіме і Брэсту.
Развітанне з Сяргеем Любчуком адбудзецца ў нядзелю, 22 снежня, у 12.00 у ніжнім храме Свята-Васкрасенскага сабора па адрасе вул. Маскоўская, 271.
Каментары