«Таго, што я зафіксаваў, ужо немагчыма знайсці. Было і не стала». Круглянскі настаўнік больш за 40 гадоў збірае асаблівасці мясцовай гаворкі
У Выдавецкім доме «Звязда» рыхтуецца да друку грунтоўная праца круглянскага настаўніка Алега Галаўкова з райцэнтра Круглае на Магілёўшчыне, куды ўвойдуць словы, фразеалагізмы, прыпеўкі і трапныя выразы Круглянскага краю. У размове з карэспандэнтам «Звязды» Алег Галаўкоў падзяліўся сваімі разважаннямі, планамі і сакрэтамі.
Алег Галаўкоў — заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, выдатнік адукацыі, настаўнік-метадыст. Ён выкладае ў Круглянскай сярэдняй школе № 1 рускую мову і літаратуру і асобна рыхтуе моцную каманду з вучняў для выступлення на раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах.
Але паралельна сур'ёзна даследуе асаблівасці гаворак Круглянскага краю, якіх лепей за яго ніхто не ведае.
Паміж Смагілаўкай і Загаранамі
Два населеныя пункты ў Круглянскім раёне — і цалкам два розныя светы. Алег Галаўкоў можа прывесці шмат доказаў, бо менавіта з гэтых населеных пунктаў і пачалося яго даследаванне краю.
Смагілаўка — гэта яго радзіма, вёска, якая на поўдні Круглянскага раёна мяжуе з Бялыніцкім. Яе, ды яшчэ найбліжэйшыя да малой радзімы Шапялевічы і Боўсевічы, ён характарызуе як Запарожскую сеч, вольніцу з бойкамі, дзе жывуць людзі шырокія, разбітныя. Быццам прыгоннага права на іх не было. З дзецьмі там не сюсюкалі, бацькі працавалі, і дзеці таксама.
А вось Загараны, да якіх усяго 30 кіламетраў на поўнач раёна, больш інтэлігентныя. Там у людзей іншыя манеры, паводзіны.
«Гэтыя назіранні, напэўна, і сталі першым штуршком да маіх даследаванняў, — прызнаецца суразмоўца. — Калі я ў 1978 годзе прыйшоў працаваць настаўнікам у загаранскую школу, вельмі адчуў гэты кантраст з маёй малой радзімай.
Хоць цікавасць да навакольнага свету цеплілася з дзяцінства, падабалася чытаць кнігі, жыць традыцыямі бацькоў, унікаць ва ўсё народнае. А як прыехаў працаваць, усё зварухнулася з месца.
Мне трапіў у рукі «Краёвы слоўнік Магілёўшчыны» Івана Бялькевіча, і ад яго павеяла даўніной, духам Беларусі, што звязана са светам бацькоў. Гэта сёння адзіны падобны слоўнік на Магілёўшчыне. Я пачаў супастаўляць Горацкі і Касцюковіцкі паўднёва-ўсходнія раёны з нашымі паўночнымі Бялыніцкім і Круглянскім і зразумеў, што яны абдзеленыя ўвагай даследчыкаў.
Паступова пачаў рабіць свае першыя запісы. Пасля так уцягнуўся, што стаў актыўна працаваць у гэтым кірунку.
Носьбітаў вылучаў па гаворцы. Пачуў нестандартнае слова — і адразу ж бліжэй да гэтага чалавека, распытваю яго, запісваю. Так пакрысе і матэрыял назапасіўся.
Ездзіў па вёсках, прыслухоўваўся, хто што гаворыць. Убачу старога, падсяду да яго на прызбе і толькі паспяваю занатоўваць.
Напрыклад, у Смагілаўцы кажуць «бічук» і ўсе разумеюць. У Загаранах толькі плячыма паціскаюць. А гэта парастак сасны, такая смаката — словамі не перадаць. І такіх слоўцаў у нас шмат.
Чым мы больш захаваем нашага спрадвечнага, тым багацейшыя будзем. І замежныя словы не спатрэбяцца.
Прага да пазнання краю прымушала зрывацца ў вольны час і ехаць па вёсках. Засталося шмат успамінаў пра тыя вандроўкі.
У Любішчах, напрыклад, жылі стараверы. Чвэрць стагоддзя таму там быў яшчэ цалкам іншы свет. Мужчыны з бародамі, жыхары на рускай размаўляюць. Потым разбурылася вёска, і гэты асаблівы свет знік. А Эсьмоны раней лічыліся яўрэйскай вёскай. Дыхтоўныя домікі, прыгожыя вуліцы, брукаванка. Куды ўсё падзявалася?»
Жыццё цячэ і змывае цэлыя пласты народнай спадчыны, так хочацца выхапіць з гэтай плыні самае дарагое сэрцу і галоўнае. Разам з лексічным багаццем Алег Галаўкоў збіраў і ўнікальныя народныя рэчы, зробленыя рукамі жыхароў. І знаходзіў, што і тут таксама шмат адрозненняў.
У лясной Смагілаўцы, напрыклад, кашы былі квадратныя, плеценыя з сасны, а ў Загаранах — круглыя. У першай вёсцы прыпасы на зіму захоўвалі ў стопках у лесе, у другой — у скляпах. А грыбы, якія мы ведаем пад назвай зялёнкі, у Смагілаўцы называлі «славянкі».
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі на Кругляншчыну хлынулі перасяленцы з пацярпелых раёнаў, Алег Галаўкоў заўважыў, што практычна на яго вачах свет быццам бы перамяніўся. Амаль зніклі носьбіты той мовы, якая была, і пачаўся новы перыяд.
«Мовы маіх бацькоў ужо няма, яна знікла на разломе эпох, — разважае настаўнік. — Тое, што я зафіксаваў, ужо немагчыма знайсці. Было і не стала.
Калі б мы гэта да дзяцей даносілі, мы б не страчвалі традыцый. Чым больш ад папярэдніх пакаленняў возьмем, тым багацейшыя будзем. Калі я запісваў словы, я вяртаўся ў дзяцінства, адчуваў радасць, той дух, энергетыку. Праўду кажуць, што праз слова можна ажывіць былое».
Рукапісы не гараць
Першыя свае матэрыялы даследчык адправіў на так званую атэстацыю ў Акадэмію навук. На той час вучоным сакратаром там быў Павел Міхайлаў. Ён і натхніў маладога настаўніка працаваць далей у абраным кірунку.
А потым Галаўкова падтрымаў пісьменнік, фалькларыст, этнограф Фёдар Янкоўскі. Малады настаўнік пабываў у яго ў гасцях і канчаткова пераканаўся, што займаецца патрэбнай справай, бо ўжо не сумняваўся, што ад жывога народнага слова ўсё і пайшло.
У 1992 годзе частка рэдкіх слоў, якія запісаў Алег Галаўкоў, была надрукавана ў зборніку разам з іншымі падборкамі з усёй Беларусі.
Калі чалавек займаецца добрай справай, яму Бог дапамагае. Аднойчы ў доме Галаўковых успыхнуў пажар ад кароткага замыкання, пагарэла шмат кніг, але карткі з даследчымі запісамі засталіся. Пры ліквідацыі пажару іх струменем вады вынесла ўбок. На картках былі тыя словы, прыклады, фразеалагізмы, што ўвойдуць у кнігу, якая рыхтуецца да друку. Хто пасля гэтага скажа, што рукапісы гараць?
Зямля крывічоў
Алег Галаўкоў кажа, што Круглянскі раён разам з Бялыніцкім і Крупскім, што на мяжы з Мінскай вобласцю, нездарма называюць малым Палессем.
Круглянскі раён мяжуе яшчэ і з Віцебскай вобласцю, ад яго да Друцка, цэнтра былога Друцкага княства, рукой падаць. Усё гэта прарадзіма крывічоў, тут шмат іх курганоў. Тут жа праходзіў шлях «З варагаў у грэкі».
Настаўнік застаў цікавую традыцыю, якой, па яго меркаванні, некалькі тысяч гадоў. Свята называлася «На Івана».
«Яно нам ад крывічоў дасталася, — кажа ён. — Нечым нагадвае Радаўніцу, калі людзі на могілках радавымі кланамі садзяцца. А гэта была трызна крывічоў, ачышчэнне. Адзначалася заўсёды 7 ліпеня, пасля Купалля. І месцам для гэтых сустрэч было знакамітае возера Хотамле.
Пасля поўдня з усіх бакоў Круглянскага, Бялыніцкага, Крупскага раёнаў пешшу або на калёсах ішлі і ехалі маладыя і старыя, апранутыя ў святочнае адзенне. У 1970-я гады гэта была звычайная з’ява.
Тысяча азёр у Беларусі называюцца святымі, але гэта па-сапраўднаму святое. Вакол яго курганы крывічоў. Людзі палілі вогнішча, сядзелі радамі, спявалі народныя песні, паміналі продкаў. Вада з возера захоўвалася год. Бацька казаў, што да вайны там была кладка і стаяла капліца. А ў XVII стагоддзі магнаты з Польшчы ездзілі сюды лячыцца.
У 80-я гады мінулага стагоддзя традыцыя стала знікаць. Сёння пра яе памятаюць толькі некаторыя старажылы… Было б цудоўна гэта свята аднавіць, такога няма ва ўсёй Беларусі. Гэта ўнікальна.
І месца для яго правядзення прыгожае. Да возера з усіх бакоў вядуць дарогі, як прамяні сонца. У Боўсевічах раней была яшчэ і святая крыніца. І каля яе маліліся, каб потым ісці на возера.
Свята можа стаць усебеларускім. Кругляншчына, лічы, цэнтр Друцкага княства. Ад нас Друцк за 8 кіламетраў.
Make Palessie sexy again. Беларуская айцішніца з Новай Зеландыі расказвае пра гаворку і звычаі сваёй роднай вёскі
«Наш гісторык кажа, што беларускай нацыі не існуе». Тыктокер, які няўдала паразважаў пра беларускую мову, патлумачыў, чаму так зрабіў
У Слуцку ўсё па-людску. Мясцовая журналістка расказала, як перайшла на беларускую мову і як на гэта рэагуюць случчакі
Каментары