Вызваленне закладнікаў, выкрадзеных падчас нападаў баевікоў ХАМАС на Ізраіль, у абмен на спыненне агню ў сектары Газа для дастаўкі гуманітарнай дапамогі адкладзена да пятніцы, 24 лістапада, паведаміла канцылярыя прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху.
У сераду ўрад Ізраіля зацвердзіў умовы ўгоды з палесцінскай групоўкай ХАМАС, паводле якой прынамсі 50 выкрадзеных джыхадыстамі людзей — жанчын і дзяцей — будуць вызваленыя на працягу чатырох дзён, на якія прыйдзецца паўза ў баявых дзеяннях. Пагадненне, паводле неафіцыйных звестак, павінна было пачаць дзейнічаць у чацвер раніцай, піша «Радыё Свабода».
Па адных даных, ХАМАС не ратыфікавала пагадненне, па іншых — групоўка не падала Ізраілю спіс закладнікаў, якія павінны былі быць вызваленыя ў першы дзень. Гэты механізм з'яўляецца часткай угоды.
Як паведамляе Times of Israel, Ізраіль не будзе публікаваць даныя закладнікаў да іх вызвалення, каб не даваць сем'ям ілжывых надзей, калі ўгода сарвецца.
Прэс-сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Эдрыен Уотсан паведаміла CNN, што «ўгода была ўзгоднена і застаецца ўзгодненай. Бакі прапрацоўваюць апошнія лагістычныя дэталі». Паводле слоў Уотсан, неабходны дадатковы час для ўдакладнення дэталей, звязаных з месцазнаходжаннем і маршрутамі перамяшчэння кожнага з закладнікаў, а таксама транспартнай лагістыкай.
Рашэнне пачакаць яшчэ адзін дзень, каб звесці да мінімуму імавернасць узнікнення праблем, паводле яе слоў, было прынята Ізраілем сумесна з Катарам і Егіптам, якія выступаюць пасярэднікамі пагаднення аб спыненні агню на чатыры дні для вызвалення часткі закладнікаў, захопленых ХАМАС, і дастаўкі гуманітарнай дапамогі насельніцтву сектара Газа.
Падчас нападаў баевікоў ХАМАС на Ізраіль былі забітыя больш за 1200 ізраільцян, пераважная большасць з іх мірныя жыхары. 240 чалавек былі ўзяты ў закладнікі. Падкантрольнае ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы сцвярджае, што з 7 кастрычніка падчас аперацыі ізраільскай арміі ў сектары загінулі больш за 14 тысяч чалавек, большасць з якіх жанчыны і дзеці. Незалежных пацверджанняў гэтым даным няма.
Каментары