«Байпол» выклаў сваю версію расколу арганізацыі: спецслужбы, «штаб супраціву», Балкунец і Цапкала
Ініцыятыва былых сілавікоў назвала меркаваных аўтараў некалькіх ананімных каналаў. Адзін з іх раней атакаваў незалежныя СМІ.
«Байпол» у сваім відэа расказаў пра каналы, якія падагравалі канфлікт, скарыстаўшыся ўнутранымі праблемамі ў арганізацыі.
Адзін з іх — «Аб'яднаны штаб супраціву». 8 чэрвеня, да таго як раскол стаў публічным (сам канфлікт у арганізацыі адбыўся 7 чэрвеня), канал укінуў, што Азараў — «пацверджаны агент ГРУ», а «Байпол» «напічканы агентамі рэжыму Лукашэнкі». Напісалі таксама, што Азарава і Лупаносава паспрабуюць прыбраць з «Байпол», нібы каб захаваць бяспеку ўдзельнікаў плана «Перамога», а фармальнай прычынай будзе фінансавая нядобрасумленнасць. Лупаносаў адзначае, што фінансавыя пытанні сапраўды абмяркоўваліся ў «Байполе», але толькі сярод удзельнікаў арганізацыі, таму нехта зліў інфармацыю АШС.
Па меркаванні «Байпола», за каналам АШС стаіць Андрэй Абозаў, які цяпер жыве ў Эстоніі. Раней «Нашай Ніве» паведамляла гэтую ж інфармацыю яшчэ адна крыніца.
Андрэй Абозаў некалі быў актывістам супольнасці беларусаў «Трэці шлях» і адным са стваральнікаў «Мультклуба», групы, якая рабіла сатырычныя мультфільмы пра Лукашэнку. У 2005-м на яго завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнку, але Андрэй здолеў выехаць з Беларусі ў Эстонію.
У 2007-м ён ехаў на цягніку з Украіны дадому ў Эстонію праз Расію і быў затрыманы. Пры заступніцтве свайго знаёмага, расійскага палітолага Андрэя Суздальцава, выехаў у Эстонію. З таго часу жыве там. Сярод праектаў, у якіх ён удзельнічаў з 2020-га — стрымы Валерыя Цапкалы і Беларускі народны трыбунал.
Андрэй Суздальцаў — расійскі палітолаг, які доўгі час жыў у Беларусі, пакуль не быў высланы ў Расію ў 2006 годзе.
«Советская Белоруссия» (цяпер «Беларусь сегодня») тады абвінаваціла Суздальцава ў працы на расійскія спецслужбы, што і стала прычынай высылкі. Адной з прыкмет сувязі са спецслужбамі было названа лячэнне палітолага ў вайсковым шпіталі ў Маскве. «Афіцэр спецслужбы, хутчэй за ўсё, ГРУ Генштаба МА Расіі», — зрабіў выснову Якубовіч.
Пасля публікацыі АШС яе падхоплівае 37-гадовы блогер Віталь «Вірус» Кандраценка, з якім, па інфармацыі «Байпол», меў кантакты Уладзімір Жыгар (былы сілавік, які цяпер у «Белполе»). «Вірус» вядомы праектам OSINT «Фенікс» і «Асцярожна, вірус свабоды». Раней удзельнічаў у праекце «Радыё 97%», пасля выехаў ва Украіну і цяпер жыве там.
«Байпол» сцвярджае, што «Вірусу» злівае інфармацыю ГУБАЗіК.
Пасля звароту Азарава, дзе той заявіў, што сацсеткі «Байпол» захопленыя, пачынаюць выходзіць дзясяткі пастоў у розных каналах, звязаных між сабой, пра тое, што Азараў быццам падазраецца ў фінансавых злачынствах і выехаў з Польшчы ў Італію. А таксама што план «Перамога» створаны супрацоўнікамі ГУБАЗіК. У гэты момант у атаку на Азарава ўключыўся яшчэ і палітолаг Дзмітрый Балкунец, расійскі канал BRIEF і канал «Кіроўцы 97%».
Пазней наратыў пра фінансавае пытанне падхопліваюць групы «Вірус», АШС, Балкунец і Андрэй Суздальцаў. Пасля да атакі падключаецца Валерый Цапкала.
Укіды, накіраваныя супраць Азарава ды Лупаносава, з'яўляюцца на пералічаных вышэй каналах па некалькі разоў на дзень. Расійскі канал BRIEF увогуле абвінаваціў Азарава ў пасадцы самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам.
Атака была накіраваная не толькі на «Байпол» і Аляксандра Азарава, але і на Святлану Ціханоўскую ды дружалюбныя да яе структуры. Маўляў, калі «агент ГРУ» Азараў кіраваў там пытаннямі законнасці ды бяспекі, то і ўсе арганізацыі напоўненыя агентамі.
А 16 чэрвеня падключаецца канал «Мінская сямібаяршчына». У допісе Азараву закідаецца агентурная праца, а Святлану Ціханоўскую папракаюць у тым, што яна пакрывае агентуру Лукашэнкі.
«Байпол» лічыць, што адным з аўтараў канала можа быць 43-гадовы Анатоль Котаў.
Ён скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў. Пасля працаваў дзяржслужачым — у МЗС, Адміністрацыі Лукашэнкі, Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, НАК, быў намеснікам дырэктара фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў» у 2019-м. Звольніўся 18 жніўня 2020-га праз нязгоду з палітыкай Лукашэнкі. Котаў блізкі да Цапкалы і Балкунца, з'яўляецца адным з заснавальнікаў Форуму дэмакратычных сілаў, які праводзіў Цапкала.
Адзначым, што праўладныя медыя называлі аўтарамі канала Генадзя і Іллю Шчарбініных. Гэта сын і бацька, якіх у Беларусі вінавацяць у раскраданні маёмасці, а менавіта — прысабечванні 207 тысяч еўра ў акцыях «Нафтана». Абодва атрымалі прытулак ва Украіне, але публічнай дзейнасці не вядуць.
9 ліпеня АШС апублікаваў даведку-аб'ектыўку з асабістай справы Азарава, якая захоўвалася ў МУС. «Байпол» лічыць, што АШС атрымаў гэтую інфармацыю ад беларускіх спецслужбаў.
Нагадаем, раней АШС заяўляў, што ўзламаў сервер лукашэнкаўскага медцэнтра. «Наша Ніва» засумнявалася ў гэтым. Пасля гэтага на наш сайт пачалася DDoS-атака.
Праз пару дзён з намі звязаліся калегі з «Альянса расследавальнікаў Беларусі» (АРБ), якія расказалі пра тое, што АШС перадаў ім большы архіў інфармацыі. Яны паказалі нам іншыя службовыя дакументы — дакладныя запіскі і медыцынскія дакументы іншых асобаў.
Такім чынам, імаверна, АШС сапраўды мае шмат дакументаў, але няма доказаў, што гэта вынік узлому, а не гульня беларускіх ці расійскіх спецслужбаў.
10 чэрвеня АШС абвесціў папярэднюю атаку на «Белсат» — нібыта за тое, што той дае выказвацца Азараву. Да гэтага, 25 мая 2023-га яны атакавалі «Еўрарадыё» за непахвальны водгук на іхнюю дзейнасць у эфіры.
У выніку «Байпол» лічыць, што атака на іх і Азарава была праведзеная сумесна беларускімі і расійскімі спецслужбамі.
На думку байполаўцаў, яны скарысталіся ўнутранымі праблемамі ў арганізацыі і пачалі праз свае крыніцы і рычагі разгойдваць сітуацыю, ужываючы прыёмы прапаганды і ўкідваючы праз каналы лжывыя звесткі пра чальцоў арганізацыі.
Станіслаў Лупаносаў у відэа сцвярджае, што гэтую здагадку як імаверную ім пацвердзілі і ўкраінскія спецслужбісты.
«Наша Ніва» папрасіла каментар у супрацоўнікаў «Белпол» — што яны думаюць пра ролю АШС у падбухторванні і паглыбленні ўнутранага канфлікту ў тагачасным «Байполе», які ў выніку раскалоўся на «Белпол» і «Байпол».
«Мы не маем ані жадання, ані магчымасцей каментаваць так званы «канфлікт», які так падабаецца журналістам. Калі ласка, больш з такой нагоды не турбуйце нас», — адказалі «Нашай Ніве» ў «Белполе».
Уся гэтая сітуацыя паказвае, як спецслужбы стараюцца выкарыстаць любыя ўнутраныя праблемы ў апазіцыі для яе аслаблення і стварэння расколаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Спасылкі на тое, што гэткую сур'ёзную арганізацыю, як Байпол, здолела дыскредытаваць і раскалоць атака сумнеўнай Семібаяркі, памыйных каналаў Віруса і палітычны монстр Суздальцаў - прагучалі несур'езна.
Сапраўднымі дыскрэдытуючымі фактарамі сталі дасягнуўшыя крытычнага ўзроўню сумневы ў існаванні плана Перамога, адсутнасць доказаў актыўнасці ўнутры краіны, павольны сыход з байпол задоўга да "атакі" ягоных заснавальнікаў кшалту спадароў Астаповіча і Талерчыка і неўдалая рэакцыя спадара Азарава на пытанні СМІ, калі крызіс стаў відавочным.
У якасці вынікаў сваёй працы байпол заяўляе саўдзел у акцыі ў Мачулішчах. Але калі гэта сапраўды так - то байполу нічога не пагражае, бо ягоны галоўны актыў - падполле, нікуды не знік, і яно яшчэ сябе праявіць.