У пашпартах, падрыхтаваных беларускай дыяспарай, будуць выпраўленыя няправільныя карты, на якіх памылкова паказаная мяжа паміж Літвой і Беларуссю.
На картах няма Дзевянішскага выступу — кавалак тэрыторыі Літвы, якая ўразаецца ў Гродзенскую вобласць.
Офіс Ціханоўскай і Аб'яднаны пераходны кабінет, як паведамляецца, назвалі гэта «тэхнічнай памылкай» і вырашылі яе выправіць.
Распрацоўшчыкі пашпарта паведамілі «Нашай Ніве», што дызайн быў дасланы правільным, але пры друку ўзнікла тэхнічная праблема праз шырыню мікратэксту, што здараецца нярэдка. Абводка спрасцілася, але тэрыторыя выступа засталася незафарбаванай. Існуе шмат прыкладаў, калі краіны выпускалі пашпарты цэлымі партыямі з памылкамі, добра, што гэтую ўдалося заўважыць і выправіць, дадаюць распрацоўшчыкі.
Адказны за праект пашпартоў прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі заявіў, што афіцыйны дызайн новых пасведчанняў асобы яшчэ не зацверджаны і «памылка будзе выпраўленая», піша LRT.
Мы ўдзячныя ўсім, хто звярнуў нашу ўвагу на гэтую праблему. Мы паважаем міжнародна прызнаныя межы Літвы — блізкага дэмакратычнага партнёра і саюзніка Беларусі», — гаворыцца ў заяве Офіса Ціханоўскай.
Каментары