Былы дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў выехаў з Беларусі пасля адседжаных сутак
Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, Аляксей Бацюкоў прабыў 15 сутак у Магілёўскім ІЧУ. Па выхадзе ён пакінуў тэрыторыю краіны з-за пагрозы крымінальнага пераследу.
Бацюкова затрымалі падчас аблавы КДБ 5-6 снежня. Аблаву здзейснілі на людзей, якіх сілавікі звязалі з магілёўскім парталам mogilev.media. Пасля брутальнага затрымання ён быў дапытаны супрацоўнікамі КДБ у якасці падазраванага па дзвюх крымінальных справах. Аднак пратакол быў складзены паводле адміністрацыйнага артыкула за лайк у інтэрнэце.
Падчас арышту чэкісты двойчы прыязджалі да Аляксея Бацюкова для допытаў.
Яго прымусілі пры іх тэлефанаваць рэдактару партала 6TV Дзмітрыю Салаўёву. Запіс размовы паказалі на абласным тэлебачанні.
Аляксей Бацюкоў з 2011 года займаў пасаду дырэктара Музея гісторыі Магілёва. Шмат у чым дзякуючы яму ў Беларусь удалося вярнуць Статут ВКЛ і іншыя ўнікальныя артэфакты. У 2012 годзе быў прызнаны «Чалавекам года» па версіі газеты «Наша Ніва».
У студзені 2021 года з Аляксеем Бацюковым не працягнулі працоўны кантракт. Прычынай стала тое, што навуковец выступіў супраць гвалту сілавікоў пасля выбараў 2020 года.
Каментары