Некаторыя лічаць, што вяртацца ў Беларусь праз Расію больш бяспечна. На самалёце праз Маскву, аўтобусе ці цягніку. Сузаснавальнік ініцыятывы By_help Аляксей Лявончык дзеліцца ў фэйсбуку назіраннямі, ці так гэта насамрэч.
«Пра дарогу з Масквы на Мінск лепш за ўсё сведчыць выпадак Дзіяны Лаўрыновіч. З Беларусі не было ніякіх сігналаў. Мяжу па зямлі з Расіі дзяўчына праехала без праблем. А потым па яе прыйшлі. Чаму? Бо на мяжы прасканавалі ёй пашпарт», — разважае Лявончык.
Пра палёты ён заўважае, што спецслужбы ўсё адно маюць доступ да баз PNR (Passenger Record Number).
Што да цягніка з Масквы ў Мінск, то чалавек падае даныя пашпарта пры пакупцы білета.
«Калі насупраць вашага імя стаіць сцяжок, то прыняць вас — пытанне часу. Гэта адбудзецца праз дзень, праз два, праз тры, каб не рабіць цырку на вакзале. Але адбудзецца. Калі вы ў базе», — лічыць Лявончык.
«Ніхто таксама не адмяняў такой рэчы, як геатрэкінг, — дадае ён. — Калі нумар вашай роўмінгавай мабілы вядомы, то адтрэкаць рух яе па белсетцы — пытанне да тэхналогій 2003 года. Гэта калі раптам нехта думае, што можна выратавацца, не перастаўляючы сімку».
Каментары