«У Буданава ёсць цэлая калекцыя такіх ідыёцкіх рашэнняў РФ» — ГУР Украіны пракаментавала абвяшчэнне ў вышук свайго шэфа
Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны назвала абвяшчэнне Кірылы Буданава ў расійскі вышук «чарговым паказчыкам эфектыўнай працы».
Па словах прадстаўніка ведамства Андрэя Юсава, шукаць якую-небудзь логіку ў дзеяннях расійскіх сілавікоў не варта, а чарговае абвяшчэнне ў вышук Кірылы Буданава — гэта падтрымка прапаганды.
«У Буданава ёсць цэлая калекцыя такіх ідыёцкіх рашэнняў РФ. Гэта чарговы паказчык эфектыўнай працы разведкі і Буданава асабіста.
Галоўнае рашэнне наперадзе — гэта рашэнне міжнароднага трыбунала адносна дзеянняў расейскіх вайсковых злачынцаў», — сказаў Юсаў.
У чацвер стала вядома, што Расія абвясціла ў вышук Кірылу Буданава — яго картка з'явілася ў базе даных МУС РФ.
Прычыны не называюцца, хаця яшчэ ў пачатку кастрычніка расійскі СК выстаўляў Буданаву і іншым украінскім вайскоўцам завочныя абвінавачванні ў здзяйсненні тэрактаў.
Раней Расія абвінавачвала кіраўніка ГУР у стварэнні тэрарыстычнай супольнасці, тэракце, учыненым групай асоб і захоўванні зброі і ўзрыўчаткі. У красавіку 2023 года ён быў завочна арыштаваны.
Каментары