Майка з «Тытанікам» і балоневыя касцюмы. Як беларусы апраналіся ў 90-я
Многія з гэтых рэчаў ужо зніклі з гардэробаў, але тады былі вяршыняй стылю.
Дзевяностыя ў Беларусі былі ўнікальным часам: пакрысе зараджалася прадпрымальніцтва і ў краіну хлынулі патокі «чаўнакоў» — у іх клятчастых торбах да нас прыязджалі першыя замежныя рэчы. Дзеля абновак беларусы адпраўляліся на рынкі і былі гатовыя ў любое надвор'е прымяраць адзенне, стоячы на кардонцы. Зрэшты, да яго ішоў бонус: прадаўцы адсыпалі пакупнікам кучу кампліментаў і ўсялялі ўпэўненасць, што тыя выглядаюць на ўсе сто.
Вось што можна было сустрэць у гардэробах моднікаў 90-х
Джынсы Mawin. На постсавецкай прасторы сапраўдную назву маркі перарабілі на свой лад — іх называлі «мальвінамі». Марка была адносна даступнай альтэрнатывай такім брэндам, як Levi's і Montana. Тыя, для каго і «мальвіны» былі раскошай, рабілі прасцей — набывалі джынсы у «сэкандзе» і прышывалі на іх фірмовы ярлычок.
Шырокія плечы. Пасля падзення жалезнай заслоны плады сэксуальнай рэвалюцыі, распачатай на Захадзе яшчэ ў 80-я, дакаціліся і да Беларусі. Так, у жаночым гардэробе з'явілася адзенне з гратэскавымі плячыма. Рэчы, аздобленыя паралонавымі падплечнікамі, казалі пра жаночую сілу і самастойнасць. Але трэнд на маскуліннасць пратрымаўся нядоўга і ўжо да канца дзесяцігоддзя сышоў на нішто.
Спартыўныя касцюмы з балоневай тканіны. У пачатку 90-х такія насілі і мужчыны, і жанчыны. Шчасліўчыкі, у якіх атрымлівалася займець запаветны гарнітур, не звярталі ўвагі на памер: калі рэчы былі занадта вялікія, іх карацілі або падварочвалі. Часцей за ўсё спартовая двойка была яркіх колераў з адным абавязковым элементам — кантрастнай устаўкай у форме трыкутніка на вятроўцы. У канцы дзесяцігоддзя балоневыя касцюмы змяніліся сінтэтычнымі «адыдасамі» і шматлікімі падробкамі пад іх.
Майкі з «Тытанікам» — трэнд, які з'явіўся ў канцы мінулага стагоддзя. У 1997 годзе, калі на экраны выйшаў оскараносны фільм пра гібель лайнера, усё літаральна «захварэлі» на тытанікаманію. Асаблівай папулярнасцю карысталіся майкі з галоўнымі героямі — Джэкам і Розай. Хутка мода на іх сышла ў нябыт, але пытанні, чаму Роза не пасунулася і ці вытрымалі б злашчасныя дзверы дваіх, трывожаць пакаленне 90-х дагэтуль.
Фланелевыя кашулі. Яшчэ адна рэч унісэкс, мегапапулярная ў той час. З нагоды дэфіцыту, пра памер думаць не даводзілася, таму часта такую кашулю насілі ў фармаце аверсайз. Прынт у клетку лічыўся самым модным.
Каляровыя ласіны. Мода на гэтую рэч трымалася з 80-х, праўда, тады ласіны маглі сабе дазволіць адзінкі. Калі ў Беларусі з'явіліся першыя кітайскія мадэлі, модніцы ладзілі на іх сапраўднае паляванне. Бывала, што кіслотныя ласіны прывозілі з-за мяжы — напрыклад, з нядаўна аб'яднанай Германіі ці ЗША.
Швэдры BOYS. Крутыя хлопцы насілі швэдры з надпісам BOYS. Іх надзявалі на кашулю — каб трошкі выглядаў каўнерык. Камплект дапаўнялі джынсамі і скураным рамянём. Як і сёння, дзяўчаты 90-х таксама запазычвалі мужчынскія рэчы, таму швэдры BOYS з'яўляліся і ў іх.
Бандыцкі стыль. Калі гаворка зайшла пра мужчынскую моду, нельга не адзначыць стыль «браткоў». У 90-я арганізаваная злачыннасць у Беларусі расцвіла пышным цветам. Што насілі ўдзельнікі беларускіх злачынных груповак, мы падрабязна апісалі ў гэтым артыкуле.
Пакеты. Аксесуар, каштоўнасць якога не зразумеюць людзі, маладзейшыя за трыццаць. Пластыкавы пакет лічыўся рэдкасцю: ім ганарыліся, яго даглядалі, мылі і нават падбіралі пад яго астатні аўтфіт. На шчасце, ужо ў сярэдзіне дзесяцігоддзя ў краіне пачалі з'яўляцца танныя турэцкія торбы, якія паступова выцеснілі поліэтыленавы выраб.
Пластыкавыя чокеры. Абавязковы дадатак да майкі з «Тытанікам». Пластыкавы аксесуар прадаваўся на рынках і ў кіёсках. Дарэчы, нядаўна чокеры вярнуліся ў моду. Праўда, у больш якасным выкананні.
Пры ўсёй недарэчнасці, як гэта нам бачыцца сёння, мода 90-х была па-свойму цудоўнай: як мінімум, яна стала сімвалам новага, больш вольнага часу.
Каментары